Грамадства6363

Беларускі пашпарт — «аўсвайс», Лукашэнка — «гаўляйтар»: гомельскі блогер праводзіць у Мінску семінары пра тое, што ўсе мы — грамадзяне БССР

У поле зроку «Нашай Нівы» трапіў канал аднаго гомельскага блогера — Яўгена Пупырына: спачатку ён здымаў відэа з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі, потым узяўся за Уладзіміра Пуціна. 

Але якія палітычныя погляды можа адстойваць чалавек, які раздае парады гледачам, як не служыць у войску, «легальна» не плаціць крэдыты, падаткі і ўнёскі у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, як «засцерагчы дзяцей ад самаўпраўнасці дактароў Беларусі, якія робяць ім прышчэпкі»…? — за пашыраныя кансультацыі ён нават бярэ грошы. 

Пупырын, фота са старонкі УКантакце. Нарадзіўся ў Расіі ў 1992 годзе, стала жыве ў Гомелі. 

Як высветлілася, у Беларусі існуе цэлы рух актывістаў, якія лічаць сябе жыхарамі БССР. Свае сходкі яны праводзяць у Мінску, арандуючы залы і запрашаючы ўдзельнікаў праз інтэрнэт. 

І той Пупырын — рухавік «аднаўлення БССР». 

У інтэрнэце можна знайсці шмат відэа з канферэнцый у Мінску, дзе перад аўдыторыяй выступаюць адэпты БССР. Вось адна з іх.

Пра што там расказваюць? 

Першым выступае Пупырын са словам, што «ўсё пачнецца з нас, бо ў Беларусі трэба тры-чатыры гадзіны, каб з любога краю краіны прыехаць у сталіцу, а ў Расіі гэты працэс зацягнецца». 

Кіраўніка краіны пры гэтым называюць «гаўляйтарам», але пераказваць усю прамову Пупырына не мае сэнсу — у агульных рысах ён даводзіць, што «ўсіх падманваюць»: на яго думку, пасведчанне аб нараджэнні, выпісанае да 1991 года, ёсць аўтаматычным грамадзянствам СССР. Калі ж вы нарадзіліся пасля (як сам Пупырын), то пасведчанні аб нараджэнні бацькоў нібыта анулююць вашае беларускае грамадзянства. 

Далей мадэратар сустрэчы перадае слова свайму аднадумцу неахайнага выгляду — «таварышу Аляксандру Бобрыку». 

Бобрык прадстаўляецца «упаўнаважаным па правах чалавека БССР да навядзення на гэтай тэрыторыі канстытуцыйнага ладу» і падкрэслівае, што ён не хацеў прымаць гэтую пасаду, бо «і без яе мае ўладу», але, маўляў, давялося. 

Аляксандр Бобрык, «упаўнаважаны па правах чалавека БССР», дагэтуль працаваў у вадаканале. Скрыншот з іншага відэа

Бобрык адразу пачынае расказваць, што Рэспублікі Беларусь не існуе, дэманструе ён гэта на ўзоры свайго беларускага пашпарта. 

«Пашпарт Рэпублікі Беларусь — гэта аўсвайс [так называўся дакумент, які нацысты выдавалі на акупаных тэрыторыях за часамі Другой сусветнай вайны — «НН»], вы для іх [уладаў] — не людзі. Адкрываем старонку з фота, там пячатка памерам 30 міліметраў замест 40, а такія пячаткі ставяцца на пропускі ці пасведчанні. Значыць, гэта не пашпарт — яго можна выкінуць, а спецпропуск для перасоўвання па часова акупаванай тэрыторыі. Хто яго падпісваў? Я не здзіўлюся, калі гэта робіць прыбіральшчыца», — расказвае «таварыш Бобрык». 

Ён таксама апелюе да «рымскага права», згодна з якім запіс ініцыялаў у беларускім пашпарце азначае, што яго ўладальнік пазбаўлены ўсіх правоў.

Вішанька на торце бобрыкаўскіх разваг — парада, як засцерагчыся ад хваробаў.

«Як мы захворваем? Я патлумачу на сабе: я выходжу на вуліцу, а вірусаў там вельмі шмат. Глядзіце, да мяне падлятае вірус і пытаецца: «Ві — рус?». «Я — рус», адказваю. І ён далей пайшоў, мяне не чапае. А калі ты не рус — то прывітанне, дарагі! Гэта дзейнічае», — кажа ён.

Бобрык запэўнівае, што дзякуючы ягоным лістам з пасады знялі Марыяну Шчоткіну і Аляксандра Косінца. І тлумачыць, што Камітэтам дзяржаўнай бяспекі насамрэч кіруе сын Аляксандра Лукашэнкі. 

«Супраць нас вядзецца вайна, і мы як грамадзяне аплачваем гэта. Яны рыхтуюцца за нашыя грошы і вядуць вайну», — кажуць адэпты БССР. Яны раяць прысутным не прызнаваць сваё беларускае грамадзянства, а называць сябе грамадзянамі СССР: «як тады яны з вас штосьці спагоняць, калі вы не грамадзянін фірмы пад назвай Рэспубліка Беларусь?».

Пупырын пры гэтым расказвае гісторыю, як не плаціў крэдыт за тэлефон, а «таварыш Бобрык» — як пазбегнуў нейкіх працэдур у ваенкамаце. Пупырын дадае, што ўсе дакументы ў Беларусі — падробныя, а суддзі — нелегітымныя.

Гэтыя актывісты называюць «аднадумцам» экс-выкладчыка БДУ Андрэя Іванова, які адзначыўся тым, што нейкі час чытаў лекцыі беларускім ідэолагам пра масонскую пагрозу.

Чытайце таксама: «З 1991 года наша краіна акупаваная». У інтэрнэт трапіла шакуючае ВІДЭА семінара для беларускіх ідэолагаў

Застаецца незразумелым, чаму, напрыклад, каб арганізаваць у сталіцы сустрэчу з нацыянальна-арыентаваным гісторыкам, трэба прайсці пільны кантроль, а шарлатаны, якія адмаўляюць дзяржаўнасць краіны, у якой жывуць, робяць гэта лёгка. 

Каментары63

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта5

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Усе навіны →
Усе навіны

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў3

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

За тры гады ва Украіне стала на 300 тысяч больш людзей з інваліднасцю4

У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка з удзелам каліноўцаў6

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы20

Трамп вызначыўся з кандыдатурай спецпасланніка ЗША па Украіне. Украінцам ягоны выбар не спадабаецца13

«Раз’ятрана церабіўся». Новыя пераклады з габрэйскай і польскай выклікаюць, хутчэй, пытанні3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта5

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Галоўнае
Усе навіны →