Ён быў адным з самых значных беларускіх паэтаў усіх часоў. Яму было 73 гады.
Выключаны з універсітэта ў 1969 за патрабаванне навучання па-беларуску, ён не зламаўся. Ягоныя філасофскія вершы змянілі беларускую літаратуру.
Алесь Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў Сяльцы, што ў Бярозаўскім раёне. У 1966 г. паступіў на філфак БДУ, у 1968-м разам з іншымі студэнтамі-філолагамі падпісаў ліст на імя Машэрава з патрабаваннем выкладаць па-беларуску. Праз нейкі час быў выключаны з БДУ.
Аўтар зборнікаў «Адраджэнне», «Назаўжды», «Шлях—360» ды інш. Перакладаў з літоўскай, латышскай, балгарскай, англійскай ды інш.
* * *
Калі ўсе згублены ключы,
калі ні шанцу,
анічога —
усё ж ідзі,
любі,
крычы
і пасягай на перамогу.
Бязмежжа
Палову жыцця падаюся ў свет, палову —
варочаюся са свету,
палову жыцця пішу на дарозе свае імёны,
палову — закрэсліваю напісанае,
палову жыцця расту ад зямлі, палову —
расту з зямлёю:
і ўсё менш ува мне мяне, і ўсё больш
бязмежжа.
* * *
Кожны народ мае хоць адзiн генiяльны твор, і гэты твор — мова.
Каментары