Беларусь упершыню за 20 з лішнім гадоў вылучае сваю карціну на «Оскар». Пра гэта стала вядома 30 чэрвеня падчас сусветнай прэм'еры фільма Дар'і Жук «Крышталь» на кінафестывалі ў Карлавых Варах. Стужка будзе прэтэндаваць на ўзнагароду ў катэгорыі «Найлепшы замежны фільм».
Навіной падзялілася рэжысёр на сваёй старонцы ў Facebook, піша tut.by.
Дзеянне карціны адбываецца ў 90-я гады ў Беларусі. Маладая дзяўчына-дыджэй марыць з'ехаць у Амерыку, але робіць памылку ў заяве на візу. Цяпер яна вымушаная правесці тыдзень у невялікім завадскім мястэчку, каб не пазбавіцца шанцу на выкананне сваёй «амерыканскай мары». У фільме паказана панарама жыцця 90-х: моладзевыя падпольныя рэйвы, стыхійныя рынкі, мары маладых людзей пра эміграцыю і жыццё застылай ў часе правінцыі.
Здымкі фільма цалкам праходзілі ў Беларусі. Карціна створана ў сумеснай вытворчасці кінакампаній Беларусі, ЗША, Германіі і Расіі. Над фільмам працавала міжнародная здымачная група, галоўныя ролі ў стужцы выканалі расійскія акцёры Аліна Насібуліна, Іван Мулін, актрыса Купалаўскага тэатра Святлана Анікей.
Яшчэ на этапе вытворчасці фільм прыцягнуў увагу замежных кинапрафесіяналаў. «Крышталь» быў прадстаўлены ў рамках міжнародных фестываляў у Нью-Ёрку (ЗША), Котбусе (Германія) і Таліне (Эстонія). На апошнім праца Дар'і Жук атрымала прыз за найлепшы кінапраект.
Рэжысёр Дар'я Жук нарадзілася ў Мінску, вучылася і жыве ў ЗША. Скончыла Гарвардскі і Калумбійскі універсітэты, працавала на канале HBO, зняла некалькі кароткаметражных фільмаў, якія сталі ўдзельнікамі і лаўрэатамі міжнародных кінафестываляў. Адзін з іх, «Сапраўдная амерыканка», быў адзначаны дыпломам Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» у 2015 годзе.
53-і міжнародны кінафестываль у Карлавых Варах праходзіць з 29 чэрвеня па 7 ліпеня. У апошні раз Беларусь была прадстаўлена ў конкурснай праграме фестывалю ў 2004 фільмам «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі.
Выхад фільма «Крышталь» у Беларусі чакаецца 30 жніўня.
Нагадаем, што ў 1994 Беларусь вылучала на «Оскар» карціну «Я - Іван, ты - Абрам» рэжысёра Іяланды Зоберман, а ў 1996 - фільм «З пекла ў пекла» Дзмітрыя Астрахана. З таго часу ніводзін фільм не вылучаўся краінай на «Оскар».
Каментары