Дні робяцца карацейшымі, а надвор’е ўсё больш халодным. Гэта значыць, што набліжаецца зіма, а разам з ёй — і чарговы ўсплёск рэспіраторных хваробаў. Падкажам, як не стаць іх ахвярай.
Будзьце актыўныя
Фізічная нагрузка — добры спосаб умацаваць сваё здароўе і знізіць успрымальнасць да хвароб, піша New York Times.
У 2011 годзе было апублікаванае даследаванне, падчас якога амерыканскія навукоўцы тры месяцы назіралі за больш чым 1000 жыхароў Паўночнай Караліны. Яны запісвалі іх звычкі, у тым ліку тое, як гэтыя людзі харчаваліся і колькі мелі фізічнай нагрузкі, а таксама тое, як часта мелі рэспіраторныя хваробы, і наколькі цяжка ў іх праходзілі гэтыя хваробы.
Выявілася, што тыя, хто займаўся спортам пяць і больш дзён на тыдзень, мелі на 43% ніжэйшыя шансы захварэць, чым тыя, хто меў фізічную нагрузку радзей чым раз на тыдзень. Але нават 20 хвілін умераных практыкаванняў (скажам, хуткай хады) па меншай меры раз на тыдзень усё роўна дапамагалі падвышаць імунітэт. Можаце таксама паспрабаваць танцы ці любую іншую нагрузку — яна не абавязкова павінна быць цяжкай.
Не недаацэньвайце адпачынак
Занадта вялікая фізічная нагрузка можа перагрузіць цела і пагоршыць працу імунітэту, што павялічыць рызыку хваробы. Калі вы раптам адчуваеце сябе дрэнна ці пастаянна стамляецеся, або калі трэніроўкі, што раней былі лёгкія, цяпер здаюцца занадта цяжкімі, гэта можа быць сігналам, што вам трэба знізіць тэмп.
Навукоўцы лічаць, што недастатковы ці няякасны сон таксама можа пагоршыць вашу здольнасць супрацьстаяць інфекцыям. Не ўсім патрэбная аднолькавая колькасць сну, але ў сярэднім дарослы чалавек мусіць спаць шэсць-восем гадзін кожную ноч.
Добры сон можа таксама дапамагчы спраўляцца са стрэсам. Калі чалавек пастаянна знаходзіцца ў стрэсавым стане, гэта можа паменшыць рэакцыю яго арганізма на вакцыны і інфекцыі і зрабіць яго лёгкай ахвярай розных хвароб, не толькі інфекцыйных. Змагацца са стрэсам дапаможа не толькі сон, але і медытацыя, ёга і проста любая актыўнасць, якая прыносіць вам задавальненне.
Прытрымлівайцеся здаровага харчавання
Ежа і напоі, што вы ўжываеце, з’яўляюцца аднымі з найважнейшых рэчаў, якія могуць паўплываць на ваш імунітэт. Яркая садавіна і гародніна — напрыклад, ягады, цытрусавыя і капуста — з’яўляюцца добрымі крыніцамі флаваноідаў, як і чай, кава, цёмны шакалад і некаторыя збожжавыя, напрыклад, грэчка. Флаваноіды могуць дапамагчы арганізму змагацца з хваробамі.
Таксама ёсць даныя, што ўздзеянне цыгарэтнага дыму і празмернае ўжыванне алкаголю могуць прыгнятаць вашу імунную сістэму.
Прытрымлівайцеся мер абароны супраць кавіду
Медыкі рэкамендуюць своечасова прышчапіцца ад кавіду і грыпу, калі вы не маеце супрацьпаказанняў. Таксама не варта недаацэньваць пандэмійную звычку насіць маскі ў памяшканнях, тым больш што яны дапамагаюць ад любых вірусаў, не толькі ад кавіду. Гэта асабліва важна, калі ў вас слабы імунітэт. Нарэшце, устрымлівайцеся ад сустрэч з іншымі людзьмі, калі маеце сімптомы рэспіраторнай хваробы, і зрабіце ў такім выпадку хаця б экспрэс-тэст на кавід.
Каментары