Новыя 15 сутак «Шэраму кату». Агулам блогеру прысудзілі 120 сутак за мінскія пратэсты
Змітру Казлову (блогер «Шэры кот») суддзя Таццяна Шоцік прысудзіла сёння чарговыя 15 сутак арышту за акцыю ў Мінску 8 снежня, паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Усе папярэднія суды над Казловым за снежаньскія акцыі сканчаліся аднолькава: 7 разоў па 15 сутак, агулам ужо 120 сутак арышту, нагадвае spring96.org
Сам Казлоў на пасяджэнне не прыйшоў, і яго інтарэсы прадстаўляла адвакатка. Яна заявіла адвод суддзі, аднак яго не задаволілі.
Сведкамі выступілі міліцыянеры Андрэй Ціханаў і Дзмітрый Каранеўскі. Ціханаў адмаўляўся сказаць, як ён апазнаў Казлова, бо ў рапарце ўказана, што асобу вызначыў пазней, а ў судзе ён сказаў, што пазнаў блогера адразу. Шмат на якія пытанні адказваў «Не памятаю». Каранеўскі сказаў у судзе, што ведаў «Шэрага ката» як блогера, а пазней вызначыў, што гэта менавіта Казлоў. Ніхто з міліцыянтаў не змог назваць дзеянні ўдзельнікаў акцыі, якія парушалі б грамадскі парадак, акрамя таго, што яны там проста знаходзіліся.
Каментары