Прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп унёс у Сенат ЗША 30 кандыдатур чыноўнікаў і дыпламатаў, у тым ліку кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду пасла ў Беларусі, піша Радыё Свабода.
Трамп назваў Фішэр патэнцыйнай кандыдаткай на гэтую пасаду 21 красавіка.
Сэнат ЗША цяпер аднавіў працу пасля перапынку, выкліканага пандэміяй каранавірусу. Сенатары збіраюцца ў Капітоліі, але трымаюцца належнай дыстанцыі, працуюць у масках і пальчатках.
Джулі Фішэр — кар'ерная дыпламатка, цяпер займае пасаду намесніцы памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаннях Заходняй Еўропы і ЕС.
Раней яна была часовай паверанай у справах у пасольстве ЗША ў Расіі, намесніцай кіраўніка місіі ЗША ў NATO, намесніцай дырэктара офіса генеральнага сакратара NATO, дарадцам у палітычных і эканамічных справах у пасольстве ЗША ў Грузіі, а таксама займала адміністрацыйныя пасады ў Дзяржаўным дэпартаменце ЗША.
Фішэр атрымала ступень бакалаўра ва Універсітэце Паўночнай Караліны і ступень магістра ў Прынстанскім універсітэце. Яна валодае расійскай, французскай і грузінскай мовамі.
Ад 2008 года пасольства ЗША ў Беларусі працавала ў скарочаным складзе на чале не з паслом, а з павераным. Узровень дыпламатычных стасункаў быў паніжаны на патрабаванне афіцыйнага Мінска. ЗША адклікалі свайго пасла ў Мінску, калі Аляксандр Лукашэнка загадаў скараціць колькасць амерыканскіх дыпламатаў у краіне.
Адносіны паміж краінамі пагоршыліся пасля ўвядзення Вашынгтонам санкцый супраць парушэння правоў чалавека і палітычных рэпрэсій падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ў Беларусі.
ЗША і Беларусь упершыню абвясцілі пра планы абмену амбасадарамі ў верасні 2019 года, калі высокі чыноўнік Дзярждэпартамента Дэвід Гэйл сустрэўся з Лукашэнкам у Мінску.
Каментары