Грамадства11

Прэзідэнцкая кампанія — 2025 стане самай сумнай. Згадваем, хто былі кандыдатамі ў мінулыя гады

У спіс тых, хто будзе імітаваць канкурэнцыю Лукашэнку на гэтых выбарах, уключылі камуніста Сяргея Сыранкова, старшыню фантомнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандра Хіжняка, лідара ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча, а таксама Ганну Канапацкую. Гэтую кампанію загадзя называлі самай сумнай і прадказальнай: палітычная зачыстка пасля 2020 года не пакінула і шанцу на нейкія сюрпрызы.

Цяперашняя кампанія па сваёй прадказальнасці пасунула на другое месца выбары 2015 года — тыя, хто мог бы скласці сапраўдную канкурэнцыю Лукашэнку, ці ў эміграцыі, ці ў турме, ці нават не рашаюцца на такі крок праз узровень рэпрэсій у краіне.

Згадваем, як было з кандыдатамі ў прэзідэнты ў папярэднія выбарчыя кампаніі.

Самымі дэмакратычнымі выбарамі ў Беларусі па праве лічацца першыя ў нашай суверэннай гісторыі. У 1994 годзе на старце кампаніі сваё жаданне ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы агучылі ажно 19 кандыдатаў. Былі там і камуністы, і дэмакраты, і нават прэтэндэнт-вазочнік — тагачасны кіраўнік Беларускага таварыства інвалідаў Мікалай Калбаска.

Сабраць патрэбную колькасць подпісаў і выйсці ў паўфінал атрымалася толькі ў шасці з іх — тагачаснага прэм'ера Вячаслава Кебіча, старшыні Саюза аграрнікаў Аляксандра Дубко, сакратара Беларускай партыі камуністаў Васіля Новікава, былога старшыні Вярхоўнай Рады Станіслава Шушкевіча, лідара БНФ Зянона Пазняка і Аляксандра Лукашэнкі. Тады яму першы і апошні раз так цяжка далася перамога: быў нават другі тур на пару з Кебічам. Першы і апошні раз, як лічыцца, выбары ў Беларусі былі дэмакратычнымі: тады ў Лукашэнку сапраўды многія бачылі надзею і правільны баланс — малады барацьбіт з карупцыяй, з простых. Многія хутка асэнсуюць, што памыляліся.

Лукашэнка прымае прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам. Праз год ён зменіць дзяржаўную сімволіку на рэферэндуме. Фота: x.com/HistoryFoto

Наступныя прэзідэнцкія выбары прайшлі толькі ў 2001 годзе, хаця павінны былі адбыцца на два гады раней. Дзейны кіраўнік дзяржавы проста вырашыў весці адлік прэзідэнцкіх тэрмінаў з моманту пачатку дзеяння Канстытуцыі 1996 года, а не з дня прыходу да ўлады. Канстытуцыю прынялі на спрэчным рэферэндуме — яна ператварыла Беларусь з парламенцкай у прэзідэнцкую рэспубліку, пашырыўшы паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы.

Тады было зарэгістравана ажно 22 ініцыятыўныя групы. З усіх кандыдатаў, па інфармацыі ЦВК, патрэбную колькасць у 100 тысяч подпісаў сабралі толькі Лукашэнка, тагачасны старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, экс-губернатар Гродзеншчыны Сямён Домаш і лідар прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык. Домаш па выніку зняў сваю кандыдатуру на карысць адзінага апазіцыйнага кандыдата Ганчарыка.

Гайдукевічу-старэйшаму тады напісалі ўсяго 2,48% галасоў, а Уладзіміру Ганчарыку — 15,65%. Па сённяшніх мерках — вялікая лічба для апанента ўлады, прытым што ўжо тады праўладныя СМІ і дзяржорганы дыскрымінавалі кандыдата ад апазіцыі, а незалежным назіральнікам перашкаджалі кантраляваць працу камісій. Бюлетэні ж, як пісаў у сваёй кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» Аляксандр Фядута, былі знішчаныя ўжо праз дзень пасля галасавання.

Ганчарыка, дарэчы, пасля выбараў у спакоі не пакінулі: яго ссунулі з кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў. Па сённяшніх мерках яшчэ элегантная помста.

Вынікі выбараў-2001 у «Панараме» на БТ

Трэція выбары актыўным удзельнікам ад апазіцыі запомняцца намётавым лагерам, які пратрымаўся пяць дзён, і яго трагічным разгромам сілавікамі. У фінальным бюлетэні тады апынуліся згаданы раней Сяргей Гайдукевіч, а таксама экс-рэктар БДУ Аляксандр Казулін, былы віцэ-мэр Гродна Аляксандр Мілінкевіч і, вядома, Лукашэнка.

Акрамя вышэй згаданых асоб, заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп першапачаткова падалі былы старшыня Савета Рэспублікі Аляксандр Вайтовіч, палітыкі Зянон Пазняк і Сяргей Скрабец, а таксама генерал і член Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Валер Фралоў.

Вайтовіч і Фралоў першапачаткова заклікалі Лукашэнку адмовіцца балатавацца на трэці тэрмін, аргументуючы гэта тым, што арганізаваны рэферэндум 2004 года, які дазволіў прэзідэнту абірацца больш за два разы, быў неканстытуцыйным. Па выніку абодва пакінулі гонку. Фралоў, у прыватнасці, вырашыў падтрымаць у змаганні за прэзідэнцкае крэсла Казуліна.

Тое ж зрабіў і Скрабец, за якога збіралі подпісы члены яго ініцыятыўнай групы на чале з братам, пакуль палітык знаходзіўся ў СІЗА: яго затрымалі ў маі 2005 года. На былога дэпутата завялі крымінальную справу за падрыхтоўку да давання хабару. Пазней туды дадалося яшчэ адно абвінавачанне — незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць. Многія лічаць арышт і вырак Скрабцу — два з паловай гады калоніі — палітычна матываваным за яго «залішнюю» актыўнасць падчас дэпутацтва: у 2004 годзе ён разам з Уладзімірам Парфяновічам і Валерам Фраловым праводзілі галадоўку супраць адмовы Палаты прадстаўнікоў разглядаць іх прапановы па дэмакратызацыі заканадаўства.

Скрабец аказаўся не адзіным, хто ахвяраваў сваёй свабодай, дзеля стаць прэзідэнтам. Найбольш дасталася Казуліну, які быў асуджаны да 5,5 года «за злоснае хуліганства і арганізацыю масавых беспарадкаў».

Дарэчы, ужо тады КДБ напярэдадні выбараў застрашвала ўсіх тэрактамі, якія нібыта рыхтавала апазіцыя. Адна з самых геніяльных легенд той пары — пра ўкід у водаправод мёртвых пацукоў. Метадычка па запужваннях не мяняецца і па сёння.

Да 2020 года Плошча-2010 прыводзілася ў прыклад як самы масавы пратэст за гісторыю незалежнай Беларусі з сур'ёзнымі наступствамі для пратэстоўцаў і кандыдатаў у прэзідэнты.

Тады ЦВК зарэгістраваў максімальную колькасць кандыдатаў, у тым ліку апазіцыйных. Сярод іх былі палітыкі Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Алесь Міхалевіч, паэт і прадстаўнік «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, эканаміст з АГП Яраслаў Раманчук, а таксама эканаміст Віктар Цярэшчанка і прадпрымальнік Дзмітрый Ус.

Паводле афіцыйных звестак, перамогу на выбарах з вынікам амаль 80% атрымаў Аляксандр Лукашэнка, але незалежныя апытанні пасля аспрэчвалі гэты факт.

Каля 40 тысяч людзей выйшлі ў сталіцы на Плошчу. У выніку, як лічыцца, правакацыі, пратэст быў брутальна зачышчаны і больш за 700 чалавек трапілі за краты. Многіх адправілі на суткі, 49 чалавек судзілі за «масавыя беспарадкі» па крыміналцы. З экс-кандыдатаў Андрэй Саннікаў быў прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі, Ус — да 5,5 года, Статкевіч — да 6 гадоў, Някляеў — да 2 гадоў з адтэрміноўкай на два гады, Рымашэўскі — да 2 гадоў умоўна.

Ілюстрацыйнае фота «Нашай Нівы»

Наступныя выбары здабылі статус самых сумных і прадказальных, але цяпер 2025 год мусіць забраць першынства ў гэтай катэгорыі сабе.

Падзеі разварочваліся ва ўмовах пацяплення ў стасунках з Захадам пасля вырашэння пытання з палітвязнямі (Лукашэнка памілаваў тых, каго затрымалі пасля Плошчы-2010), а таксама на фоне анэксіі Крыма і першай фазы агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Пры гэтым ва ўнутранай палітыцы назіралася зацішша.

На арэну «барацьбы», а калі больш дакладна, яе дэманстрацыі тады выйшлі першая зарэгістраваная кандыдатка-жанчына Таццяна Караткевіч, Сяргей Гайдукевіч і казак Мікалай Улаховіч з Беларускай патрыятычнай партыі.

Што тычыцца этапу рэгістрацыі ініцыятыўных груп, то дакументы прынялі таксама ў Сяргея Калякіна («Справядлівы свет»), Анатоля Лябедзькі (АГП), беспрацоўнай Жанны Раманоўскай, але яны не сабралі патрэбную мінімальную колькасць подпісаў. Эканаміст Віктар Цярэшчанка хоць і здаў у ЦВК больш 130 тысяч подпісаў, але з іх сапраўднымі прызналі менш за 7 тысяч.

2020 год, у наступствах якога мы жывём і цяпер, канчаткова паказаў слабасць рэжыму Лукашэнкі — хаця б таму, што за пратэсты супраць вынікаў тых выбараў людзей судзяць па сёння.

Да галасавання падлукашэнкаўская ЦВК дапусціла Святлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Чэрачня. Прадбачліва яны загадзя знялі з гонкі самых моцных канкурэнтаў: Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка былі арыштаваныя. Валерыя Цапкалу не зарэгістравалі, забракаваўшы сабраныя подпісы.

Не здалі неабходную для рэгістрацыі колькасць подпісаў фермер-блогер Юрый Ганцэвіч, пенсіянер Уладзімір Непомняшчых, Вольга Кавалькова з БХД і Мікалай Казлоў з АГП. Загадзя знялі свае кандыдатуры Алег Гайдукевіч, прадпрымальніца Наталля Кісель і музыка Алесь Таболіч.

Лукашэнка і яго падначаленыя не пабачылі ў Святлане Ціханоўскай пагрозы і моцна пралічыліся. А аб’яднанне штабоў — Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы — патроіла палітычную вагу альтэрнатыўнай кандыдаткі. Даказана, што выбары чарговы раз былі сфальсіфікаваныя — ды настолькі, што сотні тысяч людзей па ўсёй краіне выйшлі пратэставаць, абураныя 80,10% Лукашэнкі і 10,12% Ціханоўскай. Збіццё (і забойства) людзей у першыя дні пратэстаў вывелі на вуліцы яшчэ больш народу. Аднак у выніку ўвесь актыўны супраціў быў жорстка задушаны. Сотні тысяч людзей выехалі з краіны, у Беларусі 1298 палітвязняў застаюцца за кратамі, і новых людзей працягваюць затрымліваць за падзеі таго часу.

Следчы камітэт агучваў, што за апошнія пяць гадоў было заведзена 22500 палітычных крымінальных спраў.

Каментары1

  • Беларус
    24.12.2024
    У загалоўку памылка: у Беларусі ня можа быць "прэзідэнцкай кампаніі", бо краіна захоплена нелегітымнай уладай, ладзіцца тэрор і палітычны пераслед насельніцтва. Таму гэты працэсс з'яўляецца чымсьці іншым. Пад акупацыяй не бывае выбараў.

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?5

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

Зяленскі рэзка раскрытыкаваў паездку прэм’ера Славакіі да Пуціна6

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі56

Экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана шпіталізавалі ў Вашынгтоне

Прэзідэнцкая кампанія — 2025 стане самай сумнай. Згадваем, хто былі кандыдатамі ў мінулыя гады1

Беларусь адкрывае пасольства ў Ватыкане3

Відэа маргінальнага пралукашэнкаўскага блогера Дзеда Барадзеда прызналі экстрэмісцкім1

11-класнікам у школе будуць «вельмі сур'ёзна» расказваць пра падзеі 2020 года10

Украіна размясціла на мяжы з Беларуссю банеры з адсылкай да Слуцкага паўстання ФОТАФАКТ18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?5

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →