Міністр Кубракоў: Пагражалі спаліць машыну, пісалі рознае на паштовай скрыні, але дачка ў школу хадзіць не баялася
Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў сцвярджае, што ў жніўні 2020 года яго сям'я апынулася пад атакай грамадства. Тады Кубракоў узначальваў мінскую міліцыю.
«Я і мая сям'я падвяргаліся ціску. Была спроба ўплыву на дзіця ў школе. Таксама пагражалі спаліць машыну, пісалі рознае ў пад'ездзе, на паштовай скрыні, пакідалі запіскі і гэтак далей», — заявіў ён у інтэрв'ю «Советской Белоруссіі».
Па словах міністра, яго 12-гадовая дачка перажывала, але не баялася. І ў жніўні ішла ў школу сама:
«Памятаю, прапаноўваў яе ў тыя жнівеньскія дні праводзіць у школу. «Не, — адказвала, — сама пайду, я не баюся».
Міліцыя і іншыя сілавыя структуры апынуліся пад агнём крытыкі за іх ролю ў арышце Ціханоўскага, Бабарыкі і іх каманд, а пасля масавых затрыманнях назіральнікаў на выбарах. А калі пасля 9 жніўня з турмаў у бальніцы ў розных гарадах краіны сталі трапляць затрыманыя са слядамі зверскага збіцця, грамадства перажыло сапраўдны шок. Ніводная крымінальная справа па фактах збіцця і здзекаў так і не была заведзеная, хоць, па дадзеных ААН, скаргі на гэта падалі больш за 2400 беларусаў.
Каментары