25-гадовы сябар Гігіна, які нідзе не працаваў, стаў намеснікам гендырэктара «Камволя». Хто ён такі?
Камсамолец Ягор Макарэвіч, да таго нічым не вядомы, пахваліўся ў сацсетках, што стаў намеснікам генеральнага дырэктара «Камволя» па кадрах і ідэалогіі. Хлопец фактычна нідзе не працаваў, акрамя як у сімулякры моладзевага парламента. Як яму ўдалося так узляцець?
25-гадовы Ягор Макарэвіч нарадзіўся ў Мінску, маці працавала на розных дзяржаўных прадпрыемствах. Сам Ягор скончыў, як пазначае на сваёй старонцы ў фэйсбуку, БДУ і Акадэмію кіравання.
Ён шматгадовы актывіст рознага роду сімуляцый таго, чаго ў рэальнасці не існуе, кшталту «моладзевых саветаў дэпутатаў» і «моладзевага парламента».
Генератар бясконцых спічаў у фэйсбуку з перафразамі Лукашэнкі, якія лайкаюць функцыянеры БРСМ, ідэолагі і Шпакоўскі.
Усе дэталі гісторыі ўцягвання Ягора ў працу па падтрымцы лукашэнкаўскага курса невядомыя, імаверна, гэтаму моцна паспрыяў БРСМ і яго сувязі з людзьмі кшталту Вадзіма Гігіна — першае фота, дзе Макарэвіч і Гігін выступаюць з адной трыбуны, хлопец апублікаваў яшчэ тады, калі яму было 17 гадоў.
За кошт энергіі і, у цэлым, беднаты такога роду арганізацый на талковыя кадры, стаў зоркай сімуляцыі «дыялогу ўладаў з моладдзю».
У лукашэнкаўскія палітычныя колы яго прывяла колішняя сенатарка, а цяпер першая намесніца міністра адукацыі Ірына Старавойтава, якая ў час сваёй кадэнцыі ў Савеце Рэспублікі была старшынёй камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.
Для імітацыі дыялогу з моладдзю яна ўзяла Макарэвіча сваім памочнікам. Пасля прызначэння ў Мінадукацыі ўладкавала яго сваім памочнікам там, але ніякай рэальнай работы Макарэвіч не рабіў — займаўся сваім праектам «моладзевага парламента», дзе быў кіраўніком.
2020 год даў шанец такім Макарэвічам праявіць сябе.
Ягор ад імя «моладзевага парламента» апублікаваў фэйкавы рэйтынг кандыдатаў у прэзідэнты сярод «прадстаўнікоў актыўнай моладзі горада Мінска».
У ім Лукашэнку напісалі 61%, але не была патлумачана выбарка ўдзельнікаў, ніхто пра такое апытанне не чуў, што нарадзіла адпаведныя жарты, што Лукашэнка набірае 61% нават сярод апытання паміж трыма бээрсээмаўцамі.
Менавіта такі працэнт у сталіцы пазней Аляксандру Лукашэнку напісаў Цэнтрвыбаркам. У той жа час «Наша Ніва» публікавала звесткі сацыёлагаў з Акадэміі навук, што рэйтынг Лукашэнкі перад выбарамі ў Мінску складаў усяго 24%. У жніўні 2020-га на тых участках у Мінску, дзе за падлікам галасоў дазволілі сачыць назіральнікам, Лукашэнка атрымліваў усяго ад 10 да 35% галасоў.
Перад выбарамі Ягор таксама выступаў з прапагандай Лукашэнкі як бяззменнага лідара.
«Неаднойчы бываў за мяжой і магу сказаць, што нават краіны Заходняй Еўропы часам саступаюць Беларусі ў плане ўпарадкаванасці, не кажучы ўжо пра СНД», — казаў ён у інтэрв'ю. Але гэта няпраўда — «Наша Ніва» праверыла базу перасячэнняў мяжы і выявіла, што Макарэвіч ніколі ў жыцці не бываў у Еўропе.
Яго ўяўленні аб замежжы сфарміраваныя Масквой і Піцерам, куды ён з 17 гадоў, разам з Гігіным і цяперашнім кіраўніком БРСМ Лук'янавым, пачаў катацца на канферэнцыі кшталту «Паседжанняў Рады Моладзевай палаты пры Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі» як прадстаўнік беларускай моладзі.
Адзін раз Макарэвіч бываў у Азербайджане, на гэтым яго геаграфічная эрудыцыя сканчаецца.
Макарэвіч выступаў перад студэнтамі, крычаў у мегафон перад амерыканскім пасольствам, ускладаў з Качанавай кветкі і абяцаў «вайну моладзі супраць фэйкаў».
Калегі па цэху сапраўды лічаць, што ў яго ёсць талент і вялікая будучыня ў лукашэнкаўскай Беларусі.
«Унікальны выпадак для сістэмы, калі такі малады чалавек ужо можа серыйна генераваць бессэнсоўшчыну з пасылам «За Радзіму, за Сталіна!», тонка счытваць меседжы Лукашэнкі, паўтараць гэта сваімі словамі і без запінак — гэта тое, чаму пад канец жыцця навучыцца не кожны адстаўны палкоўнік на пасадзе ідэолага.
Адна ў яго бяда — фактычна нідзе не працаваў, ні ў чым не разбіраецца, раней такіх называлі камсамольцамі», — лічыць чалавек, які перасякаўся з Макарэвічам.
На «Камволі» — прадпрыемстве на 800 супрацоўнікаў — Макарэвіч будзе адказваць за падбор кадраў і тлумачэнне палітыкі Лукашэнкі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ-
Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага
-
«Схапілі і панеслі. Некалькі разоў паспелі ўдарыць». Беларус расказаў пра сваё затрыманне ў Грузіі
-
Ціханоўская: Мы не павінны дазволіць дыктатарам пасварыць беларусаў і літоўцаў
Каментары
Шучу конечно. Это же какое скотство творится, что просто профанов назначают на такие должности. Сидят на убыточных предприятиях и пилят бюджет. Красотища неимоверная.