Грамадства1818

«Калі вярнуўся дадому, даведаўся, што таты не стала». Гутарка з кадэтам, які выступаў па-беларуску перад Лукашэнкам

1 верасня Аляксандр Лукашэнка правёў адкрыты ўрок для старшакласнікаў і студэнтаў. Адным з самых яркіх момантаў лекцыі стала выступленне Захара Аўчыннікава — кадэта з Віцебскага кадэцкага вучылішча. Малады чалавек сам падняў руку, каб сказаць, чым ён ганарыцца ў сваёй краіне. Выслухаўшы яго, Лукашэнка задаў яму два пытанні. Адно аб Вялікай Айчыннай вайне, другое пра СССР. Вучань хваляваўся, але гаварыў шчыра. Блог «Отраженіе» звязаўся з Захарам, каб крыху больш даведацца аб ім, яго любові да беларускай мовы і цікавасці да гісторыі.

Захару 16 гадоў. Ён гаворыць па-дзіцячаму шчыра, але вельмі спакойна і стрымана, нібы абдумвае кожнае слова. Яго сям'я жыве ў вёсцы Дрыгучы Мёрскага раёна. Цяпер хлопец таксама там. Расказвае, што прыехаў дадому пасля адкрытага ўрока «па сямейных абставінах». Якія, не ўдакладняе. З двара нікуды асабліва не выходзіў, таму з тамтэйшымі свой выступ не абмяркоўваў. Ды і людзей, прызнаецца, у іх краях няшмат.

Дрыгучы — маленькая вёска, дзе ёсць толькі пачатковая школа. Тут хлопец адвучыўся чатыры гады, а потым ездзіў па веды ў суседні аграгарадок. Праблем з вучобай у яго ніколі не было, і бліжэй да сёмага класа педагогі параілі хлопчыку паспрабаваць паступіць у гімназію. Школьнік на той момант, як і цяпер, захапляўся вайсковай тэматыкай і вырашыў прыгледзецца да кадэцкага вучылішча.

— Вучылішча створана на базе гімназіі, таму веды тут займаюць значнае месца, дый педагогі моцныя. Першы раз я завітаў сюды яшчэ да паступлення, мне спадабалася, — тлумачыць Захар, чаму пасля сёмага класа ўсё ж абраў Віцебскае кадэцкае вучылішча. — А яшчэ ў Віцебску ў мяне жывуць сваякі, і я мог прыязджаць да іх на выхадныя.

Цяпер Захар у адзінаццатым класе. Яго сярэдні бал за дзясяты — 9,5, а любімыя прадметы звязаныя з гуманітарнымі навукамі. Адзін з іх — гісторыя. Ёй хлопец захапляецца даўно і паспяхова. Летась узяў дыплом 3 ступені на абласной алімпіядзе, тады ж з адной з вучаніц яны атрымалі «срэбра» на рэспубліканскім конкурсе навуковых прац. Кадэты збіралі імёны вайскоўцаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў Віцебскім раёне ў гады Другой сусветнай вайны. Захар працаваў з архівам Мінабароны РФ, і гэта яго вельмі ўразіла.

— Адна рэч, калі ты ведаеш лічбы тых, хто загінуў, і зусім іншая, калі бачыш імя, гады чалавека, чытаеш, дзе і як ён памёр, калі разумееш, што паміралі цэлыя сем'і, — згадвае суразмоўца. — У такія моманты па-іншаму ставішся да падзей вайны. Адчуваеш, што гэта было страшней, чым ты мог сабе ўявіць.

— А адкуль у вас такая любоў да гісторыі?

— Гістарычныя кнігі і праграмы мяне заўсёды цікавілі. Да таго ж, дзяцей у нашай вёсцы няшмат, таму трэба было прыдумваць, як займаць час, і я чытаў. Дый у школе па гісторыі ў мяне былі добрыя настаўнікі, заахвочвалі мяне займацца. З гэтага ўсё пачалося. А цяпер я сам часта звяртаюся да мінулага, каб лепш зразумець тое, што адбываецца зараз.

Праўда, станавіцца гісторыкам Захар не збіраецца. У планах быць юрыстам або адвакатам.

— Спачатку я меркаваў, што звяжу свой лёс з матэматыкай. Напрыклад, буду інжынерам, — згадвае кадэт. — Але два гады таму падумаў, што мне хацелася б рабіць нешта добрае для сваёй краіны. Адна з лепшых магчымасцяў для гэтага — абраць прафесію, якая будзе звязана з грамадствам. Таму я і спыніўся на юрфаку.

З жаданнем рабіць нешта добрае для сваёй краіны прыйшло і разуменне, што трэба шукаць у сабе смеласць гаварыць па-беларуску: «усё ж такі я беларус». З тых часоў кадэт стаў спрабаваць пераходзіць на беларускую мову ў паўсядзённым жыцці. Шчыра прызнаецца: атрымліваецца не заўсёды і не з усімі, але ён імкнецца.

— Я імкнуся павялічваць ужыванне мовы і мару, што калісьці поўнасцю на яе перайду. Па-першае, гэта прыгожа, па-другое — магчымасць даць людзям вакол зразумець, што ты беларус, — разважае Захар. — А яшчэ не хачу, каб мне было сорамна перад будучымі дзецьмі, калі яны раптам спытаюць: «Тата, чаму ты не падтрымліваў мовы?». Таму, калі мяне запрасілі на адкрыты ўрок да прэзідэнта, я вырашыў, што тут абавязкова павінна загучаць наша мова.

Але аб усім па парадку.

«Мне здаецца, гэтя вельмі важна — гаварыць тое, што думаеш»

У Мінск на адкрыты ўрок Захара запрасілі 25 жніўня. Калі яму патэлефанавалі з вучылішча і сказалі, што яго выбралі для паездкі, ён здзівіўся. А потым падумаў, што гэта добрая магчымасць задаць пытанне Аляксандру Лукашэнку, і стаў думаць, пра што важнае хацеў бы спытаць. Вырашыў: даведаецца пра тое, як далей будзе развівацца беларуская мова ў сістэме адукацыі.

— Але 31 жніўня я зразумеў, што магчымасць задаць пытанне будзе не ва ўсіх, таму спадзяваўся, што мне проста ўдасца агучыць свае думкі, — адказвае суразмоўца. — Адказ дзяўчынкі, якая казала Аляксандру Рыгоравічу, чым у Беларусі яна ганарыцца, мне падаўся няскончаным, таму я падняў руку, каб таксама выказацца. Мне здаецца, сказаць, чым я ганаруся, гэта нават лепш за маё пытанне. Але гэтыя думкі прыйшлі пасля, а ў той момант я вызваўся аўтаматычна. Першая частка маёй прамовы прайшла больш-менш па плане. Але калі мне задалі дадатковыя пытанні, зразумеў, што становішча робіцца больш складаным. Калі агучваў свае думкі, думаў над кождым словам, каб не зганьбіцца.

Здавалася, вы вельмі хваляваліся.

— Трохі разгубіўся, але, спадзяюся, усё выйшла даволі дыпламатычна. Некаторыя пісалі, што я ледзь не расплакаўся, але насамрэч так атрымалася з-за таго, што я быў сканцэнтраваны на адказах. Трэба было шмат чаго перабраць у галаве, а часу было мала.

— Пакрыўдзіліся на словы пра слёзы?

— Не, навошта. Людзі хвалююцца, так бывае. Вядома, трывога ўнутры мяне таксама была.

— А яшчэ было відаць, што для вас важна адстаяць свой пункт гледжання.

— Мне здаецца, гэта вельмі важна — гаварыць тое, што думаеш, бо, калі гэтага не рабіць, не будзе развіцця і самастойнасці. Але, каб агучваць свае думкі, патрэбна смеласць. Падняць руку на адкрытым уроку ў першую чаргу было важна для мяне самога. Гэта як доказ таго, што я маю гэтую смеласць.

А што было, калі адкрыты ўрок скончыўся?

— Некаторыя рабяты з іншых дэлегацый падыходзілі да мяне, каб паціснуць руку. Цяпер шмат знаёмых і невядомых людзей пішуць мне ў сацсетках. У асноўным дзякуюць за то, што выступіў на мове, што смела адказваў, што ўспомніў Генрыка Дмахоўскага з Мёршчыны. Нехта жартуе, нехта хвалюецца, быццам, могуць быць нейкія наступствы з-за таго, што маё выказванне сталі распаўсюджваць. Гэта крыху мяне накруціла. Але я не лічу, што такія пытанні павінны быць да кагосьці, хто ўчора выказваўся. Па-іншаму я б не паступіў, таму стараюся захоўваць вытрымку.

— А што вам сказалі бацькі, калі вы прыехалі дадому?

— Яны не глядзелі выступ, але потым мама мяне пахваліла, — адказвае Захар, і голас яго пачынае дрыжэць: — А таты не стала ў ноч з 31 жніўня на 1 верасня. Але я даведаўся пра гэта, толькі калі вярнуўся. Ён шэсць гадоў змагаўся з анкалогіяй. Калі я быў у Мінску, мама, напэўна, вырашала мне не гаварыць. Ды я і сам не патэлефанаваў… Столькі ўсяго звалілася за гэтыя дні.

Каментары18

  • Праўда за намі !
    03.09.2022
    Дазвольце выказаць спачуваньне хлопцу і яго сям'і. Хлопча, трымайся, такія як ты (ВЫ!!!) вельмі патрэбны Беларусі і Беларусам !
    Гонар сваёй Дзяржавы, гонар сваёй Мовы, гонар Беларусі і Беларускага, асабісты гонар Чалавека з вялікай літары вельмі патрэбныя нам, Беларусам, нашай Краіне Беларусь !
    Колькі б не зневажалі Беларусь і Беларусаў, Беларускае, але дзякуючы такім Чалавекам, мы не страцім сябе !, не растворым у тых жа расейцах
    лукашэнкі !
    Праўда за намі !!!
  • Ў
    03.09.2022
    Захар, калі раптам ты гэта чытаеш, ведай, што ты сапраўдны маладзец. Такім, як ты, ўздымаць краіну з руінаў пасля... раз мы, старэйшыя, не змаглі зрабіць гэтага раней. 
    Мае шчырыя спачуванні, я ведаю, што такое страціць бацьку...
  • сэм
    03.09.2022
    Трэба якась падтрымаць хлопца і сям'ю. 

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?9

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Усе навіны →
Усе навіны

«Грабуць вазкамі». У Віцебску прадпрымальнікі са згарэлага гандлёвага цэнтра прадаюць выратаваны тавар на вуліцы19

У Пружанскім раёне выпадкова застрэлілі паляўнічага4

У аграгарадку пад Маладзечнам з-за перабояў з электрычнасцю загараюцца ацяпляльныя катлы?6

Вялікабрытанія ўпершыню пратэсціравала радыёхвалевую сістэму супрацьпаветранай абароны. Што гэта такое?3

У якія еўрапейскія краіны ездзілі беларусы ў 2024 годзе?3

Азербайджанскі дэпутат: Расія павінна выбачыцца за атаку на самалёт Баку — Грозны10

Халезін: «Бяляцкі — добры кандыдат у прэзідэнты. Ён такі чалавек, які хацеў бы сузіраць Беларусь»9

Разведка Паўднёвай Карэі: УСУ ўзялі ў палон паўночнакарэйскага салдата2

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?9

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Галоўнае
Усе навіны →