У Гомелі кіроўца скраў прысмакаў на 1280 рублёў. Сказаў, што з'еў
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес прысуд 40-гадоваму кіроўцу. Мужчына перавозіў кандытарскія вырабы, але да крам яны так і не даехалі.
Падрабязнасці «Белцы» распавяла намеснік пракурора Гомеля Ірына Курбацкая.
Мужчына працаваў кіроўцам у ІП. У яго абавязкі ўваходзіла развозіць па гандлёвых пунктах прадукты харчавання. Але ў адзін з сакавіцкіх дзён нешта пайшло не так.
Кіроўца прыехаў на склад кандытарскай фабрыкі «Спартак», там загрузіў у машыну прадукцыю. Аднак да гандлёвых кропак яна не даехала.
Індывідуальны прадпрымальнік не далічылася цукерак, печыва, вафель, мюслі, шакаладу на суму 1280 рублёў і звярнулася ў міліцыю.
Следчым мужчына растлумачыў, што прысмакі з'еў. У судзе віну прызнаў часткова.
За прысваенне маёмасці мужчыну асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» і штраф у памеры 40 базавых велічынь.
Каментары