Усяго патроху

«Прыйшла з пытаннем, ці буду я сядзець у турме». Беларускі расказалі пра свае паходы да варажбітак і астралогаў

Калі ўвесці ў пошукавік «экстрасэнс у Мінску», ён выдасць нямала прапаноў. У апісанні паслуг абяцаюць расказаць пра будучыню, хутка і нядорага зняць любыя сурокі і вянок бясшлюбнасці. Спыталі ў беларусаў, якія звярталіся да варажбітак, астролагаў і таролагаў, што з прадказанага ў іх спраўдзілася і колькі грошай яны выклалі за сеанс.

Фота: Legion-Media

«Прадказала, што я выйду замуж альбо ў 27, альбо ў 29»

Крысціне 26 гадоў. Дзяўчына пайшла да знахаркі, калі разам са сваёй маці звярнула ўвагу на тое, што ў яе сям’і ніхто з сясцёр не выходзіць замуж. 

«І нават браты не могуць ажаніцца. Ім ужо пад сорак гадоў, і нічога не складваецца. Мая мама сказала, што трэба з'ездзіць да знахаркі. Гэтая жанчына жыла ў Баранавічах. Да гэтага я толькі ведала, як адрозніць сапраўдную лекарку ад махляркі. Чалавек, які жадае дапамагчы, не назаве нейкую фіксаваную суму, якую трэба заплаціць. Звычайна даеш столькі, колькі хочаш. Чакала, што ўбачу ў яе там які-небудзь пакой з чарапамі. Такога не было.

Памятаю, што яна нават зарэгістравала такі свой «бізнэс», бо суседзі скардзіліся, што да яе прыходзіць шмат людзей.

Яна варажыла мне на картах. Распавяла шмат пра маё мінулае, патлумачыла, што адбываецца з братамі і сёстрамі. Аказалася, што сурокі наклалі не на маё пакаленне, а яшчэ на бацькоў. Прадказала, што я выйду замуж альбо ў 27, альбо ў 29. Вось чакаю.

Яшчэ яна праводзіла рытуал па зняцці гэтых сурокаў. Чытала малітву, нешта рабіла з воскам ад свечкі. Мне было жудасна неяк. Гэты воск рабіўся ўсё страшнейшы і страшнейшы. Не ведаю, як гэта растлумачыць. Потым яна яго кінула ў ваду, зноў пачала чытаць малітвы, і ён стаў разгладжвацца. У выніку я заплаціла ёй 50 рублёў, але саму суму яна не называла», — кажа дзяўчына. 

Крысціна ўпэўненая, што насамрэч знахаркі існуюць, але іх не так шмат. Усё, што наваражыла ёй тая жанчына, дзяўчына стараецца не прымяраць на сябе, бо шчыра верыць, што чалавек сам вырашае свой лёс. 

«Памятаю, як мне расказвалі пра ведзьму, якая жыла ў нашай вёсцы. Цяпер многія ў яе родзе паміраюць ад раку. І вось ты як бы не верыш ва ўсё такое, але потым пачынаеш, бо не можа быць такіх супадзенняў», — разважае яна. 

Таксама ў Крысціны быў вопыт наведвання астролага. У гараскопы дзяўчына ніколі не верыла. Яна лічыць, што гэта сапраўдная лухта. 

«Асабліва тыя, якія па тэлевізары круцяць. Калі вучылася ў магістратуры, у мяне была аднагрупніца, якая захаплялася астралогіяй. Яна нам часам складала натальныя карты. Было падрабязна, у дэталях. Першы час проста па прыколе, а потым яна пачала рабіць прагнозы.

Сказала мне, што я паеду адпрацоўваць размеркаванне ў іншы горад. Я не верыла ў гэта, таму што ў мяне тады была сталая праца. Але так і атрымалася. Як я толькі ні спрабавала застацца ў Мінску, перабрала тры працы. У выніку з'ехала на размеркаванне ў Гродна. З таго часу астралогія мне і стала цікавая.

Потым з аднагрупніцай я сувязь згубіла і знайшла свайго пастаяннага астролага. Прыйшла з пытаннем, ці буду я сядзець у турме і ці трэба мне з’ехаць. Яна адказала, што арышту не будзе, але рэкамендавала з’ехаць.

Дарэчы, астролаг расказвае пра нейкія кармічныя сустрэчы, сітуацыі, але пастаянна паўтарае, што выбар усё роўна за чалавекам.

Таксама наконт працы ўсё слушна яна мне сказала. Хаця я і не верыла першапачаткова. Цэны ў яе розныя, гледзячы што вы будзе рабіць. Сама яна з Украіны. І цяпер такім чынам збірае данаты на гуманітарную дапамогу», — кажа Крысціна.

«Зняцце вянка бясшлюбнасці і ўсяго астатняга каштавала 300 даляраў»

Алесі 37 гадоў. Калі ёй было 25, дзяўчына пайшла да варажбіткі. У яе не складвалася з хлопцамі.

«Мая сяброўка ў яе была. Вырашыла, што мне таксама трэба. Яна расклад рабіла на картах таро. Сказала, што ў мяне вянок бясшлюбнасці і што яна нічога з гэтым зрабіць не можа. Я ў гэта паверыла, пару месяцаў мяне не адпускала. Пасля я пайшла гэты вянок здымаць. Знайшла цыганку, якая гэта пацвердзіла, паставіла мне яшчэ шмат дыягназаў, але сказала, што здолее дапамагчы.

Зняцце вянка бясшлюбнасці і ўсяго астатняга каштавала 300 даляраў. Тады я падумала, што гэта вельмi шмат, і прапанавала ёй папрацаваць толькі з вянком бясшлюбнасці. Як яна гэта рабіла, я не ведаю. З таго моманту ў маім жыцці нічога і не змянілася», — кажа дзяўчына. 

Праз нейкі час Алеся зразумела, што яе ашукалі, і вырашыла больш не хадзіць да цыганкі. Але хутка пазбавіцца ад варажбіткі не атрымалася.

«Яна доўга мяне не адпускала. У мяне быў хісткі псіхалагічны стан, яна гэта разумела, — кажа дзяўчына. — Яна мне перыядычна тэлефанавала, запалохвала. Казала, што вянок знялі, але ж ёсць яшчэ шмат чаго. Я яе слухала, але не вялася. Потым адна мая сяброўка параіла мне схадзіць да варажбіта, які б праверыў, ці сапраўды на мне ёсць сурокі. Ён мне сказаў, што адзіная мая праблема — нізкая самаацэнка. Я тады доўга смяялася».

Таксама Алеся была ў астролага, якая зрабіла ёй натальную карту. Нічога новага пра сябе дзяўчына не даведалася.

«Яна мне расказала пра характар, пра мае паводзіны ды іншае. Пра гэта я ведала.

Ужо пазней я стала вывучаць, як наводзяцца сурокі, як іх здымаць. У гэтым няма нейкай незразумелай магіі. Гэта просты гіпноз. Яны гавораць спакойным голасам, паўтараюць некалькі разоў словы. У такім стане ў чалавека можна закідваць усё што заўгодна.

Напрыклад, калі лекар на прыёме кажа, што калі вы тэрмінова не вылечыце горла, то будуць нейкія наступствы. Што робіць чалавек? Ён у жаху бяжыць у аптэку за лекамі. З варажбіткамі гэтак жа», — кажа яна.

«Я веру ў астралогію, а з варажбіткамі ў мяне не склалася»

Таццяне 35 гадоў. Дзяўчына неаднарозава звярталася да таролагаў. Яе цікавіла, ці зможа яна рэалізавацца ў жыцці і, вядома, выйсці замуж. 

«Бывае, што на мяне нападае такая няўпэўненасць у сабе, што мне трэба, каб нехта сказаў, што ўсё нармальна. Таролагу я заплаціла 35 рублёў.

Яна сказала, што ў жыцці ў мяне будзе больш добрага, чым дрэннага. Праз тры месяцы мяне пасадзілі, а потым увогуле трэба было з'ехаць з краіны. Не ведаю, калі будзе тое самае добрае, але пакуль такое сабе.

А пра замуж яна сказала, што гэта будзе няхутка. Пакуль я буду аддаваць увесь вольны час працы», — кажа яна. 

Таццяна з’ехала з Мінска ў Кіеў. Там яна пазнаёмілася з астролагам, якая зрабіла ёй прагноз на год. 

«Яна сказала, што мяне зноў чакае пераезд. Хоць я не верыла ў гэта. Толькі прыехала, уладкавалася. І тут пачалася вайна. Прыйшлося з'ехаць. Астролаг мела рацыю.

Яшчэ яна назвала даты, у якія нельга падпісваць важныя дакументы, расказала па месяцах, калі ў мяне будзе актыўная фаза, а калі пасіўная. У цэлым я веру ў астралогію, а з варажбіткамі ў мяне не склалася», — дзеліцца Таццяна. 

«Натальныя карты рэальна працуюць, калі падыходзіць да іх вывучэння сур'ёзна»

Марыне 22 гады. Яна нядаўна пачала вывучаць астралогію. Доўгі час дзяўчыну цікавіў факт, што ў яе асяроддзі ёсць людзі, якія нарадзіліся па датах побач з ёй, але ў іх абсалютна розныя характары. 

«Як так? Аднойчы я даведалася пра натальныя карты. Там улічваўся не толькі знак, у якім было сонца падчас вашага дня нараджэння, але і знак месяца, планет, а яшчэ так званыя «дамы» і аспекты паміж нябеснымі целамі. Я паступова стала чытаць тэматычную літаратуру, артыкулы ў інтэрнеце, і маё захапленне дайшло да таго, што цяпер я пішу і перакладаю артыкулы для суполкі па астралогіі, у якой 50 тысяч падпісантаў. Сама для сябе стала астролагам», — расказвае яна. 

Марына не адмаўляецца, калі сябры просяць зрабіць ім прагноз на год. Грошы за гэта дзяўчына не бярэ, бо не лічыць сябе спецыялістам.

«Наогул, з сур'ёзнай астралогіяй на прасторы СНД цяжка: гэта ў ЗША ёсць універсітэты і сістэма развітая, у нас гэтая тэма ўспрымаецца толькі з іроніяй. Самі ж астролагі альбо самавучкі, альбо вучацца ў такіх жа.

Не магу не заўважыць, як астралогія становіцца сродкам у палітыцы. Ведаю шмат тых, хто займаецца мунданнай астралогіяй. Яна адказвае за падзеі, звязаныя ў тым ліку з адносінамі паміж краінамі свету. Мунданная астралогія прасоўвае сваё бачанне палітычнай карціны пад соусам «у Пуціна моцны Меркурый», «у натальнай карце Украіны Ліліт ідзе па сёмым доме — і тое ж самае было падчас падзей на Майдане». Кожны інтэрпрэтуе на сваю карысць і для сваёй аудыторыі.

Гэта, дарэчы, больш відавочна ў таро. Яшчэ з прыходам пандэміі ўзляцелі продажы, а колькасць эзатэрычных блогераў у Тыктоку расце з кожным днём. Людзі рэальна гэтым цікавяцца», — заўважае дзяўчына.

Марына лічыць, што такая папулярнасць узнікла з-за таго, што людзям проста патрэбныя добрыя словы. 

«Хто вас яшчэ пахваліць за вашы ж грошы? — кажа яна. — Па-другое, з кожным годам добрых навін меншае, а тут зайшоў у Тыкток — і даведаўся, што «ваш рыцар пентакляў праявіцца на гэтым тыдні». І хай сабе яго няма, але прыемна часам атрымаць надзею. За ёй людзі і ідуць.

Я веру ў натальныя карты, бо яны рэальна працуюць, калі падыходзіць да іх вывучэння сур'ёзна. Бачу, як спраўджваецца прагноз, які я сама сабе рабіла на год. З таро складаней: тут больш псіхалогіі. Таролаг можа лепш чытаць ваш твар, чым карты, і працаваць на вашы эмоцыі. Карацей, у эзатэрыцы, як і ва ўсіх сферах: спецыялістаў можа быць шмат, а добрых недастаткова».

Чытайце таксама: 

Зняць кватэру ў Мінску цяпер рэальна ад 100 даляраў. Паглядзелі на самыя танныя варыянты арэнды ў сталіцы ФОТА

Ці можна трактаваць пастанову аб абмежаванні ўезду машын з ЕС у Беларусь як забарону на транзіт грузаў? Адказ — не

Каментары

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Цапкала расказаў, што на грэчаскай мяжы яго абвінавацілі ў крадзяжы аўтамабіля9

Спектакль ад Лукашэнкі: Баскаў у бомберы «СССР», Сямёныч і «ўнучка Леніна» ВІДЭА16

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені1

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?16

Польшча цягам найбліжэйшых трох дзён установіць на мяжы з Беларуссю ўмацаванні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →