Сышоў у адстаўку суддзя, які адмовіўся судзіць палітвязня па спушчаным зверху артыкуле. Падрабязнасці
На pravo.by з'явіўся ўказ аб вызваленні і прызначэнні суддзяў. Адзін з нешматлікіх адметных момантаў у ім — вызваленне ад пасады суддзі Мінскага гарадскога суда Дзмітрыя Цыкала. Па ўласным жаданні. У гэтай гісторыі ёсць адметнасць.
Кар'ера суддзі пайшла ўніз пасля таго, як адбылася дзіўная замена Дзмітрыя Цыкала на Пятра Арлова ў разглядзе справы палітвязня Ціхана Осіпава.
Осіпаву прысудзілі 11 год калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у «масавых беспарадках», «замаху на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «заведама ілжывы данос».
У ноч з 10 на 11 жніўня Осіпаў наехаў на сваёй машыне на сілавікоў, якія разганялі дэманстрантаў. А потым утапіў машыну ў вадзе і заявіў, што яе скралі. Замена суддзі па ходу справы — экстраардынарная з'ява для беларускіх судоў.
Як вядома «Нашай Ніве», гэты кейс мае перадгісторыю: Цыкал упёрся з кваліфікацыяй, заявіўшы, што не бачыць у справе замаху на забойства, а таму, маўляў, будзе разглядаць справу як арт. 364 КК «Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Пасля гэтага яго замянілі.
Далей Цыкал трапіў у зліў органаў прапаганды ГУБАЗіКа: у арыштаванага экс-пракурора Яўгена Бабака на тэлефоне знайшлі перапіску з Цыкалам, якую той не выдаліў.
Ці маюць гэтыя падзеі сувязь з адстаўкай Цыкала, невядома, але сам ён напісаў заяву на звальненне ў жніўні 2021-га і чакаў паўгода да адстаўкі.
Паводле базы маніторынгу незаконных судовых рашэнняў, у Цыкала было два разгляды апеляцый па 23.34 у 2020 годзе — ён пацвердзіў рашэнні аб 20 і 25 базавых велічынях штрафу, вынесеных беларусам раённымі суддзямі.
Да 2020 ён прысуджаў штрафы за палітычную актыўнасць Змітру Дашкевічу, Паўлу Вінаградаву, Леаніду Кулакову. А таксама даваў суткі ўдзельнікам Дня Волі — 2017.
Бацька Цыкала — былы намеснік дырэктара Музея Айчыннай вайны ў Мінску.
«Наша Ніва» патэлефанавала Дзмітрыю Цыкалу. Ëн адмовіўся ад каментароў.
Каментары