Дэлегату КР Камісараву забаранілі падыходзіць бліжэй, чым на 100 метраў, да сваёй былой суседкі Пацёмкінай
«Наша Ніва» пісала пра тое, што актывістка і валанцёрка Карына Пацёмкіна абвінаваціла былога добраахвотніка Аляксандра Камісарава ў тым, што ён збіў яе ў кватэры, у якой яны нейкі час жылі разам. Расказваем, што адбылося далей.
Карына Пацёмкіна расказала «Нашай Ніве», што да Аляксандра прыехала паліцыя, і ён падпісаў забарону набліжацца да яе.
Таксама яму забаронена прыходзіць на працу да жанчыны — туды таксама даслалі паперу:
«Сказалі не баяцца. Калі што, адразу тэлефанаваць у паліцыю. А калі я засялюся ў пастаяннае жыллё, то мне прызначаць следчага па справе.
Мяне адразу папярэдзілі, што да суда справа можа не дайсці, улічваючы ўсе нюансы. Але судзіцца з Аляксандрам мне непрынцыпова. Галоўнае, што ў паліцыі гэты выпадак зафіксаваны.
Каардынацыйная рада ў адказ сабрала нейкую працоўную групу па этыцы і нешта там вырашае. Агулам там адбыўся анекдот — мне знаёмая даслала скрыншот, відаць, з закрытага чата нейкай з фракцый КР. І там ёсць жанчына і ад яе каментар. Там напісана амаль літаральна: «такое ўражанне, што Камісараў біў па галаве Пацёмкіну і крычаў — я член КР». І смайлікі клоўна.
Я ўвогуле выпала ў асадак, як убачыла, што жанчына ў сказе, дзе слова «біў», можа смяяцца. І што вы думаеце? Падключаюся я ў гэту камісію па этыцы, а там гэтая ж жанчына! Я ім кажу: «Вам нармальна, што сярод прысутных чалавек, які дзень таму публічна смяяўся з гэтай сітуацыі»?
Яна ў адказ кажа: «Такога не было». Я кажу: «Не прымушайце мяне спускацца на дно і паказваць гэты скрын». Я хацела проста, каб яна ведала, што яна тое ведае.
Скончылася камісія, і што вы думаеце? Яны абмяркоўвалі, як быць цяпер? Не! Яны абмяркоўвалі тое, хто ж Пацёмкінай адправіў той гаротны скрын.
КР яшчэ прапанаваў нам вочную стаўку — кшталту ягоныя словы супраць маіх. Я ім сказала, што толькі з паліцыяй ці юрыстам. Дый сам Камісараў такога зрабіць не можа па законе. Не ведаю, як ім такое ў галаву прыйшло.
Карацей. Змагацца ў нашым грамадстве з гвалтам — гэта як змагацца з паветранымі млынамі. Большасць людзей проста не разумее што такое «супраць гвалту».
Камісараў, праўда кажучы, малайчына, што ніяк са мной не кантактуе — я яго і так дастаткова спалохалася.
А сама я цяпер больш сканцэнтраваная на ўласным здароўі і ўласных справах».
Гэтую інфармацыю пацвердзіў і Аляксандр Камісараў:
«Да мяне прыязджала паліцыя, далі падпісаць паперу, што да Карыны на 100 метраў нельга падыходзіць. І на гэтым усё, нічога не пыталіся, не было ні допыту, ні апытання.
Сёння мяне выклікалі ў паліцыю. Яны пыталіся пра тое, ці я зразумеў патрабаванні паліцыі — не набліжацца да Карыны, не хадзіць да яе на працу і не кантактаваць з ёй. І ўсё, больш нічога не адбылося».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары