Памёр Алег Судлянкоў — вядомы калекцыянер графікі і кніжных знакаў
13 чэрвеня памёр Алег Аляксандравіч Судлянкоў, вядомы ў Беларусі і за яе межамі калекцыянер графікі, кніжных знакаў.
Па адукацыі інжынер (закончыў два політэхнічныя інстытуты — у Мінску і ў Ташкенце), Алег Судлянкоў пачаў збіраць экслібрысы з 1966 года. Улюбёнасць у графічныя выявы, якія раскрывалі інтарэсы, зацікаўленасці розных уладальнікаў бібліятэк, прыцягвалі яго магнетычна, дапамагалі спасцігаць таямніцы кнігазбіральніцтва.
Нарадзіўся Алег Судлянкоў 8 мая 1940 года ў Хабараўску, але большая частка яго жыцця звязаная з Беларуссю, Мінскам. Сабраўшы некалькі тысяч кніжных знакаў, Алег Судлянкоў выбіраў цікавых яму мастакоў, стараўся ўключаць у свой збор тыя кніжныя знакі, якія былі нечым адметныя.
Алег Судлянкоў быў арганізатарам, удзельнікам выставачных праектаў.
Ён падтрымліваў майстроў экслібрыса. Арганізаваў выданне ў Кіеве некалькіх кніг беларускіх кніжных графікаў — Генадзя Вяля, Рамана Сустава, Юрыя Якавенкі. Дапамог мінскаму выдаўцу Але Зміёвай выдаць серыю альбомаў, прысвечаных творчасці такіх экслібрысістаў, як Ганна Ціханава, Арлен Кашкурэвіч, Мікола Селяшчук, Юрый Якавенка, Генадзь Вяль. Алег Аляксандравіч сустракаўся, быў добра знаёмы з такімі легендамі і стварэння кніжнага знака, і яго калекцыянавання, як Сяргей Фарцінскі, Лембіт Лыхмус, Якаў Бердзічэўскі, Алег Ласунскі, Валерый Палікарпаў, Генадзь Вяль, Фёдар Шурмялёў.
Пасля калекцыянера засталася кніга — «Гісторыя беларускіх кніжных знакаў XVI — XX стст.».
Каментары