Дорсэцкі яблычны пірог — гэта класічная брытанская страва.
Кавалак яблычнага пірага і кубак гарбаты — тое, што трэба ў халодны восеньскі дзень. Прапануем вам прыгатаваць дорсэцкі яблычны пірог па традыцыйным англійскім рэцэпце.
Для пірага нам спатрэбіцца:
- 150 грам сметанковага масла (+5-10 грамаў масла, каб змазаць форму)
- 75 грам белага цукру ці цукровай пудры
- 75 грам карычневага цукру
- ¼ чайнай лыжкі молатага мускатнага арэху
- ¼ чайнай лыжкі молатай карыцы
- ¼ чайнай лыжкі солі
- 1 чайная лыжка экстракту ванілі
- 3 яйкі
- 175 грам пшанічнай мукі
- 35 грам суцэльназернавой мукі
- 2 чайныя лыжкі разрыхляльніку
- 2 сярэднія яблыкі (трэба выразаць з іх стрыжань, зняць скуру і парэзаць яблыкі на кавалкі даўжынёй у 1 см)
- 1 чайная лыжка кукурузнага крухмалу
- 15 грам трысняговага цукру
- Разагрэйце духоўку да 190 градусаў. Засцяліце форму дыяметрам 20 см паперай для выпечкі і растапіце ў ёй кавалак масла.
- Змешвайце масла, два віды цукру, мускатны арэх, карыцу, соль і экстракт ванілі ў міксеры, пакуль сумесь не стане светлай і пышнай. Дадавайце ў сумесь яйкі па адным, пасля кожнага разу добра ўзбівайце сумесь.
- Змяшайце ў асобнай місцы два віды мукі і разрыхляльнік, дадайце дробку солі. Потым паступова дадавайце сумесь з мукі ў сумесь з пункту 2. Пры гэтым пастаянна перамешвайце яечную сумесь, каб у ёй не ўтварыліся камячкі з мукі.
- У асобнай місцы змешвайце кавалкі яблыкаў і кукурузны крухмал, пакуль яблыкі не будуць ім пакрытыя. Дадайце яблыкі ў цеста з пункту 3.
- Размясціце цеста ў падрыхтаванай форме і пасыпце яго трысняговым цукрам. Выпякайце пірог 45 хвілін ці да гатоўнасці. Яе можна правяраць з дапамогай зубачысткі — калі вы ўтыкаеце яе ў сярэдзіну пірага і яна выходзіць без рэшткаў цеста, гэта значыць, што пірог гатовы.
- Дастаньце пірог з духоўкі і астудзіце, толькі пасля гэтага пірог можна будзе даставаць з формы. Падавайце яго з кубкам гарбаты ці з узбітымі вяршкамі. Пірог можна захоўваць у герметычным кантэйнеры пры пакаёвай тэмпературы на працягу трох-чатырох дзён.
Каментары