«Украінскіх баб гвалтуй». Такую інструкцыю расійскі дэсантнік Раман Быкоўскі атрымаў ад жонкі
Радыё Свабода і даследчы праект «Схемы» знайшлі расійскага салдата, якому ўласная жонка наказала падчас «ваеннай спецаперацыі» гвалтаваць украінскіх жанчын. Цяпер салдат паранены і лечыцца ў шпіталі ў Севастопалі. Размова, у якім жанчына прапануе мужчыну гвалтаваць украінак, была апублікаваная Службай бяспекі Украіны 12 красавіка.
Па запісе можна выказаць здагадку, што апублікаваны фрагмент з'яўляецца часткай больш працяглага дыялогу.
Мужчынам аказаўся Раман Быкоўскі, былы баец тэрміновай службы Расгвардыі, а затым — вайсковец 108-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога палка, які ўдзельнічаў у анэксіі Крыма. Менавіта сюды ён не так даўно перавёз сваю сям'ю з Расіі.
«Мне нічога не кажы!»
— Так, ты давай там, украінскіх баб гвалтуй, так? І мне нічога не кажы. Зразумела? (смяяцца).
— Гвалтаваць і табе нічога не казаць?
— Так, каб я нічога не ведала. А што? (смяяцца).
— Можна, так?
— Так, дазваляю. Толькі засцерагайся!
— Добра.
Ва Украіне з пачатку вайны зафіксавана мноства сведчанняў сэксуальнага гвалту з боку расійскіх вайскоўцаў у дачыненні да ўкраінскіх грамадзян.
8 красавіка Людміла Дзянісава, упаўнаважаная па правах чалавека ва Украіне, звярнулася ў ААН з просьбай расследаваць такія выпадкі — згвалтавання 14-гадовай дзяўчынкі, 11-гадовага хлопчыка і 20-гадовай жанчыны ў Бучы і Ірпені Кіеўскай вобласці.
12 красавіка жыхарка вёскі Малая Рогань у Харкаўскай вобласці распавяла тэлеканалу «Настоящее время», як расійскі салдат забраў яе дачку і згвалціў ў школе.
Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch яшчэ 4 сакавіка апублікавала даклад, у якім згадваюцца выпадкі згвалтаванняў у Марыупалі і Чарнігаўскай вобласці.
Журналісты агенцтва France Press пагаварылі з жанчынай з акупаванага Расіяй Херсона, якая расказала ім, што яе згвалтавалі расійскія жаўнеры. «Яны проста моўчкі павалілі мяне на ложак, моўчкі распранулі. А чацвёртай гадзіне раніцы яны проста сышлі. Яны паміж сабой не размаўлялі. Проста абзывалі хахлушкай, бандэраўкай. І потым сказалі: «Добра, усё, нам на пост заступаць. Мы пайшлі».
Дывізія імя Дзяржынскага
Менавіта ў Херсонскай вобласці ў красавіку 2022 года, як удалося даведацца «Схемам», знаходзіўся ў момант размовы па тэлефоне расіянін, якому ягоная жонка «дазволіла» гвалтаваць «украінскіх баб».
Ад крыніц у праваахоўных органах Украіны журналістам «Схемаў» сталі вядомыя тэлефонныя нумары абанентаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай гутарцы.
Як высветліла Радыё Свабода, гэтыя нумары выкарыстоўваліся пры рэгістрацыі двух акаўнтаў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»: на імя 27-гадовага Рамана Быкоўскага і Вольгі Быкоўскай, у дзявоцтве — Пінясавай. Муж і жонка выхоўваюць сына, яму 4 гады.
Раман і Вольга родам з Арла. Акаўнт Быкоўскага зачынены, але ён ёсць у сябрах у Аляксея Забрусава, і з іх сумесных фатаграфій відаць, што яны разам праходзілі ў 2016 годзе тэрміновую службу ў асобнай дывізіі аператыўнага прызначэння імя Дзяржынскага войскаў Нацыянальнай гвардыі Расіі.
У Забрусава таксама ёсць фатаграфіі, якія можна геалакаваць як знятыя ў Балашысе, на тэрыторыі штаба дывізіі.
Пераезд у Крым
«Дачакалася!» — піша Вольга Быкоўская пра Рамана, публікуючы іх сумесную фатаграфію, зробленую 26 кастрычніка 2016 года пасля яго дэмабілізацыі. Аб'явы на сайце «Авіта», якія Раман Быкоўскі размяшчаў у 2018 годзе, дазваляюць зрабіць выснову, што пасля заканчэння тэрміновай службы яны з жонкай і сынам перабраліся ў анексаваны Расіяй Крым.
Адсюль жа, з Феадосіі, неўзабаве пачынае публікаваць фатаграфіі ў сваіх «Аднакласніках» і маці Быкоўскага, Ірына. Так, некалькі здымкаў зробленыя ля мясцовай славутасці — «Фантана закаханых».
З каментароў Вольгі Быкоўскай у «ВКонтакте» можна зрабіць выснову, што сям'я жыве ў Феадосіі і цяпер: напрыклад, 19 студзеня 2022 года Вольга скардзілася, што не змагла трапіць на прыём да мясцовага касметолага, а 13 лютага адгукнулася на заклік дапамагчы грашыма на аперацыю сабаку, якога збіла машына ў цэнтры гэтага горада.
Адна з фатаграфій у «Аднакласніках» Ірыны Быкоўскай апублікаваная 10 лютага 2018 года і можа тлумачыць, як яе сын трапіў у 2022 годзе ў Херсонскую вобласць, дзе ягоную размову з жонкай пра «ўкраінскіх баб» перахапіла СБУ.
На гэтым здымку Раман Быкоўскі сядзіць у вайсковай форме ля шлагбаўма з аўтаматам Калашнікава. На рукаве добра бачны шаўрон — з дапамогай расследавальнай групы Conflict Intelligence Team нам удалося вызначыць, што Быкоўскі ў той час служыў у дыслакаваным у Наварасійску 108-м гвардзейскім дэсантна-штурмавым палку, які ўваходзіць у склад 7-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Ён заключыў кантракт з Міністэрствам абароны не пазней за люты 2018 года.
«Віншую свайго любімага сына са святам Днём Абаронцы Айчыны, жадаю ўдачы, здароўя, поспехаў ва ўсім!», — піша Ірына Быкоўская ў сваім акаўнце ў «ВКонтакте» праз год, 22 лютага 2019 года, выкладваючы ягоны фотаздымак у вайсковай форме на беразе мора.
Пра ўдзел дэсантнікаў 108-га дэсантна-штурмавога палка ў вайне з Украінай раней не паведамлялася, затое добра вядомая роля гэтага падраздзялення ў анексіі Крыма: вайскоўцы 108-га ДШП актыўна фатаграфаваліся на паўвостраве вясной 2014 года і выкладалі гэтыя здымкі ў сацсеткі. Удзельнічаў полк і ў сірыйскай кампаніі.
Ці служыць Быкоўскі там цяпер, невядома.
«Ён у Севастопалі ў шпіталі ляжыць»
Радыё Свабода патэлефанавала Раману Быкоўскаму. Ён пацвердзіў, што гэта ягонае імя і прозвішча, а на пытанне, ці застаецца ён у Херсонскай вобласці, адказаў адмоўна і сказаў, што знаходзіцца ў Севастопалі. Спытаўшы, хто яму тэлефануе, і даведаўшыся, што гэта журналіст, Быкоўскі сказаў, што голас на апублікаванай СБУ праслухоўцы яму не належыць.
Запіс размовы, зроблены Радыё Свабода, паказвае ідэнтычнасць яго голаса таму, які гучыць у гутарцы пра «ўкраінскіх баб».
Мы датэлефанаваліся і да Вольгі Быкоўскай. Голас жанчыны таксама цалкам супадае з голасам апублікаванага ўкраінскай спецслужбай аўдыёзапісу. Вольга Быкоўская пацвердзіла Радыё Свабода, што яе муж знаходзіцца ў Севастопалі, удакладніўшы, што ён лечыцца ў шпіталі пасля ранення. Па словах Вольгі, дзе менавіта быў паранены Раман Быкоўскі, яна не ведае.
Пасля гэтага адказу Вольга Быкоўская перапыніла размову і стала скідаць далейшыя званкі. На нашыя паведамленні ў сацыяльных сетках ні Раман Быкоўскі, ні яго жонка не адказалі.
Каментары