Грамадства

«Ні ў якім разе не паеду ў крымінальныя раёны». Як беларускі музыкант працуе таксістам у Чыкага і ўжо атрымаў статус «голд»

Сяргей Доўгушаў — вядомы выканаўца беларускай народнай музыкі, спявак і арганізатар фальклорных фестываляў, саліст гурту Vuraj. У 2020-м Доўгушаў удзельнічаў у дваровых канцэртах, пазней з’ехаў у Польшчу, а апошнія паўгода асвойваецца ў ЗША. «Нашай Ніве» Сяргей распавёў пра сваю новую амерыканскую працу — ужо некалькі тыдняў ён таксіст Uber.

Усе фота: архіў суразмоўцы

«Наша Ніва»: Як пачалі працаваць ва «Уберы»?

Сяргей Доўгушаў: Калі хочацца падзарабіць грошай, можна паспрабаваць рознае, і мне захацелася паспрабаваць працаваць у таксі. У ЗША людзі схільныя лічыць свой час, дык я пабачыў, што маю вольны час па буднях, які мог бы прысвяціць такой працы. У дадатак, я нядаўна здаў на правы і маю машыну, так што вырашыў паспрабаваць. Зарэгістраваўся на адпаведным сайце і пачаў працаваць.

Выбраў гэтую працу, бо хацелася не столькі падзарабіць, колькі яшчэ больш пазнаёміцца з мясцовасцю і з людзьмі, адчуць Амерыку знутры. Калі ты прыязджаеш туды турыстам — гэта адна справа, а ў дадзеным выпадку я працую бліжэй да людзей, камунікую з імі. Так усё робіцца больш зразумелым.

«НН»: На правы здавалі ў ЗША?

СД: Так, тут гэта заняло няшмат часу, і ўжо праз месяц я набыў сабе машыну. Гэта Амерыка, тут здаць на правы не так складана.

Увогуле, мне падабаецца ЗША тым, што, калі ты нешта хочаш, ты можаш гэта атрымаць. Напрыклад, калі жадаеш набыць сабе дом, ты ідзеш працаваць і праз нейкі час набываеш яго. А ў Беларусі ты працуеш, марыш, думаеш пра гэты дом, але можаш пражыць так цэлае жыццё і так яго і не набыць. У ЗША ж, калі ты хочаш паляцець у нейкую краіну, ты зарабляеш на гэта грошы і ляціш, куды жадаеш, тут усё проста і зразумела.

«НН»: Зараз гэта не адзіная ваша праца?

СД: Не. Бачу, як людзі рэагуюць на мае пасты [пра працу таксістам]: маўляў, музыкант пайшоў на такую працу, ён жа павінен займацца музыкай.

Але ў маім жыцці хапае музыкі і творчасці: хутка я еду ў тур у Канаду, таксама планую выступіць на некалькіх музычных фестывалях.

Такія падзеі часцей за ўсё адбываюцца па выходных. У будні ж я займаюся ўласнымі праектамі, але пры гэтым маю шмат вольнага часу, вось я і палічыў, што не варта сядзець дома, калі можна неяк падпрацаваць. Падыходжу да гэтага як да гульні і цікавага досведу, ды і Амерыка вучыць не ставіцца да ўсяго занадта сур’ёзна.

За 7—8 гадзін працы я магу атрымаць 200 даляраў.

Для гэтага мне трэба проста паездзіць на машыне і развезці замовы, прынесці людзям радасць і пабачыць новыя мясціны. За гэта яшчэ ж і грошы даюць, дык чаму б не папрацаваць?

«НН»: То-бок праца вам падабаецца?

СД: Калі ўлічыць, колькі зарабляю і тое, што працую па вольным графіку, то так. Спрабаваў сябе ў іншых кірунках, але не здолею працаваць пяць дзён на тыдзень. У выпадку з «Уберам» я сам вырашаю, калі і дзе мне працаваць, у мяне няма ніякіх дырэктараў.

Выступ у Таронта разам з гуртам «Яваровыя людзі».

У ЗША ўвогуле пачынаеш да ўсяго ставіцца спакойна. Мне трэба грошы — я пайшоў і нешта падзарабіў. У мяне не тая сітуацыя, што мне тэрмінова трэба нешта зарабіць, я заўсёды магу зарабляць грошы музыкай і праводзіць заняткі па спевах, і так я атрымаю ў разы больш.

Але мне хочацца новага досведу, бо выкладаю ўжо больш за 10 гадоў. Мне заўсёды цікава рабіць нешта, звязанае з вандроўкамі і падарожжамі.

«НН»: Працуеце недзе ля Чыкага?

СД: Так, хаця я жыву ў мястэчку кіламетраў за 30 ад яго. Увогуле большасць беларусаў, якія тут жывуць, выбіраюць для сябе не горад, а прыгарад, шукаюць там сабе прыватныя дамы. У Чыкага шмат злачынстваў, асабліва ў некаторых раёнах, і жыць там пажадае не кожны. У дадатак, там шумна і часам складана перасоўвацца нават на машыне.

«НН»: Вам даводзілася па працы выязджаць у такія непрыемныя мясціны?

СД: Так. У паўднёвай частцы Чыкага ёсць небяспечныя раёны, дзе жывуць афраамерыканцы. Калі туды трапляе беласкуры чалавек, яго часам могуць і застраліць. Неяк я выпадкова апынуўся недалёка ад тых раёнаў, дык мне было дужа страшна, бо разумеў, як на мяне глядзяць, бачыў гэтыя брудныя вуліцы, наркаманаў.

Пазней даведаўся, што і бліжэй да цэнтра Чыкага ёсць крымінальныя раёны, куды не варта ехаць. Калі атрымоўваю замовы, гляджу, ці трэба заязджаць далёка ў такі раён, і магу з’ездзіць, калі гэта недалёка.

Бывае, пераездзеш мост, які падзяляе два раёны, і бачыш проста іншы свет, нібыта вакол цябе марсіяне. Паўпустыя дарогі, забітыя будынкі, людзі на цябе касавурацца…

Неяк у такім месцы за мной пабег хлопец і пачаў махаць рукамі, я тады даў па газах і пазначыў на мапе, што ні ў якім разе туды больш не паеду.

«НН»: У самім Чыкага часта бываеце?

СД: Не, больш працую на поўначы і паўночным захадзе ад горада. Чыкага — гэта збольшага турыстычны горад, і там ёсць свае мінусы. Напрыклад, праз вялікую колькасць высотак дрэнна ловіць інтэрнэт, таксама вельмі складана знайсці паркінг. Калі ты прыязджаеш і бярэш замову, трэба недзе прыпаркавацца, дык я стаўлю машыну на аварыйку і іду шукаць або адрас, куды трэба прынесці замову, або рэстаран, дзе яе трэба ўзяць. Можна так адысці на 5 хвілін, а потым знайсці ў сябе на шкле канверцік са штрафам, штраф за паркоўку не ў тым месцы — 70 даляраў, так што працаваў увесь час на стрэсе.

Зразумеў, што гэта не тое. Працую вакол Чыкага, тут ёсць свае гарады і вёскі, і мне тут больш падабаецца. Разношу ежу ў прыватныя дамы, і гэта лепей, чым насіць яе ў 98-павярховыя высоткі: пакуль аднясеш замову і прыйдзеш назад, табе ўжо пакладуць канверт са штрафам на шкло.

«НН»: Больш дастаўляеце ежу, а не працуеце з людзьмі?

СД: Пакуль не хачу вазіць людзей. У мяне няма адпаведнага досведу, дый мне больш падабаецца працаваць самастойна. Бяру замовы з розных рэстаранаў, мне цікава паглядзець розныя кухні, бо ў ЗША ёсць шмат цікавых рэстаранаў. Аднойчы нават абедаў у рэстаране эфіопскай кухні. Часцей за ўсё працую з рэстаранамі карэйскай і кітайскай кухні, даводзіцца часта вазіць фастфуд.

Так я сябе адчуваю больш свабодна: магу слухаць музыку, уключаю сабе розныя аўдыязаняткі. Што датычыцца людзей, то з імі і адказнасці больш, і ўвогуле гэта менш бяспечна, а па грошах ты не так шмат выйграеш.

«НН»: Вы пісалі ў фэйсбуку, што атрымалі як кіроўца статус «голд». Што гэта азначае?

СД: Тое, што ўсё замоўцы ставілі мне лайкі і пісалі пра мяне станоўчыя водгукі, адмоўных водгукаў на мяне няма. Выконваю працу хутка і якасна, так што праблем няма. Што гэта мне дае? Думаю, гэта будзе ўплываць на мой рэйтынг. Калі чалавек нешта замаўляе і выбірае, які кіроўца да яго прыедзе, ён бачыць рэйтынг кіроўцаў, і тых, хто мае дрэнны рэйтынг, напэўна не будуць актыўна запрашаць працаваць. Калі ж чалавек мае добры рэйтынг і, напрыклад, не тырыў ежы, яго будуць запрашаць часцей.

Сяргей на праслухоўванні на фестываль Minnesota Renaissance Festival.

«НН»: Чым зараз займаецеся акрамя таксі?

СД: Нядаўна зарэгістраваў уласную кампанію, цяпер хачу распачынаць бізнэс. Амерыка — гэта краіна, дзе сваю справу можна заснаваць вельмі хутка, галоўнае, плаці падаткі.

Засталося выбраць сферу дзейнасці і стартаваць. Гэта можа быць крама ці інтэрнэт-крама, нейкія пастаўкі, арганізацыя канцэртаў ці фестываляў, нешта турыстычнае ці звязанае з адпачынкам людзей. Напрыклад, мог бы арганізаваць сваю сядзібу, дзе падаваў бы традыцыйныя стравы ды напоі, арганізоўваў бы вечарыны. Ёсць шмат кірункаў таго, што магло б прыносіць грошы і ў чым бы я мог развівацца.

Назіраю, як тут прыжываюцца новыя трэнды. Нядаўна ў ЗША з’явіліся грэчаскія фастфуды, японскія. Яны робяцца па прыкладзе «Макдональдсаў», але ежа там іншая. Дык чаму б не зрабіць беларускі фастфуд, з мачанкай і дранікамі?

Шкада, што музыка і творчасць тут, у ЗША, [для мяне] шмат у чым хобі. Шмат хто з мясцовых таленавітых музыкантаў працуюць на іншай працы, у тым жа ІТ, а музыкай займаюцца на выходных. У мяне ёсць і музычныя падпрацоўкі, ёсць шмат рэчаў, дзе можна было б зарабіць.

«НН»: Надоўга вы на гэтай працы?

СД: Калі мне ўжо не будзе гэта падабацца, я адразу ж сыду. Праграма ў мяне на тэлефоне, таму магу працаваць у любы час. Цікава, што можна працаваць у любым горадзе і любым штаце. Напрыклад, я паехаў да сябра ў Мінесоту, там уключыў праграму і крыху папрацаваў, то-бок з’ездзіў у госці ды яшчэ і падзарабіў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Самае галоўнае — не займацца фігнёй». Музыка Сяржук Доўгушаў — пра новае жыццё ў ЗША

Мінская ІТ-кампанія перавезла супрацоўнікаў у Аргенціну. Як там выглядае жыццё?

«Доктар сказаў, што я нарадзілася ў кашулі». Беларуска перамагла алкагалізм, рак і адкрыла бізнэс у ЗША

Каментары

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта8

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі6

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў3

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

За тры гады ва Украіне стала на 300 тысяч больш людзей з інваліднасцю5

У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка з удзелам каліноўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта8

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Галоўнае
Усе навіны →