Меркаванні1010

Украінскі рэжысёр Сяргей Лазніца пра адмену рускай культуры: Гэта цырк і абсурд

Сяргей Лазніца — адзін з найбольш вядомых у свеце ўкраінскіх рэжысёраў. На яго рахунку звыш 20 дакументальных і мастацкіх фільмаў. Нядаўна ён пабываў у літоўскай Нідзе на Міжнародным фестывалі Томаса Мана, дзе прадставіў сваю кінакарціну «Майдан», а таксама прыняў удзел у дыскусіі з гледачамі. Delfi.lt запісаў самыя цікавыя фрагменты гэтай размовы.

Сяргей Лазніца падчас сустрэчы. Фота: Гінтаўтас Бяржынскі / Музей Томаса Мана

Гутарка не абмежавалася тэмай кінематографа — прысутныя разважалі пра рускую культуру, Украіну, літоўскі вызваленчы рух «Саюдзіс», гісторыю расійскай дзяржавы, наступствы развалу Савецкага Саюза і многае іншае.

На сустрэчу з дакументалістам прыехаў і першы кіраўнік Літвы пасля аднаўлення незалежнасці Вітаўтас Ландсбергіс. Яны добра знаёмыя. У 2021 годзе Лазніца зняў пра яго дакументальны фільм «Спадар Ландсбергіс».

Пра адмену рускай культуры

Вясной гэтага года Сяргей Лазніца апынуўся ў эпіцэнтры скандалу з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі. 19 сакавіка яго выключылі з украінскай кінаакадэміі-з-за заклікаў не байкатаваць расійскае кіно, а таксама з-за ўдзелу ў фестывалі расійскага кіно ў Нанце.

Гэты крок кінаакадэміі ў сваім інтэрв'ю назваў памылкай прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Але на гэтым гісторыя не скончылася. 21 мая, атрымліваючы прэмію France Culture на Канскім кінафестывалі за ўнёсак у кінамастацтва, Лазніца сказаў прамову, у якой выступіў супраць байкоту рускай мовы і рускай культуры.

На думку рэжысёра, такія заклікі пазбаўленыя логікі і сэнсу. Ён падкрэсліў, што руская мова — ягоная родная мова, на якой ён гаварыў у сваім родным горадзе Кіеве з дзяцінства [Лазніца нарадзіўся ў беларускіх Баранавічах, але ў Кіеў ягоная сям'я пераехала, як ён быў малым дзіцём. — Рэд.], а рускамоўная культура — дасягненне і багацце Украіны.

На фестывалі ў Нідзе ён не адрокся ад сваіх тэзісаў. «Германія ўжо адмаўлялася ад Шэкспіра, а Францыя ці Вялікабрытанія адмаўляліся ад Вагнера і Гётэ. Яны кляліся — кляліся на разрыў аорты, што іхнія музыка і творы ніколі не будуць гучаць у іх краінах. Томаса Мана [у выпадку французаў і брытанцаў] гэта, дарэчы, таксама тычылася.

Але, як мы бачым цяпер, гэта былі абсалютна дурныя рухі цела, якія ніяк не дапамагаюць спыніць вайну», — сказаў рэжысёр.

Падчас сустрэчы. Фота: Гінтаўтас Бяржынскі / Музей Томаса Мана

«Мне здаецца, не вельмі прыстойна ў чымсьці вінаваціць людзей, якія ўжо не могуць вам адказаць.

Я думаю, што Талстой адказаў бы на ўсе прэтэнзіі з нагоды яго творчасці — з нагоды таго, што ён нейкім чынам ствараў славу «імперыі». Той, якая існуе цяпер. Але ён, на жаль, не можа адказаць».

Спробы ўскласці адказнасць за вайну ва Украіне на рускіх класікаў — мёртвых паэтаў, пісьменнікаў, кампазітараў, філосафаў і інтэлектуалаў, паводле ягонага пераканання, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Лазніца лічыць гэта прыкметай «бескультур'я».

«Калі Томас Ман пісаў «Разважанні апалітычнага» — тады ішла Першая сусветная вайна — ён супрацьпастаўляў культуру і цывілізацыю і адстойваў культуру. Прычым у ролі цывілізацыі [у яго] выступалі англасаксы, а культуры — Германія і Расія. Ён так гэта бачыў (праўда, адзін з гледачоў нагадаў рэжысёру, што на зыходзе жыцця Томас Ман шкадаваў пра думкі, выкладзеныя у гэтым творы)

Як мне здаецца, цяпер у нас задача прасцейшая, паколькі мы маем справу з культурай і бескультур'ем.

Гэта з нагоды [байкоту] Чэхава, Чайкоўскага, Рахманінава, Стравінскага, Шастаковіча і гэтак далей і ўсіх гэтых размоў… Па-мойму, іх ужо трэба спыніць. Усё і так зразумела», — адрэзаў госць фестывалю.

Пра прыродную «жорсткасць рускіх»

«Цяпер задаюць пытанні, чаму такія жорсткія і адкуль такія бязлітасныя гэтыя людзі… Чытайце Шаламава. Там жа апісана гэта грамадства, якое цяпер увасобілася ў такой форме, якой мы проста не заўважалі — не маглі бачыць, таму што яно яшчэ не выявілася, але сутнасць яго ўвасобілася.

Гэта крымінальнае грамадства Гулага, які распоўзся на ўсю краіну, пра што Шаламаў і папярэджваў», — разводзіць рукамі Лазніца.

«З іншага боку, я чую размовы пра тое, што ўсю рускую літаратуру трэба выкінуць, уключаючы Шаламава, таму што ён — рускі пісьменнік. Гэта нейкі цырк і абсурд», — яшчэ раз звярнуў увагу рэжысёр на памылковасць памкненняў байкатаваць усё рускае.

Вітаўтас Ландсбергіс таксама выказаўся на гэтую тэму:

«Чалавек і людзі — гэта рознае. Нават па адносінах да няшчасных рускіх. Адзін рускі — гэта выдатны чалавек. Шмат рускіх — гэта страшна».

Вітаўтас Ландсбергіс і Сяргей Лазніца. Фота: Гінтаўтас Бяржынскі / Музей Томаса Мана

Пра калектыўную адказнасць

«Ёсць выдатная кніга «Пытанне аб вінаватасці « [»Пытанне аб вінаватасці. Аб палітычнай адказнасці Германіі»], напісаная нямецкім філосафам Карлам Ясперсам.

Па-першае, менавіта ён і прапанаваў гэты тэрмін. Але ён, натуральна, не кажа пра яго як пра юрыдычнае вызначэнне. Ён кажа пра тое, што такое пытанне можа ўзнікнуць толькі ў тых, хто належыць да народа, які здзейсніў злачынства, і гэта іх унутраная справа — пытанне сумлення кожнага.

Калі вы спытаеце мяне, ці нясуць грамадзяне адказнасць за тое, што робіць іх урад, я скажу: так, нясуць. А далей — гэта пытанне сумлення. Гэта паўплывае толькі на маё стаўленне [да іх], але не на мае дзеянні», — кажа Лазніца.

З іншага боку, рэжысёра абураюць беспадстаўныя абвінавачванні, нападкі і «павышаную ўвагу» да рускіх і беларусаў выключна з-за іх «няправільнага грамадзянства» або нацыянальнасці. Гэта нездарова, лічыць ён.

«Так, усе людзі, якія ўжо больш за 30 гадоў, напрыклад, жывуць у Германіі, у якіх там ёсць рахункі, але пры гэтым яны з'яўляюцца грамадзянамі Расеі ці Беларусі, атрымалі з банкаў паперу, дзе іх просяць пацвердзіць і растлумачыць, адкуль у іх там грошы. Гэта прасілі зрабіць і тых, хто ўжо тры дзесяцігоддзі атрымлівае ад той жа Германіі сацыяльныя дапамогі. Гэта шакавала многіх, і гэта выглядае, як кампанія [пераследу]», — панаракаў дакументаліст.

Разам з гэтым ён мяркуе, што расіяне ўсё ж нясуць адказнасць за развязванне вайны.

«Што тычыцца сцвярджэння аб тым, што вінаватая толькі ўлада, але не людзі — гэта састарэлае перакананне. Гэта зусім не так. Вінаватыя людзі, паколькі яны нясуць адказнасць за тую ўладу, якую яны маюць».

Пра альтэрнатыўнае развіццё Расіі Лазніца распавёў, што на яго зрабіла моцнае ўражанне апошняя кніга гісторыка Юрыя Фельшцінскага і былога падпалкоўніка КГБ СССР Уладзіміра Папова «Ад чырвонага тэрору да мафіёзнай дзяржавы». У ёй расказваецца пра барацьбу партыі са спецслужбамі, якія ў канчатковым выніку ўсё ж бяруць уладу, з-за чаго Расія ператварылася ў тое, у што яна ператварылася.

«Калі б у 1991 годзе, прапаноўваючы эканамічную дапамогу Савецкаму Саюзу, [Захадам] была пастаўленая ўмова правесці працэс над камуністычным рэжымам, гэта значыць люстрацыю, і адхіліць вялікую колькасць злачынцаў ад улады, дапамагчы перастварыць краіну, вярнуць уласнасць, прыняць законы аб рэстытуцыі, цалкам знішчыць інстытуцыю, якая называлася КДБ, можа быць, Расія пайшла б іншым шляхам», — сказаў рэжысёр, адказваючы на пытанне, ці быў у краіны шанец стаць іншай пасля развалу Саюза.

Ён правёў паралель з пасляваеннай Германіяй. Яе глыбіннае рэфармаванне, змены і адмова ад нацысцкай ідэалогіі, паводле яго слоў, звязаныя з тым, што краіна была падзеленая на розныя зоны акупацыі. У сувязі з гэтым немцам прыйшлося прыняць правілы гульні саюзнікаў, а постсавецкая Расія знаходзілася ў іншай сітуацыі.

«Што тычыцца вайны ва Украіне, калі б цяпер мільёны ў Маскве выйшлі на вуліцы, я думаю, была б зусім іншая гісторыя, але, на жаль, яны не выйшлі. <…>

Мы пастаянна маем справу з таталітарнымі рэжымамі. Гэта ж тычыцца і мяне. Не я яго знайшоў, а ён мяне.

Я не выбіраў, дзе мне нараджацца. Я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, але рана зразумеў, што зусім не туды трапіў, і стаў задаваць пытанне «у чым праблема?». Гэта пачалося гадоў з пяці. У мяне не было канцэпцыі нармальнага жыцця, акрамя кніжнай, а вакол жыццё было вельмі дзіўным — каламутным, як у тумане. Але ў нейкі момант я зразумеў, што мае назіранні ўсё-такі можна ўвасобіць у рэальным жыцці. Аказалася, што гэта кіно», — падзяліўся ён асабістай гісторыяй.

Падчас сустрэчы. Фота: Гінтаўтас Бяржынскі / Музей Томаса Мана

«Вярнуць нарабаванае»

Пытанне аб вяртанні уласнасці законным уладальнікам, якія страцілі яе пасля 1917 года, ён лічыць адным з ключавых фактараў, якія вызначылі будучыню краін, якія выраслі на абломках СССР і Расійскай імперыі.

Сёння на постсавецкай прасторы пра гэтую праблему гавораць вельмі рэдка — гэтая тэма амаль адсутнічае ў публічнай прасторы. Між тым адмова правесці такую рэформу стала паваротным момантам у развіцці, у тым ліку і духоўным, былых саюзных рэспублік.

«Вярнуць нарабаванае — гэта вельмі важна. Але калі я казаў пра гэта палітыкам у Расіі і ва Украіне, на мяне глядзелі, як на вар'ята, але ж гэта зусім нармальная рэч. Калі не рабіць гэтага, у доўгатэрміновай перспектыве не будзе ніякай эканомікі. У такім выпадку атрымліваецца так, што тое, што было скрадзена аднойчы, будзе скрадзена зноў.

Ідэя аб недатыкальнасці прыватнай уласнасці павінна жыць у розуме кожнага грамадзяніна — на гэтым усё трымаецца.

Другі неабходны складнік, на якім павінна трымацца грамадства — разуменне, што закон адзіны для ўсіх. Створаны [ў Расіі і ва Украіне] дзяржаўны або алігархічны капіталізм не мае дачынення да таго капіталізму, які існуе ў Заходняй Еўропе або ў Амерыцы», — адчаканіў Сяргей Лазніца.

Рэжысёр-дакументаліст спаслаўся на кнігу балгарскага палітычнага мысляра Івана Красцева.

Каментары10

  • Василий
    17.07.2022
    Если так называемый "русский язык" и "русская культура" используется оккупантами как оружие для уничтожения языка и культуры оккупированных народов, то это гибридное оружие оккупантов должно быть уничтожено.
  • Жар
    17.07.2022
    Вельмі цікавы артыкул. Амаль ва ўсім пагаджаюся з рэжысёрам.
  • Іван Чэславіч
    17.07.2022
    Лазніца мае вялікую рацыю. 
    Згодны ва ўсім. 

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага3

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Усе навіны →
Усе навіны

«Можна ўзяць аўтамат і перасекчы мяжу?» Павук спытаў у памежнікаў, ці законна расійскія войскі ў 2022 годзе перайшлі беларуска-ўкраінскую мяжу6

Сэрвісу «Яндэкс.Таксі» пагражаюць блакіроўкай: на АНТ выйшаў разгромны рэпартаж12

У Мсціславе трое дзецюкоў ад нуды закідалі яйкамі чужыя аўто і разнеслі альтанкі

Пажар адбыўся на складзе Мінскага інструментальнага завода — два чалавекі шпіталізаваныя1

Час, калі сонца не глядзіць у наша аконца: як не ўпасці ў дэпрэсію і застацца бадзёрым2

Урадавыя войскі Сірыі адкінулі паўстанцаў ад Хамы. Але ў Алепа разгром поўны

«Чыловы хлопец» дабраўся і да Беларусі. Што гэта за мем?5

Хто такі Яўген Горын — прапагандыст, які бярэ інтэрв'ю ў палітвязняў за кратамі і кляйміць Захад18

Прэм'ер-міністр Польшчы праінспектаваў новую лінію абароны на мяжы і назваў яе «інвестыцыяй у мір»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага3

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Галоўнае
Усе навіны →