Лазеры, біятэхналогіі, тэрарызм і гіпергукавыя ракеты: Пентагон ацаніў перспектывы вайны ў 2035 годзе
Дакумент «Адзіная аператыўная прастора 2035» апублікаваў у ліпені Аб'яднаны камітэт начальнікаў штабаў ЗША, каб паведаміць грамадству пра выклікі і праблемы, якія паўстануць перад узброенымі сіламі ў бліжэйшыя 20 год.
Спаборніцтва вялікіх дзяржаў, тэрарыстычна-паўстанцкія рухі і масавыя міграцыі зноў будуць характарызаваць ваенна-палітычную абстаноўку, нагадваючы гады пасля Другой сусветнай вайны і перыяд дэкаланізацыі.
Адначасова будуць распаўсюджвацца новыя тэхналогіі, у тым ліку смяротна небяспечныя.
«Транснацыянальныя злачынныя арганізацыі, тэрарыстычныя групоўкі і іншыя недзяржаўныя пагрозы з вялікай верагоднасцю выкарыстаюць хуткае пашырэнне новых тэхналогій, каб арганізоўваць, фінансаваць і праводзіць складаныя атакі і камбінаваць іх у межах буйных больш працяглых кампаній», — пішуць аўтары даклада.
На перадавой тэхналагічнай вайны будуць лазерная зброя, пошук альтэрнатыўных крыніц энергіі, нана- і біятэхналогіі, стэлс-тэхналогіі, гіпергукавыя ракеты.
«Незразумела, ці змогуць Аб'яднаныя ўзброеныя сілы ЗША адначасова адказаць усім пагрозам з наяўнымі планамі фінансавання, аператыўнымі падыходамі і магчымасцямі. Таму ЗША павінны вылучыць інвестыцыі, якія будуць стрымліваць некаторыя сусветныя пагрозы для бяспекі на прымальным узроўні, а не забяспечыць вялікія выдаткі на тое, каб цалкам іх ліквідаваць», — гаворыцца ў дакуменце на афіцыйным сайце Міністэрства абароны ЗША.
Каментары