Выбары-20205252

Гарбацэвіч суправаджаў Ціханоўскую ў ваяжы па Віцебшчыне. Яго ўражанні

Місію пасаджаных мужчын працягвае аб’яднаны штаб Ціханоўскай, Цапкала і Бабарыкі. 

У пятніцу Трыумвірат, складзены са Святланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкала і Марыі Калеснікавай паехаў у ваяж па Віцебшчыне: Глыбокае-Наваполацк-Віцебск.

За падзеямі ў гарадах назіраў карэспандэнт «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч.

Глыбокае

Напэўна, яго абралі першым, бо штаб ведаў, што ў паветры гэтага горада нешта разлітае. Нешта такое, што не давала помніку Леніну затрымацца на галоўнай плошчы, што выгадоўвала артыстаў узроўню Navi і беларускамоўных прыгажунь.

Менавіта жыхарка Глыбокага першай параўнала Лукашэнку з вядомым героем верша Чукоўскага, нарадзіўшы лозунг Ціханоўскаму: «Стоп таракан!».

На этапе збору подпісаў тут цэлымі вуліцамі адмаўляліся падпісвацца за Лукашэнку. 

Але ўсё адно наўрад ці хто тут чакаў, што на мітынг да Ціханоўскай на стаянку ля «Белмаркета», далёка ад цэнтра, прыйдзе ці пад 10% насельніцтва гэтага 18-тысячнага горада. 

І гэта пры тым, што будні дзень, што нязручны час, што ў 13:30 абед на глыбоцкім МКК ужо паўгадзіны як скончаны — усе работнікі найбуйнейшага працадаўцы ўжо на рабочых месцах. 

А тэлефоны ідэолагаў Глыбокага пад абед, пэўна, нагрэліся ўжо так, што пяклі рукі: па некалькі разоў на дзень гэтыя людзі абзвоньвалі работнікаў і не тое каб застрашвалі, а ўжо наадварот — ледзь не ўмалялі, каб тыя не ішлі на пікет Ціханоўскай, бо «тады іх [ідэолагаў] звольняць». З Віцебску, дарэчы, нагналі АМАП, але ён сябе не свяціў.

Калі пасля невялікага спазнення ахова прывяла беларускіх Анёлаў Чарлі і яны загаварылі, то стала відавочна іх палітычная эвалюцыя. Яны смялеюць, упэўнена пачынае гаварыць не толькі артыстка Калеснікава.

Бачна, як Ціханоўская квітнее і мяняецца. Гэта ўжо не тая зацюканая хатняя гаспадыня, якая жыла пад пяткай мужа. Яна становіцца смелай і прыгожай. Напэўна, і Сяргею пасля СІЗА будзе з ёй ужо няпроста, ён не пазнае жонку.

А вось што Лукашэнку рабіць з такімі Ціханоўскай, Цапкала і Калеснікавай? Абсалютна няясна: пагарда і хамства на іх не дзейнічаюць, ён ніколі не сутыкаўся з такімі новымі, адчайнымі і моцнымі жанчынамі.

Калеснікава не хлусіць, калі кажа, што моцы ім надаюць людзі. Тэзісы жанчынам таксама падказваюць яны.

«Мы аб'ядналіся, каб нашы крыніцы аб'ядналіся ў адну раку народнага …» — запнулася Ціханоўская.

«Гневу!» — падказала жанчына з натоўпу. 

«Народнага гневу!» — пацвердзіла Ціханоўская.

А як тут сустракалі трыумвірат? Абсалютная экстраардынарнасць падзеі, адсутнасць палітычнай культуры праглядалася ў гарнітурах глыбачанцаў на стаянцы — яны не ведалі, як трэба ісці на палітычны мітынг, што туды апранаць: нехта прыбраўся нібы на вяселле — у пінжак з туфлямі, а нехта выпаўз проста ў хатніх трэніках. 

Некаторыя хаця і пераадолелі страх, але ўсё адно не да канца: прыйшлі ў маскіроўцы: маска амаль на вочы, хустка. Каб ніхто не пазнаў — напэўна, настаўніцы.

«Я супраць улады. Задзяўбло гэта ўсё, гэты бардак. Грошы знікаюць, ідуць не туды, заробкі ніякія, пасля работы — не да жонкі, не да дачкі, а далей працаваць. Ну што гэта такое? Надакучыла, хопіць цярпець. Народ утрымлівае ўладу, на-да-ку-чы-ла. Я Шырабайка Аляксандр, я трэнер, у Глыбокім жыву з 7 год», — сказаў мужчына на фота вышэй, які прыйшоў з дачкой і жонкай. 

А вось нейкія мужыкі пралетарскага выгляду за тры крокі ад міліцыянера па форме абмяркоўваюць, што б яны зрабілі з амапаўцамі, калі б тыя пакалечылі каго з іх сваякоў ці сяброў. 

Гэтыя брутальныя цытаты я прыводзіць тут не буду, але чым яны абураныя, я пацікавіўся. У прынцыпе, усё банальна. Мужыкі не могуць знайсці работу ў Беларусі, перабіваюцца халтурамі, за мяжу ездзіць ужо сілаў няма: у Польшчы — «не спадабалася», а ў Расіі — «кідаюць». 

Да чаго дайшло — гэты мужчына з чорнымі ад мазуты пальцамі, кіроўца, прадэкламаваў пад запіс палітычны верш і папрасіў абавязкова назваць яго імя і прозвішча — Вячаслаў Глембоцкі, — каб, крый божа, ніхто не прысабечыў сабе гэтыя радкі. 

«Слуги короля любого, когда на нас бросают взгляд
Они презирают бога, даже угнетают нас. 
Они дали нам надежду, но потом забрали всё
О нас не думают, как прежде, забывают нас — кино. 
Они теперь незванны гости, что пришли когда-то к нам, 
Теперь непринуждённо строят дворцы — себе плацдарм».

[…]

Іншы мужык, Аляксандр з «ВДВ» на майцы, сказаў, што ў яго шэсць унукаў: «Хачу, каб хоць яны жылі як людзі». 

Цікава было назіраць, як людзі ўпершыню спрабавалі неяк ва ўнісон крычаць палітычныя лозунгі: «Света!», «Свабоду!», «Жыве Беларусь!». Упершыню за некалькі пакаленняў тут такое, досведу ніякага.

Як мне потым напісаў знаёмы сілавік з вобласці, кадры з Глыбокага моцна ўразілі яго калег: «Глыбокае — самы паспяховы рэгіён на заходняй поўначы, а навокал увогуле ср*ка беспрасветная. Што тады там людзі думаюць? Усе разумеюць, што калі раёны падымуцца, то ніякіх сілаў задушыць гэта не хопіць, а мясцовыя [міліцыя] і не падпішуцца на гэта ніколі. Калі які дурань і захоча, то яго цешча ў хляве замкне». 

Глядзіце таксама: Як Глыбокае вітала Ціханоўскую ФОТАРЭПАРТАЖ

Наваполацк

За кіламетр ад месца мітынга немагчыма было прыпаркавацца. Людзі ішлі, як на дармавую раздачу мукі, валілі і валілі. 

У першых шэрагах перад сцэнай навальваліся адзін на аднаго, ціснуліся, выбачаліся і лішні раз правяралі кішэні. 

А тут, між тым, копціць неба НПЗ і людзі маюць самы высокі медыянны заробак на Віцебшчыне — 1148 рублёў да выплаты падаткаў, тут таксама малая радзіма правай рукі Лукашэнкі — Наталлі Качанавай. 

Але людзі запоўнілі ўсю прастору перад сцэнай, мы налічылі некалькі тысяч прысутных. Відаць, праз такую колькасць не выйшла правакацыя з пілаваннем дрэва ў парку ля месца мітынгу: забаяліся.

Вы, пэўна, бачылі нашы кадры таго, як у багатым Наваполацку сустракалі Анёлаў Чарлі — гэта як кадры з нейкага галівудскага фільма пра палітычны поспех. 

Сустрэў у шэрагах дзвюх бабулек. Пагаварыў. 

Што іх сюды прывяло, чым незадаволеныя? Здаецца, што ўсім: малымі пенсіямі, дарагімі лекамі. Але так было і год таму, і два.

Але праз канаранавірус забылася ўсё, што дапамагала ім унутрана мірыцца з гэтым рэжымам, а канчаткова дабіла хамства ўладаў: «Віцебскі артыст (Віктар Дашкевіч, 75 год, памёр ад каранавіруса — «НН», Лукашэнка назваў яго «небаракам», які «не вытрымаў»), якога абразіў Лукашэнка — наш равеснік! Ён не яго, ён усіх нас прынізіў!», — кажуць гэтыя кабеты. 

Яны прыйшлі на мітынг удзвюх, без мужыкоў, без заручальных пярсцёнкаў на пальцах.

Я ўжо не стаў пытацца, дзе іх мужы, і так ясна, каго менавіта кожная з іх бачыць у тым памерлым Дашкевічу.

Каранавірус сапраўды многіх тут падкасіў. У афіцыйную статыстыку ніхто не верыць. Але дакладна вядома, што хварэлі і ў выканкаме, і ў кіраўніцтве НПЗ. 

А вось пляскае ў далоні Цапкалу чалавек з медалямі і лейтэнанцкімі пагонамі — рана звольніўся. Чаму прыйшоў сюды, а не на ўчастак, каб галасаваць за Лукашэнку? 

«Я супраць існуючай улады. Я — ліквідатар аварыі на ЧАЭС. Мы пазбаўлены ўсіх ільготаў адным чалавекам! У 2013 годзе ён наш статус выкрасліў, на сёння мы — «пацярпелыя», а не ліквідатары. За столькі год ніводнага значка, ніводнай капейкі дзяржава нам не дала. Я павінен за яго галасаваць? Пра што вы?» — кажа ён. Называецца Алегам. 

Іншыя людзі, здаецца, ужо нават не лічаць патрэбным нешта даказваць, тлумачыць. Маўляў, і так ўсё ясна — пра што гаварыць? Многія працуюць на НПЗ, але: «Чаго баяцца?». 

Усе яны з розных сфер: будаўнікі, мастакі, бізнэсмены. У кожнага свае крыўды. Хочацца паглядзець на тую сацыяльную групу, якой ўлада нічым не дапякла.

З мітынгу ішоў з жанчынай-натарыусам.

Добра апранутая. Клетчаты пінжак, падчас мітынгу падпірала дрэва і пляскала ў далоні. Кажа, што муж працуе на НПЗ, але «ўсе надбаўкі адабралі, заробак стаіць на месцы ў рублях, у далярах падае, начальства толькі і шукае нагоды, каб забраць прэміі — забаранілі насіць тэлефоны, але не таму, што яны шкодзяць, а таму што людзі іх усё роўна будуць браць, а за гэта можна штрафаваць». 

Кажа, што яшчэ год таму палітыкай цікавілася не асабліва, але цяпер нешта прарвала, кажа, што на многае гатовая, калі Лукашэнка назаве сябе пераможцам на выбарах — яна не верыць, што такое ўвогуле магчыма.

Глядзіце таксама: У якой атмасферы прайшоў мітынг Ціханоўскай у Наваполацку ФОТАРЭПАРТАЖ

Віцебск

У Віцебску на пратэставы мітынг сабралася людзей столькі ж, колькі ў сталіцы.

Пры гэтым яны нашмат больш злыя. Гэта першы горад, дзе асвісталі Лукашэнку, як толькі яго прозвішча прагучала са сцэны. Першы горад, дзе не спяшаліся разыходзіцца пасля выступлення кандыдатаў. 

Там-сям у натоўпе крычалі «Стоп таракан!». 

У гэтым вялікім горадзе ўлады абсеклі дзве траціны подпісаў за Бабарыку. Яны не разумеюць, што за кожным подпісам свая гісторыя. Падпісваючыся, людзі выказвалі валанцёрам уласны боль, і калі Ярмошына з надуманай прычыны абнуліла іх подпісы, яны раз'юшыліся — гэта адчувалася, пра гэта казалі. 

Усяму гораду вядомыя гісторыі, як у віцебскай пракуратуры за Бабарыку падпісалася столькі людзей, што і звольніць за гэта нікога не рашыліся. 

У гэты парк многія прыйшлі нават не для таго, каб паслухаць кандыдатаў: у кожным горадзе яны кажуць прыкладна адное і тое ж, можна паглядзець стрым ды ўсё, нічога новага. 

Але віцебчукі прыйшлі з салідарнасці, каб глянуць адно на аднаго, пракрычаць «Перамен!». А яны вераць, што перамены магчымыя.

Гэтая думка ўжо больш за проста плён смелых фантазій.

Прывід надзеі становіцца асязальным, яго немагчыма не заўважаць, — так кажуць людзі на выхадзе з мітынгу, нехта выцірае вочы. Яны глядзяцца ў адлюстраванні сябе ў вокнах машын і бачаць не бяссільную постаць, а асобу, поўную новага для сябе палітычнага энтузіязму.

Далей аб'яднаны штаб едзе на Магілёўшчыну. 

Глядзіце таксама: 8000 віцебчукоў віталі Ціханоўскую на эмацыйным мітынгу ФОТАРЭПАРТАЖ

Каментары52

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →