Сёння на Берлінале прэм’ера фільма пра беларускія пратэсты. Прыедуць Ціханоўская і Алексіевіч
Другая частка Берлінскага міжнароднага кінафестывалю — з публічнымі паказамі і чырвонымі дарожкамі — пачалася 9 чэрвеня. Сёння тут адбудзецца прэм’ера дакументальнай карціны «Смеласць» Аляксея Палуяна пра жнівеньскія падзеі ў Беларусі. Рэжысёр паведаміў «Нашай Ніве», што гасцямі Берлінале з гэтай нагоды стануць Святлана Ціханоўская і Святлана Алексіевіч.
Анлайн-паказ «Смеласці» для прафесіяналаў сферы адбыўся на Берлінале яшчэ ў сакавіку. Пасля фільм паказалі на шэрагу кінафестываляў у Швейцарыі, Даніі, Аўстрыі і Польшчы. На Берлінскім фэсце карціна дэманструецца ў прэстыжнай секцыі Berlinale Special, яна таксама намінаваная на ўзнагароду «Найлепшы дакументальны фільм».
Паводле Аляксея Палуяна, перад прэм'ерай «Смеласці» на пляцоўцы Берлінале адбудзецца панэльная дыскусія пра ролю мастака ў аўтарытарнай сістэме «Культура і палітыка ў Беларусі». У размове прымуць удзел Святлана Ціханоўская, Святлана Алексіевіч, нямецкая прадзюсарка, што працавала ў Расіі, Сімона Баўман і сам Аляксей. Спікеры стануць і гасцямі кінапаказу, да іх таксама далучыцца Таццяна Хоміч, якая сімвалічна падменіць сястру Марыю Калеснікаву.
«Смеласць» здымалася з 2018 года, але большую яго частку ў выніку заняў жнівень мінулага года ў Мінску. Карціна распавядае пра трох беларускіх артыстаў, што жывуць і працуюць у беларускіх умовах. Усе трое — актрыса Свабоднага тэатра Марына Якубовіч, а таксама акцёры Свабоднага тэатру і музыкі гурта «Разбітае сэрца пацана» Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі — у выніку з’ехалі з краіны. Марына Якубовіч, Павел Гарадніцкі і здымачная каманда таксама будуць на берлінскай прэм'еры.
Каментары