Лябедзька расказаў, як упершыню з 2020 года на адной пляцоўцы сышліся прадстаўнікі ўлады і апазіцыі
На сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы адбыліся слуханні, прысвечаныя пытанням канстытуцыйнай рэформы і рэфэрэндуму ў Беларусі. На гэтым мерапрыемстве фактычна ўпершыню са жніўня 2020 года на адной пляцоўцы сышліся прадстаўнікі ўлады і апазіцыі.
Як гэта было, у каментары «Салідарнасці» расказаў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька:
«Ініцыявала разгляд беларускай тэмы Камісія па палітычных пытаннях ПАРЕ. Прапанова ўзяць удзел паступіла і афіцыйным уладам Беларусі, і дэмакратычным сілам. Беларускія ўлады прадстаўляў старшыня камісіі па міжнародных справах Нацыянальнага сходу Андрэй Савіных, а ад дэмакратычных сіл выступалі мы з Аляксандрам Шлыкам, прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па выбарах.
Трэба адзначыць, што пасля падзей 2020 года гэта было першае мерапрыемства, у якім удзельнічалі прадстаўнікі рэжыму і дэмакратычнай апазіцыі.
Тое, што прадстаўнікі рэжыму прыехалі, у нейкай ступені кажа аб тым, што рэжым губляе міжнародную прастору. У міжнародных арганізацыях яго пазіцыі вельмі слабыя. Але і з такім пасланнем, якое яны ўклалі ў вусны Савіных, заваяваць сімпатыі немагчыма.
Пачаў ён з досыць агрэсіўнай заявы аб тым, што мы з Аляксандрам не можам прадстаўляць палітычную апазіцыю! Але гэта не функцыі Савіных — вызначаць, хто мае права называцца апазіцыяй у дачыненні да ўлады.
Больш за тое, ён сказаў, што мы — замежныя агенты, таму што прадстаўляем нейкія міжнародныя цэнтры.
Ён адмовіўся садзіцца за вялікі круглы стол, за якім сядзелі ў тым ліку і мы, дыстанцыяваўся ад нас, сеў проста ў зале.
Пра сваю Канстытуцыю ён казаў фантастычныя рэчы: і пра дзясяткі тысяч прапаноў, і пра натхнёнае абмеркаванне ўсёй краінай.
На ўсе нязручныя пытанні Савіных не рэагаваў і не даваў ніякага адказу. А пытанняў было шмат, таму што пасля дакладаў мы, вядома, выйшлі за тэмы Канстытуцыі і рэферэндуму.
Савіных не падтрымаў ніхто, апрача расійскага дэпутата Слуцкага. Нават дэпутат з Азербайджана выступіў вельмі нейтральна, ён толькі адзначыў важнасць самога дыялогу. Нас выступленнямі падтрымлівалі дэпутаты з Літвы, Украіны, Бельгіі.
Нам лёгка выступаць на такіх мерапрыемствах, таму што мы гаворым праўду і ўсё можам пацвердзіць фактамі. Ім жа даводзіцца ісці ў разрэз з рэальнасцю, трэба казаць, што ў нас няма палітвязняў, што ў нас усе людзі шчаслівыя і задаволеныя. Што ў нас прайшло лепшае абмеркаванне праекта Канстытуцыі. Але нават яны самі разумеюць, што гэта падман і яго лёгка праверыць.
Пасля такіх пасяджэнняў звычайна сапраўды працягваецца нефармальныя зносіны, працягваюцца абмеркаванні, сустрэчы. І мы з Аляксандрам Шлыком шмат з кім яшчэ гаварылі.
А вось Савіных адразу пасля пасяджэння выпарыўся. Паколькі ўсе расейцы ўдзельнічалі анлайн, больш яму мець зносіны не было з кім.
І так зараз адбываецца на ўсіх міжнародных пляцоўках, што таксама паказальна».
Каментары