Горад Дзісна Мёрскага раёна Віцебскай вобласці ўтварыўся ў неймаверна прыгожых мясцінах, на месцы сутоку рэк Дзісна і Дзвіна. Некалі тут быў адзін з фарпостаў Полацкага княства ды віравала жыццё. Сёння ж на вуліцах Дзісны вельмі ціха. Але тут захавалася шмат маўклівых сведак мінуўшчыны, якія варта пабачыць кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй краю, піша Budzma.org.
Дзісна на сёння з’яўляецца самым маленькім горадам Беларусі па колькасці насельніцтва. Паводле апошняга перапісу, у горадзе пражывае ўсяго 1417 жыхароў. Але, нягледзячы на маланаселенасць, ён уражвае колькасцю помнікаў, што сведчаць пра слаўнае мінулае гэтых мясцін.
Budzma.org. склала спіс, у якім ажно 8 атракцый, дзеля якіх, безумоўна, варта з’ездзіць у Дзісну.
1. Прагуляцца па замкавых валах на выспе
Паводле археалагічных даследаванняў, правыя берагі ракі Дзісна былі шчыльна заселены яшчэ ў Х-ХІ стагоддзях. Даследчыкі мяркуюць, што мясцовае паселішча мела значную ролю ў Полацкім княстве. Цягам часу полацкія крывічы заснавалі на выспе ля сутоку Дзісны і Дзвіны замак, які ўпершыню ў пісьмовых крыніцах сустракаецца пад назвай Капец-гарадок у 1374 годзе. Магутныя валы колішняй фартэцыі можна пабачыць на выспе і сёння. Замак выконваў ролю аднаго з асноўных полацкіх фарпостаў на Дзвіне, кантраляваў увесь рух па рацэ і подступы да сталіцы полацкай зямлі.
У другой палове ХVI стагоддзя пад аховай Дзісенскага замка паўстаў горад, які цяпер месціцца на супрацьлеглым беразе. Двор Дзісна ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах пад сучаснай назвай у 1461 годзе. Гэтую дату і прынята лічыць датай заснавання Дзісны.
У Лівонскую вайну замкавая выспа была месцам збору вялікакняскіх войскаў перад вызваленчым паходам на Полацк Стэфана Баторыя. Дзісенскі замак займаў плошчу 5 гектараў, быў абкружаны высокімі землянымі валамі. Ён меў 9 вежаў і тры брамы з боку Дзвіны і Дзісны. Ніжэй быў умацаваны Ніжні замак, куды падчас Паўночнай вайны з 1655 па 1660 перасяліліся жыхары захопленай Дзісны. Замак быў цалкам зруйнаваны на пачатку ХVIII стагоддзя і больш не аднаўляўся.
2. Наведаць касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Гісторыя каталіцкага храма, які захаваўся да нашых дзён у Дзісне з канца XVIII стагоддзя пачалася пасля паспяховага вызваленчага паходу на Полацк Стэфана Баторыя. У 1583 годзе ён запрасіў у горад ордэн езуітаў. Пазней, у 1630 годзе мясцовы землеўладальнік Кшыштаф Малькевіч-Хялкоўскі надзяліў зямлёй у Дзісне і айцоў-францішканаў. Пад іх патрэбы былі ўзведзены касцёл і кляштар, якія да сёння не захаваліся. Але ацалеў мураваны храм у стылі барока, збудаваны на месцы ранейшага. Сёння ён мае тытул Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Будынак быў моцна пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны і паступова разбураўся. У 1958 годзе савецкімі ўладамі была зроблена спроба зусім знішчыць храм. Аднак выбух зруйнаваў толькі галоўны фасад. Цяпер касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзіцца ў стане працяглай рэстаўрацыі.
У 2003 годзе была адрэстаўравана сакрыстыя, што прылягала да паўднёвай сцяны. Такім чынам утварылася капліца. Яна і дагэтуль з’яўляецца месцам малітвы.
3. Убачыць Свята-Уваскрасенскую царкву і цудадзейны абраз Маці Божай «Адзігітрыі»
Першая праваслаўная царква ў Дзісне, Уваскрасенская, вядомая з 1568 года, на жаль, да нашых дзён не захавалася. Храм, адноўлены пасля пажару ў 1730-я гады, канчаткова быў страчаны падчас пажару 1882 года. Але не ўсе скарбы Уваскрасенскай царквы загінулі: унікальны абраз XVII стагоддзя «Сашэсце ў пекла» — шэдэўр беларускага іканапісу — можна пабачыць сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Адна з ацалелых да нашых дзён у Дзісне цэркваў таксама мае тытул Уваскрасенскай, збудаваная па тыповым праекце ў рэтраспектыўна-рускім стылі пасля Студзеньскага паўстання ў 1864 годзе. Тут сёння захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай «Адзігітрыі» — копія ХVIII стагоддзя больш старажытнага абраза Смаленскай іконы Божай Маці. Царква за савецкім часам не дзейнічала, таму «Дзісенская Адзігітрыя» была перанесена ў іншы храм. Да вернікаў бажніца вярнулася ў 1989 годзе.
4. Наведаць царкву Маці Божай Адзігітрыі
Праваслаўны храм Маці Божай Адзігітрыі ў Дзісне, збудаваны ў 1904 годзе ў якасці капліцы, таксама захаваўся да нашых дзён. Побач з царквой можна пабачыць званіцу пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. Бажніца не была зачынена за савецкім часам, і, каб змясціць усіх вернікаў, яе давялося пашырыць за кошт невялікай прыбудовы з белай цэглы ў другой палове мінулага стагоддзя.
За савецкім часам цудадзейны абраз «Дзісенскай Адзігітрыі» захоўваўся менавіта ў гэтай капліцы. Ва Уваскрасенскім храме на той час месцілася сховішча. У 1980-я царкву абрабавалі, разам з іншымі каштоўнымі рэліквіямі зніклі і старадаўнія срэбныя абклады з цудадзейнага абраза. Пазней яны знайшліся ў Санкт-Пецярбургу ў выглядзе лому.
5. Прайсці па адным з самых старых мастоў у Беларусі
Дзісну варта наведаць і дзеля таго, каб пабачыць мост праз раку Дзісна. Гэта адзін з самых старых з усіх захаваных мастоў у Беларусі: быў узведзены напрыканцы ХІХ стагоддзя. Унікальны арачны мост з драўляным пакрыццём трымаецца на металічнай і каменнай аснове. У наш час мост з’яўляецца аўтамабільным, яго істотна адрамантавалі, паверх быў пакладзены асфальт.
6. Здзейсніць рачную прагулку на пароме
Яшчэ адной асаблівасцю Дзісны з’яўляецца дзейная паромная пераправа праз Дзвіну. У Беларусі засталося няшмат месцаў, дзе можна скарыстацца паромам, таму абавязкова варта завітаць у Дзісну ды не абмінуць увагай і гэтую цікавую атракцыю. З раскладам парома можна азнаёміцца тут.
7. Убачыць руіны лякарні пачатку ХХ стагоддзя і зрабіць прыгожую фотасесію
У Дзісне захавалася вялікая колькасць будынкаў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Асноўнай пярлінай сярод іх з’яўляюцца руіны лякарні, узведзенай на пачатку ХХ стагоддзя з чырвонай цэглы на высокім беразе Дзвіны, якія абавязкова варта пабачыць. Тут выдатнае месца для фотасесій, адкуль адкрываюцца маляўнічыя краявіды на наваколле. Адсюль можна паназіраць, як курсуе паміж Мёрскім і Верхнядзвінскім раёнамі згаданы вышэй паром.
8. Прагуляцца вуліцамі Дзісны і ўявіць, як выглядала тыповае мястэчка пачатку мінулага стагоддзя
На вуліцах Дзісны можна ўявіць, як выглядала тыповае беларускае мястэчка канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Тут захавалася шмат будынкаў, узведзеных у той перыяд. Напрыклад, побач з аўтастанцыяй знаходзіцца колішняе павятовае аддзяленне апякунства цвярозасці. На першым паверсе тут у 1911 годзе выступала першая беларуская прафесійная тэатральная трупа Ігната Буйніцкага. Будынак узведзены напрыканцы ХІХ стагоддзя і сёння добра адрамантаваны.
Таксама варта звярнуць увагу на пажарнае дэпо, якое і сёння функцыянуе па першапачатковым прызначэнні.
Каментары