Здароўе22

Як алкагалізм і дэпрэсію лечаць «чароўнымі грыбамі» і ЛСД

Амэрыканец Майкл Полан піша пра гэта ў сваёй кнізе «Як зьмяніць свой розум: Якія ўрокі пра сьвядомасьць, паміраньне, залежнасьць, дэпрэсію і трансцэндэнтнасьць нам даюць новыя дасьледаваньні псыхадэлікаў», паведамляе Радыё Свабода.

Амэрыканскі публіцыст Майкл Полан стаў знакамітым, дзякуючы сваім кнігам пра харчаваньне. Ягоная «Дылема ўсяяднага» трапіла ў шматлікія рэйтынгі папулярнасьці, а брытанскае выданьне The Guardian сёлета паставіла яе ў сьпіс 100 найлепшых кніг 21-га стагодзьдзя.

Але апошняя ягоная кніга не зусім пра ежу — хоць ладная яе частка прысьвечана грыбам. Полан вывучаў тое, як сучасныя навукоўцы выкарыстоўваюць псыхадэлічныя рэчывы, — ЛСД і псыляцыбін — каб дапамагчы сьмяротна хворым на рак, а таксама пацыентам, якія пакутуюць ад дэпрэсіі, залежнасьцяў і трывожных разладаў.

Партрэт швайцарскага хіміка Альбэрта Гофмана, які сынтэзаваў ЛСД, на выставе «ЛСД, 75 гадоў праблемнаму дзіцяці» ў Нацыянальнай бібліятэцы Швайцарыі ў Бэрне, 21 верасьня 2018

Акрамя цяперашніх дасьледчыкаў, Полан гутарыў з мноствам людзей, якія займаліся навуковым вывучэньнем псыхадэлікаў яшчэ ў 50-я і 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Ён паспрабаваў адказаць на пытаньне, чаму, нягледзячы на даволі пасьпяховыя вынікі ў экспэрымэнтах і тэрапіі, гэтыя рэчывы на доўгі час трапілі пад татальную забарону, нават у лябараторыях.

І ўрэшце да кнігі дадаўся вельмі асабісты разьдзел — аўтар, якому было ўжо за 50, вырашыў атрымаць новы досьвед і дасьледаваць узьдзеяньне псыхадэлікаў на сабе.

Як псыхадэлікі ўзьдзейнічаюць на мозг чалавека?

І ЛСД, і псыляцыбін, які ўтрымліваецца ў некаторых грыбах, структурай нагадваюць нэўрамэдыятар сэратанін, які натуральным чынам выпрацоўваецца ў арганізьме чалавека. ЛСД можа ствараць нават мацнейшыя, чым сэратанін, сувязі зь некаторымі рэцэптарамі ў кары галаўнога мозгу.

Рэцэптар 5-HT2A. ЛСД можа ствараць нават мацнейшыя сувязі зь ім, чым сэратанін

Дасьледнікі з Імпэрскага каледжу Лёндану сканавалі мозг удзельнікаў экспэрымэнту, якія прымалі дозу псыляцыбіну. Яны пабачылі, што ў тых, верагодна, актывізуюцца новыя нэўронныя сувязі, але пры гэтым зьніжаецца актыўнасьць так званай сеткі пасіўнага рэжыму працы мозгу (default mode network, DMN).

Мозг чалавека, які прыняў псыляцыбін (справа) і пляцэба, нэўтральнае рэчыва, якое даюць частцы ўдзельнікаў экспэрымэнту (зьлева). Ілюстрацыя з кнігі

Навукоўцы вылучылі гіпотэзу, што менавіта DMN фільтруе большую частку інфармацыі, якая трапляе ў мозг. Гэтая сетка дапамагае рабіць эфэктыўныя прадказаньні зь мінімальнай інфармацыі, выкарыстоўваючы ранейшы досьвед.

Такая здольнасьць аўтаматычна выбудоўваць прадказальнае цэлае з кавалачка часам падманвае чалавека. Да прыкладу, у візуальным экспэрымэнце большасьць людзей схільныя бачыць нават увагнутую маску як выпуклы твар.

Паводле дасьледнікаў, на псыхалягічным узроўні DMN можна ў нейкай ступені атаясамліваць з такімі канцэпцыямі як «эга» і «я».

Зьніжэньне актыўнасьці DMN дапамагае адключыць фільтры і на некаторы час вярнуць мозг у «дзіцячы» стан, калі ўспрымаецца больш «сырой» інфармацыі. А новыя нэўронныя сувязі ствараюць нечаканыя эфэкты — у тым ліку сынэстэзію, калі колеры робяцца гукамі, а гук можа ўспрымацца як дотык.

Мозг удзельніка экспэрымэнту, які прыняў ЛСД (справа) і пляцэба (зьлева) на здымках, зробленых з дапамогай магнітна-рэзананснай тамаграфіі дасьледнікамі з Імпэрскага каледжу Лёндану.

Каму могуць дапамагчы псыхадэлікі?

ЛСД і псыляцыбін небясьпечныя для людзей са схільнасьцю да шызафрэніі і псыхозу, бо на нейкі час разбураюць структуру асобы. Але такое часовае разбурэньне можа прынесьці нечакана пазытыўныя вынікі, калі ў чалавека выпрацаваліся ўстойлівыя схемы дэструктыўных думак і паводзінаў.

Яшчэ ў 1950-я гады ў канадзкай правінцыі Саскачэван стварылі пасьпяховую праграму лекаваньня алькаголікаў з дапамогай ЛСД. Падобныя экспэрымэнты праводзіліся і ў ЗША, а адзін з заснавальнікаў таварыства «Ананімныя алькаголікі» Біл Ўілсан прапаноўваў выкарыстоўваць ЛСД-тэрапію, каб дапамагчы людзям пазбавіцца ад алькагольнай залежнасьці.

Мэтааналіз шасьці дасьледаваньняў з 1960-х і 1970-х у ЗША і Эўропе, праведзены ў 2012 годзе навукоўцамі Нарвэскага ўнівэрсытэту навукі і тэхналёгіі, паказаў што аднаразовае ўжываньне ЛСД у кантэксьце тагачасных праграм лекаваньня алькагалізму давала статыстычна значны пазытыўны эфэкт.

Але ў 1960-я ЛСД зрабілася папулярным наркотыкам і прыцягнула ўвагу мэдыяў як атрыбут контаркультуры і грамадзкага непадпарадкаваньня. У выніку ў 1970 годзе ў Злучаных Штатах ЛСД унесьлі ў «Сьпіс 1». Гэта сьпіс рэчываў, якія маюць вялікі патэнцыял для злоўжываньня, ня маюць агульнапрынятага мэдычнага выкарыстаньня і небясьпечныя нават для прыёму пад мэдычным назіраньнем.

Фота 1995 году — псыхоляг Тымаці Ліры, які ў 1960-я гады арганізаваў праграму вывучэньня псыхадэлікаў у Гарвардзкім унівэрсытэце. Ліры прапагандаваў шырокае выкарыстаньне псыхадэлікаў па-за навуковым і мэдычным кантэкстам. Шмат якія суразмоўцы Майкла Полана у кнізе крытыкавалі Ліры за гэта, кажучы, што ягоныя выступленьні ў мэдыях паспрыялі татальнай забароне псыхадэлікаў

Толькі ў апошнія гады аднавіліся акадэмічныя і мэдычныя дасьледаваньні псыхадэлікаў. Сучасныя навукоўцы разумеюць, што іх эфэкт залежыць ня толькі ад хімічнай структуры, але і ад чаканьняў чалавека, а таксама ад сытуацыі, у якой прымаецца рэчыва. У цяперашніх экспэрымэнтах часьцей выкарыстоўваецца псыляцыбін, бо сярод шырокай публікі ён ня мае настолькі небясьпечнай рэпутацыі як ЛСД.

Экспэрымэнтальныя праграмы Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту і Ўнівэрсытэту Джонса Гопкінса ў ЗША паказалі, што аднаразовая доза псыляцыбіну дапамагае сьмяротна хворым на рак пазбавіцца ад дэпрэсіі на доўгі час — у 80 працэнтах выпадкаў паляпшэньне захоўвалася больш за 6 месяцаў. Ніводны сучасны антыдэпрэсант ня мае падобнай эфэктыўнасьці.

Ва Ўнівэрсытэце Нью-Мэксыка правялі невялікае пілётнае дасьледаваньне лекаваньня алькагалізму псыляцэбінам у спалучэньні з сэансамі псыхатэрапіі. Сама па сабе псыхатэрапія амаль не давала ніякага выніку. Але пасьля аднаразовага прыёму псыляцэбіну ў наступныя 8 месяцаў назіралася заўважнае паляпшэньне.

У кантраляваных мэдычных экспэрымэнтах удзельнікі часта расказваюць пра свой досьвед у тэрмінах, якімі рэлігійныя містыкі апісваюць перажываньні еднасьці з сусьветам, з боскай прысутнасьцю. У выніку такі досьвед можа спрыяць зьменам у стаўленьні чалавека да жыцьця.

Эфэкт псыхадэлікаў залежыць ад чаканьняў чалавека і ад сытуацыі, у якой прымаецца рэчыва. Псыхадэлічныя рэчывы традыцыйна ўжываліся падчас рытуалаў у шэрагу рэлігій у розных рэгіёнах сьвету

Вось што кажа ў кнізе Мэт’ю Джонсан, псыхоляг з амэрыканскага Ўнівэрсытэту Джонса Гопкінса:

«Так шмат чалавечых пакутаў паходзіць з наяўнасьці гэтага «я», якое трэба псыхалягічна абараняць любым коштам. Мы ў пастцы гісторыі, дзе бачым сябе незалежнымі, ізаляванымі дзеячамі ў сьвеце. Але гэтае «я» — ілюзія. Яна можа быць карыснай ілюзіяй, калі мы скачам з дрэва на дрэва, зьбягаем ад гепарда ці запаўняем падатковую дэклярацыю. Але на сыстэмным узроўні яна непраўдзівая».

«Псыхадэлікі выбіваюць глебу з-пад ног гэтай мадэлі. Гэта можа быць небясьпечным у неадпаведных абставінах, і прывесьці да кашмарных трыпаў (псыхалягічных перажываньняў пад ўзьдзеяньнем наркотыкаў) ці да нечага горшага. Але ў правільным атачэньні, дзе вашая бясьпека гарантаваная, гэта можа стаць добрым умяшаньнем, каб разабрацца зь некаторымі праблемамі асобы».

Каментары2

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство4

Колькі ў Беларусі каштуюць табі — модны абутак, які шмат у каго асацыюецца з капытамі4

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

Зяленскі рэзка раскрытыкаваў паездку прэм’ера Славакіі да Пуціна6

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі56

Экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана шпіталізавалі ў Вашынгтоне

Прэзідэнцкая кампанія — 2025 стане самай сумнай. Згадваем, хто былі кандыдатамі ў мінулыя гады1

Беларусь адкрывае пасольства ў Ватыкане3

Відэа маргінальнага пралукашэнкаўскага блогера Дзеда Барадзеда прызналі экстрэмісцкім1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →