Рэцэпт на выхадныя. Ягадныя тарталеткі — яркая выпечка для сезона садавіны
Гэтыя яркія тарталеткі робяцца проста, а выглядаюць уражвальна — чым не пачастунак для летняй вечарыны? Вы можаце замяніць ягады любой садавіной, якая вам падабаецца.
Каб згатаваць ягадныя тарталеткі, вам спатрэбіцца:
- 400 грамаў мукі,
- дробка солі,
- 125 грамаў размякчанага масла,
- 245 грамаў цукровай пудры,
- 2 яйкі + 8 жаўткоў,
- 500 мілілітраў малака (3% тлустасці),
- 2 стручкі ванілі з выдаленым насеннем (можна замяніць на 30 грамаў ванільнага цукру ці 3-4 грамы ваніліну),
- па жаданні — 4 сталовыя лыжкі кіршу (можна замяніць на каньяк ці ром),
- 400 грамаў клубніц ці іншых ягад.
- Разагрэйце духоўку да 190 градусаў. Раскачайце масла паміж двума слаямі пергаментнай паперы да слоя таўшчынёй 1 сантыметр і астудзіце ў халадзільніку.
- Падрыхтуйце формы для тарталетак з прыкладным дыяметрам 8-12 сантыметраў. Трохі змажце іх тлушчам і прысыпце мукой.
- Змяшайце ў вялікай місцы 350 грамаў мукі і соль. Дадайце масла проста з халадзільніка і перамяшайце сумесь да аднароднасці.
- Дадайце 125 грамаў цукровай пудры, змяшайце яйкі і 1 жаўток і таксама дадайце іх у сумесь. Акуратна перамешвайце цеста скрабком для цеста ці лапаткай, пакуль яно не збярэцца ў шар.
- Трохі прысыпце мукой працоўную паверхню, выкладзіце на яе шар і мясіце яго, пакуль у вас не атрымаецца гладкае і мяккае цеста. Сфармуйце з яго квадрат, каб пазней было лягчэй раскачаць.
- Пастаўце цеста ў халадзільнік як мінімум на гадзіну, а лепей за ўсё на ноч.
- Дастаньце цеста з халадзільніка і трохі прысыпце мукой працоўную паверхню. Раскачайце цеста да таўшчыні 2-3 міліметры і выкладзіце яго ў 12 формаў, пры гэтым не абразайце цеста моцна па краях форм. Пакладзіце ў формы на цеста пергаментную паперу і засыпце іх фасоляй. Пакіньце формы ў халадзільніку на 30 хвілін.
- Перамясціце формы для тарталетак на бляху і выпякайце аснову на працягу 15 хвілін. Дастаньце з формаў паперу і фасолю, змажце аснову ўзбітым жаўтком і зноў пастаўце формы ў духоўку на 8 хвілін.
- Дастаньце формы з духоўкі і дайце асновам для тарталетак астыць 15 хвілін. Потым абрэжце краі і перакладзіце асновы на рашотку для духоўкі, каб яны далей астывалі.
- Памясціце малако і ваніль у вялікі рондаль і давядзіце да кіпення.
- Пакладзіце 6 жаўткоў, 120 грамаў цукровай пудры і 50 грамаў мукі ў вялікую міску і ўзбівайце, пакуль сумесь не набудзе больш светлы колер. Паступова дадавайце ў сумесь цёплае малако з ваніллю і ўзбівайце далей, потым вярніце сумесь у рондаль. Варыце крэм на слабым агні, пакуль ён не загусцее, потым пералійце ў чыстую міску. Пакладзіце на крэм круг з пергаментнай паперы, каб прадухіліць утварэнне плёнкі.
- Калі вы жадаеце дадаць у крэм кірш, зрабіце гэта, калі крэм астыне.
- Каб сабраць тарталеткі, выкладзіце крэм у кандытарскі мяшок і выцісніце яго на выпечаныя асновы для тарталетак. Упрыгожце дэсерт клубніцамі, чырвонай ці белай парэчкай або ажынай.
Каментары