Фота і відэа з Бучы аналізуе судмедэкспертка. Вось што яна пабачыла на страшных кадрах
Пасля з'яўлення жахлівых здымкаў з Бучы расійская і лукашэнкаўская прапаганда пачала енк: гэта не мы! Расійскія журналісты, блогеры, чыноўнікі выкручваюцца: хтосьці кажа, што трупы «свежыя», а хтосьці дапускае, што гэта ўвогуле не трупы. «Наша Ніва» папрасіла судмедэкспертку прааналізаваць кадры з Бучы.
Асцярожна, у тэксце ёсць шакуючыя фота!
Буча пасля сыходу расійскіх салдат — гэта пекла. Проста на вуліцах ляжаць целы забітых людзей, некаторыя абгарэлыя, бо іх спрабавалі спаліць. Целы ў брацкіх магілах, целы ў калектарах, целы раскіданыя па дварах і дарогах.
Сведчанні з Бучы шакавалі ўвесь свет, акрамя Расіі. Там прыняліся «аналізаваць» фота і відэа забітых людзей, каб апраўдаць сваіх вайскоўцаў.
«Асаблівую заклапочанасць выклікае тое, што ўсе целы людзей, выявы якіх апублікаваныя кіеўскім рэжымам, па сканчэнні мінімум чатырох дзён не здранцвелі, не маюць характэрных трупных плямаў, а ў ранах не запяклася кроў, — паведамляе Мінабароны Расіі. — Усё гэта неабвержна пацвярджае, што фатаграфіі і відэакадры з Бучы — чарговая пастаноўка кіеўскага рэжыму для заходніх СМІ».
«У гарачцы ваеннага часу доказамі сябе ніхто не турбуе, з'яўляюцца скінутыя ў студні целы са звязанымі рукамі. Толькі стан гэтых целаў кажа пра тое, што яны былі забітыя самае позняе — учора. Я ведаю, як выглядаюць трупы, якія праляжалі на вуліцы некалькі дзён. Тут зусім іншая карціна», — піша ваенкар «Комсомольской правды» Аляксандр Коц.
На расійскім партале Topwar увогуле падазраюць, што людзі на фота — жывыя:
«Усе трупы на кадрах з Бучы цалкам відавочна былі забітыя адзін-два дні таму ці нават у дзень здымак. Пра гэта сведчаць свежыя сінякі, адсутнасць трупнага здранцвення і разлажэння. Калі гэта наогул трупы, а не запэцканыя валанцёры, што паслухмяна выконваюць ролі лялек на дарозе і ў падвалах.
Спецыялістам украінскай прапаганды варта паглядзець кадры +18 з Марыупаля і Данбаса, дзе штабелямі ляжаць целы ўкрнацыстаў. Кантэнт не для слабанервных, але ён дазваляе зразумець, што адбываецца з парэшткамі за тыдзень і больш. Колер трупаў ужо не адрозніць ад мясцовага шэрага ландшафту. А Буча была пад кантролем расійскіх войскаў больш за месяц. Таму за рэалістычнасць пастаноўкі цвёрдая двойка».
І гэта толькі некаторыя з многіх «аналітыкаў». Вялікая колькасць расійскіх чарнасоценцаў раптам аказалася экспертамі па трупных плямах і іншых біялагічных працэсах.
Але што скажа сапраўдны спецыяліст?
Фота і відэа з Бучы прааналізавала судова-медыцынская экспертка Надзея Гурманчук.
«На прагледжаных мной фотаздымках і відэазапісах з горада Буча бачныя трупы людзей рознага полу, узросту, некаторыя закапаныя ў грунт з фарміраваннем магіл (брацкіх магіл), некаторыя раскіданыя ўздоўж дарог. Вызначыць прычыны смерці па фотаздымках і відэазапісах немагчыма, але ўсё ж можна адказаць на некаторыя пытанні.
На тое, што гэта трупы, можа паказваць наяўнасць трупных зменаў. У залежнасці ад даўнасці (часу) наступлення смерці трупныя змены могуць быць двух відаў: раннія і пазнейшыя, — тлумачыць Гурманчук. —
Раннія трупныя змены — гэта трупныя плямы (участкі пасмяротнага прамочвання крывёю тканін на ніжэйлеглых участках цела); наяўнасць трупнага здранцвення (ушчыльненне і фіксацыя частак цела трупа, якое развіваецца праз 2—4 гадзіны ад моманту наступлення смерці і праходзіць у сярэднім на 2-3 суткі пасля смерці; астуджэнне трупа; трупнае высыханне (выпарэнне вадкасці на адкрытых участках цела, якое прыводзіць да ўшчыльнення і пацямнення гэтых участкаў цела).
Познія трупныя змены — гэта гніенне, муміфікацыя, тлушчавоск, тарфяное дубленне, шкілетаванне і іншае. Гніенне развіваецца ў выніку ўздзеяння на арганізм мікраарганізмаў з разбурэннем тканін, утварэннем шырокага спектру хімічных рэчываў, што і вызначае характэрны выгляд, колер трупа і іншыя прыкметы. Прыкметамі гніення з'яўляюцца: утварэнне гніласнай вянознай сеткі, афарбоўванне скуры ў брудна-зялёны колер, развіццё гніласнай эмфізэмы, утварэнне гніласных бурбалак і інш. Першыя прыкметы гніення можна назіраць у сярэднім праз 3—4 сутак ад моманту наступлення смерці і пры спрыяльных умовах яно можа завяршацца да 3—4 тыдняў. Муміфікацыя трупа развіваецца ў выніку выпарэння вільгаці ў сухой мясцовасці, якая добра праветрываецца. Пры гэтым труп памяншаецца ў аб'ёме, ушчыльняецца і цямнее. Пры спрыяльных умовах муміфікацыя можа развіцца праз 4—6 месяцаў».
Усе працэсы трупных змяненняў залежаць ад мноства фактараў — навакольнага асяроддзя, прычын смерці, стану чалавека перад смерцю і гэтак далей.
«Калі прычынай смерці з'яўляецца траўма, якая суправаджаецца вялікай стратай крыві, то трупныя плямы могуць быць слаба заўважнымі ці нават адсутнічаць. Гаворачы аб навакольным асяроддзі: нізкая тэмпература запавольвае працэсы развіцця трупных змяненняў, у сваю чаргу, высокая тэмпература да пэўнага моманту паскарае гэтыя працэсы, — кажа экспертка. —
Тут варта адзначыць, што ў Бучы ў сакавіку 2022 года тэмпература навакольнага асяроддзя ў сярэднім вагалася ад 0 да 5 градусаў Цэльсія, што ў значнай ступені замарудзіла развіццё трупных змяненняў целаў, якія захоўваюцца ў натуральных умовах.
Гаворачы пра целы людзей у Бучы. На тое, што гэта трупы, у першую чаргу паказвае бледна-шэрае адценне скураных пакроваў некаторых з іх. На многіх можна прасачыць наяўнасць і трупных плям на участках цела, размешчаных бліжэй да паверхні судатыкнення. На некаторых трупах такія ўчасткі не прасочваюцца, але, як і гаварылася вышэй, такое будзе назірацца, калі прычынай смерці з'яўляецца траўма, якая суправаджаецца вялікай стратай крыві. На многіх трупах можна вызначыць участкі падсыхання, размешчаныя на адкрытых частках цела (на кісцях рук, у вобласці вуснаў, носа)».
На фота вышэй на некаторых целах бачныя слаба выяўленыя, бледныя трупныя плямы, звяртае ўвагу Надзея Гурманчук.
На фота вышэй — участкі падсыхання на кісцях, звяртае ўвагу экспертка.
Таксама маюцца трупы з пачатковымі прыкметамі муміфікацыі:
«Скурныя пакровы і мяккія тканіны ўшчыльненыя, з карычнева-шэрым адценнем, вочы запалыя з відавочнымі прыкметамі падсыхання вочных яблыкаў, кончык носа і вусны падсохлыя — усё гэта пачатковыя прыкметы муміфікацыі», — кажа Гурманчук.
Яна тлумачыць:
«У месцах пашкоджанняў трупаў маюцца сляды цёмна-чырвонай крыві на скурных пакровах, участкі прамочвання крывёю на вопратцы. Такія ўчасткі на некаторых трупах падсохлыя, на некаторых — у выглядзе вадкаватых накладанняў. Характар гэтых накладанняў будзе залежаць ад умоў знаходжання (захоўвання) трупа. У вільготным асяроддзі, кроў і ўчасткі пашкоджанняў могуць так і не набыць падсохлы выгляд. У звычайных умовах, вядома, кроў падсыхае і набывае выгляд сухіх цёмна-чырвоных налажэнняў. Варта адзначыць, што запяканне крыві — гэта прыжыццёвы працэс працы сістэмы гемастазу для прыпынення крывацёку і пачатку гаення пашкоджанняў. Такім чынам, гэты працэс з характэрнымі для яго прыкметамі адсутнічае ў пашкоджаннях трупаў з Бучы, што таксама паказвае — гэта не жывыя асобы».
Пра фота з брацкай магілы з трыма целамі Гурманчук адзначае: труп жанчыны мае пашкоджанні ў вобласці твару, налажэнні крыві на скуры, участкі прамочвання крывёю адзення і прылеглага грунту.
На гэтым здымку бачныя трупы са звязанымі рукамі за спінай і ўчасткамі прамочвання прылеглага грунту цёмнай крывёю.
«Вось гэтыя фота таксама паказальныя — гэта трупы з падвала дзіцячага лагера. У мужчыны на твары цялесныя пашкоджанні і трупныя плямы (сінюшна-ружовая афарбоўка скуры ў вобласці твару), — звяртае ўвагу Надзея Гурманчук. — Каб дакладна вызначыць даўнасць наступлення смерці, трэба комплексна ацэньваць усе наяўныя трупныя з'явы: плямы, здранцвенне, тэмпературу цела і тэмпературу навакольнага асяроддзя, трупнае высыханне і іншыя.
Трупныя плямы з'яўляюцца адразу пасля наступлення біялагічнай смерці, перажываюць шэраг стадый развіцця і знікаюць (а дакладней, не вызначаюцца, іх немагчыма дыферэнцыраваць) з развіццём пазнейшых трупных змен.
Пазнейшыя змены пачынаюць развівацца арыенціровачна не раней за 4—7 дзён з моманту наступлення смерці, гэта пры звычайных умовах: пакаёвая тэмпература каля 20 градусаў Цэльсія. Пры больш нізкай тэмпературы навакольнага асяроддзя развіццё трупных змяненняў запавольваецца.
Нагадаю, у Бучы ў сакавіку тэмпература навакольнага асяроддзя 0—5 па градусаў Цэльсія: гэта як у халадзільнай камеры, менавіта таму трупы могуць і не мець пазнейшых гніласных зменаў.
Пры гэтым адсутнасць трупнага здранцвення ў такіх цел і кажа пра тое, што даўнасць наступлення іх смерці больш, чым трое сутак (бо менавіта праз трое сутак пры звычайных умовах яно і заканчваецца, а калі ўлічыць больш нізкую тэмпературу захоўвання, то можна выказаць здагадку, што даўнасць іх смерці большая за тыдзень).
Плюс дастаткова выражаныя ўчасткі падсыхання сведчаць аб тым, што гэта нясвежыя трупы, з даўнасцю не 1—3 дні, а бліжэй да тыдня і больш».
Патлумачыла экспертка і пра магчымасці аналізу трупнага здранцвення па фота і відэа.
«Пры праглядзе відэа, у некаторых цел можна заўважыць адсутнасць трупнага здранцвення. Гэта можа сведчыць аб тым, што прайшоў дастатковы прамежак часу для яго заканчэння з моманту наступлення смерці. Гэта значыць, што даўнасць наступлення смерці да моманту правядзення відэаздымкі больш за 2—3 сутак. Альбо гэта можа сведчыць пра тое, што гэта адубенне магло быць разбуранае пасля ўзнікнення механічным шляхам, напрыклад пры перамяшчэнні трупа са змяненнем суадносін частак яго цела ў тэрмін да 2—3 сутак», — кажа судмедэкспертка.
Вызначыць наяўнасць альбо адсутнасць трупнага здранцвення выключна па фатаграфіях увогуле немагчыма», — падкрэслівае Надзея Гурманчук.
«Падводзячы вынік, дакладна ўсталяваць даўнасць і прычыны наступлення смерці людзей па наяўных фатаграфіях і відэазапісах немагчыма, але іх выгляд не супярэчыць таму, што смерць магла наступіць падчас акупацыі расійскімі войскамі горада Буча. Дакладна адказаць на гэтыя пытанні змогуць судова-медыцынскія эксперты Украіны пасля поўнага даследавання загінулых», — падсумоўвае экспертка, разбураючы аргументы расійскай прапаганды.
-
«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу
-
У Расіі мужчыну з раненнямі абедзвюх ног зноў адпраўляюць на вайну. Па словах блізкіх, мужчына дрэнна перасоўваецца
-
У расійскім палоне загінуў мэр украінскага горада. Ён фактычна памяняў сваё жыццё на жыцці рабочых
Каментары