Міністэрства ўнутраных спраў выклала на сваім Ютуб-канале неадназначны відэаролік. У ім 16-гадовы падлетак выбачаецца перад скульптурай гарадовага, якая стаіць на вуліцы Гарадскі Вал ў Мінску, і перад міліцыянтамі.
Па словах міліцэйскага інструктара Генадзя Кашалюка, ён з напарнікам ехаў па Гарадскім Вале на службовай машыне. Міліцыянты заўважылі, як падлетак даў помніку поўху і пайшоў далей.
«Малады чалавек у скачку нанёс адзін удар мінскаму гарадавому. Пасля чаго дадзенага правапарушальніка затрымалі, апыталі, склалі адміністратыўны пратакол і перадалі супрацоўнікам Маскоўскага РАУС Мінска», — расказвае Кашалюк.
Пасля на відэа «правапарушальнік» Арсень, вучань аднаго з ліцэяў сталіцы, раскайваецца, што прычыніў шкоду скульптуры.
Паводле інфармацыі МУС, на хлопца склалі пратакол за хуліганства. Варта ўдакладаніць, што гарадавы — гарадская скульптура, а не помнік.
Скульптура гарадавога была ўсталяваная ў Мінску ў 2017 годзе. Гэта вобраз праваахоўніка часоў Расійскай імперыі.
Неўзабаве анархіст Вячаслаў Касінераў правёў перформанс — накінуў пятлю на шыю гарадавому. На актывіста была заведзена крымінальная справа за хуліганства. У выніку Касінераў быў аштрафаваны, хоць спачатку адседзеў больш за месяц у следчым ізалятары.
Чытайце таксама. Алесь Марачкін напісаў саркастычны верш пра помнік гарадавому
Чытайце таксама. Ліст чытача: Гаспадара сабакі, які пасікаў на cкульптуру гарадавога, ледзь не затрымалі за знявагу помніка
***
Публічныя прабачэнні сталі асабліва «папулярнымі» ў Чачні. Жыхары рэспублікі, якія нейкім чынам крытыкавалі мясцовую ўладу, на камеру прыносілі прабачэнні Рамзану Кадыраву.
Каментары