Спорт103103

Любоў Чаркашына: Я чытаю Оруэла і была даверанай асобай Лукашэнкі. Адно другому не пярэчыць — вялікая гутарка

Зорная гімнастка, чэмпіёнка Еўропы, прызёрка свету і Алімпійскіх гульняў. Ужо чатыры гады як Любоў Чаркашына не выступае, стала трэнеркай, але ўсё адно прыцягвае да сябе ўвагу СМІ.

Зрэшты, Чаркашына сёння — гэта не толькі трэнер, а, як яна сама сябе апісвае, — «спартовы палітык». Любоў займае пасаду ў беларускім Алімпійскім камітэце і летась нават была даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, але свае палітычныя погляды апісвае як «належнасць да сістэмы Любы Чаркашынай».

У гэтым «Наша Ніва» убачыла нагоду для гутаркі.

Любоў Чаркашына нарадзілася ў Брэсце ў 1987. Бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў 2012, неаднаразовая прызёрка чэмпіянатаў свету ў мастацкай гімнастыцы. Замужам за футбалістам Віктарам Малашкам. Працуе трэнеркай.

Першыя ж словы гімнасткі былі пра тое, што самай няўдзячнай справай яна лічыць размовы, а размовы пра палітыку — тым больш, але ад мікрафонаў яна не хаваецца. Аказалася, пытанне пра дзейнасць у ініцыятыўнай групе ёй задаюць упершыню.

«У час выбарчай кампаніі я насілася, як уджаленая, а ўсім было пляваць, дзе Чаркашына. Толькі потым адзін партал напісаў пра гэта, я хвалявалася, бо сябры маладыя, хочуць вывучыць замежную мову і з’ехаць адсюль, і могуць глядзець коса, але я хачу думаць, што ўсё раблю правільна, — падалася ў шчырасць Чаркашына.

— Час у ініцыятыўнай групе Лукашэнкі я ацэньваю з карысцю: сустрэлася там з пэўнымі коламі, са схемамі, якія працуюць.

Убачыла вялікую колькасць беларусаў, якія вельмі простыя і вельмі добрыя, не жывуць сацсеткамі і інтэрнэтам, і, якія гатовыя гаварыць пра жыццё і праблемы, гэта дарагога варта. Па маім унутраным стане гэта ўдарыла, мала што цяжка выслухоўваць усе просьбы, іх яшчэ трэба вырашыць і данесці. У той месяц я цалкам аддалася дапамозе людзям. Але варта дадаць, што яны разумелі, што я ад спорту: хтосьці банальна шукаў секцыі, куды аддаць дзіця, хтосьці абураўся, чаму тую ці іншую зачынілі. Вось як».

Як кажа Чаркашына, яе кандыдатуру прапанавалі, бо ў нас спартовая краіна і ў прэзідэнцкай гонцы меў быць хтосьці ад спорту. У яе, маўляў, 100 разоў спыталі, ці атрымаецца сумяшчаць працу са спаборніцтвамі.

Але тут мы таксама прыгадалі, што ў адным з папярэдніх інтэрв’ю Любоў казала, што чытае і Оруэла, і Алексіевіч. Ці не замінаў такі літаратурны груз пры рабоце на Лукашэнку?

«Паміж палітыкай і тым, што я чытаю, вялікая розніца. Я не пераплятаю гэта і не блытаю, і я ніколі не баюся гаварыць. Так, часам выслухоўваю ад мужа і сяброў: «Навошта гэта табе трэба было, чаму ты апраўдваешся?». Я скажу, што мне не замінала чытаць Алексіевіч і Оруэла і пры гэтым быць у ініцыятыўнай групе. У «Ферме» мне проста цікавы быў сам механізм, бо людзі не першы раз з гэтым сутыкаюцца. З чым? Вы самі разумееце.

А «Чарнобыльскую малітву» я неўзабаве адклала ў бок, я плакала і зразумела, што я не хачу ведаць такую праўду.

Але, вяртаючыся, гісторыя вельмі цыклічная і тое, што ў маёй галаве, ведаю канкрэтна толькі я. І разважаць, чаму я там аказалася… Адна справа штосьці казаць і нічога не рабіць, а другая — быць у гэтай сістэме і рэальна дапамагаць людзям. Пры гэтым сістэма — гэта сістэма Любы Чаркашынай», — сказала гімнастка і дадала, што кожны раз як праз мясарубку праходзіць, чытаючы пра сябе каментары.

 «Спецыфіка работы — мною цікавяцца, трэба штосьці расказваць, а потым выходзіць гэты артыкул і…

Вельмі страшна, што ў людзях столькі негатыву, як можна столькі выліць на чалавека, калі яго не ведаеш? Чытаеш: «Ай, Чаркашына была даверанай асобай у прэзідэнта, яна мне нецікавая», а калі не была б — то была б цікавая? Некалькі дзён потым залізваю раны».

Чаркашына кажа, што не можа разважаць пра работу чалавека, які кіруе краінай.

«Я згодная з тым, што кожны можа даць яму характарыстыку, але я не хачу. Не таму, што ў мяне яе няма, а таму што не хачу. Як кажуць у спорце — пераможцаў не судзяць, а ён пераможца. Ён робіць максімум, які можа, стараецца рабіць рэчы добра.

З боку спорту — шмат робіць Рыгоравіч, трэба гэта прызнаць. Мала ў якіх краінах застаўся такі кіраўнічы орган, які столькі робіць для спорту.

Напэўна, наш спорт беларускі на гэтым трымаецца, калі Рыгоравіч перастане дапамагаць, то выжывуць толькі самыя лепшыя, агранкі алмазу.

Бо прыватнага фінансавання ў нас вельмі мала. Што датычыць мастацкай гімнастыкі, то мы чакаем свой палац спорту — у Еўропе такога няма, там трэніруюцца ў школьных залах, чаму мы і ў лідарах. Грэх тут скардзіцца, палітыка працуе шыкоўна ў гэтым плане», — мяркуе Чаркашына.

Мы спыталіся тады, ці бачыць яна саму сябе ў палітыцы, бо ўзоры ёсць — Дзевятоўскі, напрыклад, дэпутат. Дык мо і Чаркашынай у «палатку»?

«У мяне ёсць усе перадумовы паспрабаваць, я не кажу, што ў мяне не ўдасца, але пакуль я не паспяваю пажыць для сябе. Да таго ж, я працую ў НАК, таму лічыце, што я ўжо ў палітыцы — спартовай. Калі я туды патрапіла, у першы дзень быў проста шок, настолькі граматна там трэба разважаць. Адзін няправільны рух, слова, пацягне наступствы для ўсёй Беларусі ці гімнастыкі, ты сядзіш і вучышся, таму што тваё эмацыйнае рашэнне загубіць іншыя рашэнні іншых людзей», — падзялілася ўражаннямі ад спартовай палітыкі Любоў. 

Тады ў тэму мы спыталіся, ці правільна дарыць спартоўцам касмічныя сумы за поспехі на Алімпіядах — 150 тысяч даляраў за залаты медаль, 75 за срэбра і 50 за бронзу.

 «Я ў спорт прыйшла проста Любай, — сказала Чаркашына. — А потым я 100 разоў узняла сцяг, прывезла сюды спаборніцтвы, сюды прыехалі іншыя краіны, турысты ўвезлі грошы, напэўна, я магу сябе ацаніць. Хтосьці думае — ну паскакаў ты на батуце, і за гэта атрымаеш такія грошы? Я не магу так сказаць, бо я разумею — у спартоўца няма права на памылку.

Калі ты на заводзе дапусціш брак — гэта максімум вымова, у цябе ёсць сацпакет і гэтак далей. А ў нас такога няма, ты альбо штосьці маеш, альбо нічога. Выпаў з траўмай — далёка не факт, што табе аплоціцца бальнічны. Некаторыя нават аперацыі робяць за свой рахунак. Вы думалі, куды дзяваюцца ўсе тыя чэмпіёны на пенсіі? Колькі іх спілася?»

Датычна ж неадназначнага ўчынка Фомачкіна Чаркашына мае фільтраваны падыход.

«Я не хачу бачыць ва ўчынку Фомачкіна палітыкі, нават калі яна ёсць, якія б мне аргументы не прыводзілі.

Для мяне гэта проста жэст у падтрымку спартоўцаў, які я падтрымліваю — іх і так жыццё пакарала, а тут яшчэ САДА [Сусветнае антыдопінгавае агенцтва] мсціўцам зрабілася», — сказала гімнастка і перайшла да пытання, як жа тады ставіцца да Гуркова, які ўзняўся на п’едэстал Чэмпіянату свету ў саколцы з «Пагоняй».

«Я люблю Віталю [Гуркова], ён мне нядаўна сніўся, — сказала Чаркашына. — Але ёсць, мне здаецца, ў агульнай ідэалогіі простая думка, што мы мусім трымацца пэўных правілаў, калі прэзентуем сваю краіну і кіраўніцтва. Я шмат чытаю і мне падабаецца думка, што мы заслугоўваем тое, што заслугоўваем — я пра ўладу.

І калі спартовец выязджае за мяжу, ён не рэпрэзентуе сябе любімага, а рэпрэзентуе Беларусь — потым толькі кажуць ягонае прозвішча. На вялікай палітычнай арэне я не маю права ставіць палкі ў колы».

«Я сама даўно супакоілася і не рэагую на пытанні пра сцягі і «Пагоню»,

— працягнула Чаркашына. — Ва ўсвядомленым жыцці я выступала і зарабляла пад цяперашнім сцягам. Я памятаю, як мой бацька прадаваў гуму з колаў, каб проста купіць нам паесці, і я памятаю, што такое насіць пасля сястры ўсе рэчы, калі твая маці працуе дворнікам, я памятаю свае 7 гадоў у інтэрнаце, як а 6-й раніцы ехала на трох транспартах да «Дынама», не дазваляла сабе ні таксі, ні смачна паесці.

У гэтай краіне, пад гэтым сцягам я дамагалася чагосьці і дасягнула, трэба падымаць дупу і штосьці рабіць, а не глядзець на сімволіку.

Калі ж будзе новы рэферэндум на гэты конт, то я не ведаю… Але я хачу такія рэферэндумы ў Беларусі, як у Швейцарыі, каб мы вырашалі, ці варта яшчэ вышэй падымаць заробкі».

На гэтым размова перайшла на тэму патрыятызму.

«Памяняць краіну для выступаў я б не магла, у нас нават не заведзена трэнераў мяняць!

Радзіму не абіраюць, я люблю Беларусь ужо толькі за тое, што нарадзілася тут.

Але вось хачу даведацца яе лепш, бо атрымліваецца, што з гэтымі раз’ездамі я Італію ведаю лепш за сваю краіну.

Паеду вось наступным летам на Валожыншчыну, сплаўляцца на байдарках і глядзець на прыроду. У нас жа такая багатая на віды краіна»,

— сказала Чаркашына.

Тут жа мы спыталі ў гімнасткі, кім з землякоў яна натхняецца.

«Калі вы чакаеце, што я скажу «Кастусь Каліноўскі», і мне падабаецца, як ён змагаўся — не.

Я згадваю сваё дзяцінства, як да чагосьці ішла, усё вузкапрофільна сышло ў спорт, усіх куміраў я знаходзіла там, людзей, якія мне падабаліся: як яны працуюць, ставяцца да справы, сям’і. Таму

мае ідэалы інтэрнацыянальныя: гэта Марына Лобач, Лук’яненка, Ляпарская. Колькі яны вынеслі на сваіх плячах! А таксама мяне ўразіла Еўфрасіння Полацкая.

Агулам, у нашай краіне вельмі моцныя жанчыны, можа яны рашэнняў не прымаюць, але спрыяюць, уплываюць. Але і мужыкоў нашых люблю, і недзе шкадую.

Бо некалькі гадоў таму я пайшла ў грамадскую лазню, і выйшла з думкай, што ніколі больш туды не сунуся, каб не слухаць тых жанчын і бясконцыя абзыванні: «а мой такі», «а мой гэтакі». Быўшы мужыком, я б бегла ад такіх, іначай як жыць?

Такое гнабленне не падштурхоўвае мужчын, іх трэба матываваць не «тыканнем», а любоўю і мудрасцю, хай я сама недзе шмат патрабую, але ўсё ж, ты сам абіраеш чалавека, калі ты яго абражаеш — ты і сябе абражаеш. Дзіва што яны тады співаюцца, апускаюць рукі. Словамі Экзюперы, мы адказныя за тых, каго прыручылі», — паразважала Чаркашына і зноў вярнулася да гісторыі.

«Гісторыя Беларусі мне была не вельмі цікавая, так атрымалася, яна была ў маім жыцці толькі ў школе. Можа, да 40 гадоў я і пачну гэтым больш цікавіцца, бо да ўсяго даходзіш з часам. Але ў сістэме адукацыі я б памяняла, як выкладаюць гісторыю Беларусі. Мне ўсё не падабалася — у мяне проста памяць такая, што мне трэба больш цікавыя факты з карцінкамі, а калі падручнік як рэферат — што я нічога не пакідаю, мяне гэта раздражняла, не магу ўхапіцца за цікавую падзею. Толькі зазубрыць і забыць.

Здаецца, Жураўкоў штосьці зменіць, ён добры».

Любоў, дарэчы, вельмі здзівілася, пачуўшы, што гісторыю Беларусі ў нашых школах выкладаюць па-руску. «Як усё запушчана…», — сказала яна і дадала, што ў школьніцтве цяжка размаўляла па-руску.

«Я не ведаю, чаму мы не размаўляем на роднай мове. Я сама магу лёгка —

4 гады правучылася ў беларускім класе, а пасля мы мянялі школу праз спорт, і я памятаю, як стаяла ў першы дзень і не магла ўспомніць, як па-руску будзе «раніца». Не разумела матэматыку абсалютна, не разумела, пра што вы тут усе гаворыце. Прыехаўшы з Брэста ў Мінск, вымаўляла цвёрдыя Г і Ч.

Дый цяпер, толькі прачытаю кнігу па-беларуску, словы з падкоркі вяртаюцца. Я чытала Караткевіча — адна старонка, другая, а потым як па масляных колах.

Асабліва падабалася «Ладдзя роспачы» і герой Гервасій Выліваха — здаецца, ён рабіў жанчын шчаслівымі. А па-беларуску прыгожа гучыць, напрыклад, «практыкаванне са стужкай».

Зрабіць дапаможнік для трэнераў па мастацкай гімнастыцы, каб яны маглі трэніраваць дзяцей па-беларуску — гэта цудоўная ідэя, можа як займуся, на ўсё трэба час.

Дарэчы, я — стваральніца хэштэгу #беларусылепшыя ў сацыяльных сетках.

Колькі сябе памятаю, на трыбунах, калі выступаюць нашыя, я крычала менавіта «беларусы — лепшыя», а не «лучшіе». І сёння забаўна бачыць, як у знак падтрымкі абсалютна незнаёмыя людзі ставяць некалі мой хэштэг», — сказала Чаркашына.

Разам з гэтым, месцамі яе раздражняе беларусізацыя.

 

«Знізу ў нас сусед быў апазіцыянер, цікавыя гісторыі расказваў, добры дзядзька, з павагай ставіўся і да людзей, якія не ішлі ягонай дарогай. І вось калі я бачу, што штосьці мне навязваецца, я гэта не прымаю. Як адзін час было — вечары вышыванкі… Мяне гэта раздражняе! Апрануліся, як ідыёты, аднолькава, лепш бы гэта глядзелася на рыцарскіх баях у Дудутках. Накляпалі прынтаў на майкі і назвалі гэта вышыванкамі? Гэта трэнд? Гэта ж карпатліва выраблялася, такая праца высока цанілася, а цяпер…»

Дарэчы, забіты ва Украіне капелан Алесь Чаркашын таксама з Берасця, як і Любоў, але яны не сваякі.

«Я чула пра такога, тады мне набіралі іншыя людзі з такім пытаннем, калі яго хавалі. Але не, мы не сваякі, — сказала гімнастка. — Для мяне ўвогуле дзікунства — мы такія прасунутыя, разумныя, а ўсё яшчэ высвятляем пытанні кулакамі, зброяй, антычалавечна. Быў момант, я праводзіла зборы ў Амерыцы, і там за адным сталом сядзелі ўкраінцы, расіяне, габрэі. Ну і заўсёды размова закране палітыку, канечне. І пачалі яны адзін пра аднаго такое казаць… Мне страшна — навошта рускія так на ўкраінцаў рэагуюць? А габрэі яшчэ жартуюць, што яны заўсёды крайнімі аказваюцца.

І вось тады я была такой шчаслівай, што я беларуска, што мы нейтральныя».

Скончылі размовы з Чаркашынай мы спортам — яна абазначыла праблемы, якія бачыць і будзе імкнуцца вырашыць.

«У свеце спорт ужо навучыўся зарабляць, у нас яшчэ не.

Трэба ўздымаць спартовы менеджмент. Наш БДУФК на ўзроўні, але там яшчэ ёсць і тыя кірункі адукацыі, якія разыходзяцца ў рэчаіснасцю. І калі выключыць БАТЭ, то, каб зарабляць, былі яшчэ перадумовы ў «Дынама», але колькі грошай у іх уклалі? Вы ў нас столькі ўкладзіце, і мы пачнём. Тое самае бокс і г.д.»

Гімнасткі, кажа яна, зарабляюць «добра» — але гаворка тут не пра некалькі, а ў раёне адной тысячы даляраў.

«Усе хочуць матывацыю рублём, але калі ты штосьці робіш — то і грошы маеш», — кажа Чаркашына.

«Канкрэтна ў гімнастыцы, бывае, звоніш у нейкую школу, спытаць, што ў іх там, а яны для справаздачнасці кажуць, што ў нас з дзясятак трэнераў, сто дзяцей. А па факце яны ўсе там толькі лічацца, ніякага плёну, а пакрыццё ўвогуле на складзе ляжыць — такая сітуацыя ў Брэсце, напрыклад, туды ўвогуле камісію трэба пасылаць. Я цяпер гэтым займаюся.

То, бывае, трэнер ходзіць, перажывае, што мала плоцяць дзяўчатам, а яны ўжо па 10 мільёнаў зарабляюць», — сказала Чаркашына.

І яна вяртаецца да сістэмных пытанняў. Кожныя чатыры гады нашу сістэму хістае, — кажа яна, — мяняецца кіраўніцтва, яму не даюць папрацаваць. Як толькі чалавек пачынае разумець, як працуе сістэма, яго мяняюць. Замест таго, каб рыхтавацца да новых спаборніцтваў, знаёмішся з новым начальствам. А яны таксама знаёмяцца і вырашаюць, а хто такая Ляпарская? А яна мае права без стуку ўваходзіць? Я нават глабальна бачу праблему — трэба, каб кароны не было ў начальства, а больш ініцыятывы. Нават едзеш на работу, а там у будцы шлагбаўма сядзіць круцейшы за прэзідэнта, гэта ж ён вырашае — падняць ці не. Чаму людзі не могуць пагаварыць нармальна?

«Я б змяніла стаўленне людзей адзін да аднаго яшчэ на ўездзе ў краіну — хай беларус пачынаецца з усмешкі, навошта глядзець адзін на аднаго, нібы перад табой крыніца ўсіх тваіх праблем».

Каментары103

Байпол назваў імёны верагодных забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны верагодных забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго4

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы2

Сёння Лукашэнка едзе ў МДЛУ2

Падчас удару Storm Shadow пад Курскам быў паранены паўночнакарэйскі генерал — The Wall Street Journal1

Расія можа мець толькі некалькі такіх ракет, якую яна запусціла па Дняпры12

Як у 2020-м віцябчук выліў вядро вады на зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку

Наколькі эфектыўныя біялагічныя дабаўкі з магніем?3

Мінінфарм забараніў распаўсюджваць у Беларусі 35 друкаваных выданняў. Што за яны — пакуль загадка1

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны верагодных забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны верагодных забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Галоўнае
Усе навіны →