Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні
Святлане Скаражонак было ўсяго 29 гадоў. Пра яе смерць стала вядома ў пачатку студзеня 2021 года.
Святлана Скаражонак была супрацоўніцай жаночага ўзвода мінскага АМАП. Бадай, самай публічнай. Пра яе кар’ерны шлях шмат разоў расказвалі дзяржаўныя СМІ.
Яе бацька быў памежнікам, у савецкі час служыў у Афганістане і Туркменістане. Маці — культработніца. Сама Святлана нарадзілася ў Нясвіжы. У сям'і дзяўчына была адзіным дзіцем.
Скончыўшы факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, Святлана прайшла падрыхтоўку ў навучальным цэнтры МУС, а ў 2014 годзе рэалізавала студэнцкую мару і стала служыць у АМАП.
Пра яе смерць стала вядома ў пачатку студзеня 2021 года з некралога ў газеце «На страже». Прэс-служба МУС спачатку пакінула пытанне пра смерць Скаражонак без каментароў.
Тады ж папаўзлі чуткі пра тое, што дзяўчыну да смерці збіў яе муж, які таксама служыў у АМАП. У красавіку 2021 года ў МУС заявілі, што гэта «поўная дэзынфармацыя», а Святлана памерла «ад хваробы».
«Мы разбіраліся для сябе, цалкам паднялі ўсю інфармацыю. Супрацоўнік АМАП яе не забіў дакладна», — адказвалі ў МУС.
З базы даных памерлых жыхароў Беларусі, якую атрымалі «Кіберпартызаны», стала вядома, што Святлана памерла 31 снежня 2020 года — на самы Новы год. У прычынах смерці пазначаны код R99 — «іншыя недакладана пазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці».
Можна меркаваць, што калі б яна насамрэч памерла ад хранічнай хваробы, то няпэўнасці ў медыкаў было б менш.
Тым не менш дакладнага адказу на пытанне, што ж здарылася 31 снежня 2020 года ў кватэры маладой жанчыны, дагэтуль няма.
Раней судмедэкспертка тлумачыла ў каментары «Люстэрку», што такі код — R99 — звычайна выкарыстоўваюць у выпадках, калі было праведзена ўскрыццё цела, каб высветліць дакладную прычыну смерці чалавека, але на момант ускрыцця прычына смерці застаецца дакладна не зразумелай або выклікае сумневы.
«Што менавіта ён [доктар] можа падазраваць: захворванне ці гвалтоўную прычыну смерці, — на гэтым этапе невядома нікому, акрамя самога доктара», — тлумачыла судмедэкспертка.
Аналагічны код стаіць у пасведчаннях аб смерці Вітольда Ашурка і Уладзіміра Макея. І ў той, і ў другой гісторыі ў грамадства засталося шмат пытанняў.
Каментары