Культура55

Як жыла, піла і тварыла менская багема ў 1990-х? Успамінае пісьменніца Святлана Курс

Пісьменніца Святлана Курс у 1990-я трапіла ў нацыянальны рух і ў колы беларускай інтэлігенцыі. Яна памятае тую атмасферу свабоды і ўсёдазволенасці, што панавала ў Менску, багемныя вечарыны і гулянні, якія былі часткай будзённасці інтэлектуальных колаў. Пра менскую багему, яе легендарных постацяў — Анатоля Сыса і Міхала Анемпадыстава, пісьменніца распавяла ў выпуску «Ток».

— Давайце пагаворым пра 90-я. Якая была атмасфера ў той час, калі вы, маладая студэнтка, прыехалі ў Менск, паступіўшы на філфак, і там такое асяроддзе зорнае. Можаце прыгадаць, што гэта за тусоўкі былі?

— Гэта адбылося выпадкова, бо я не ведала, што я туды патраплю.

Я мусіла па размеркаванні вярнуцца ў сваю вёску і выкладаць там расейскую мову і літаратуру. Але ўжо ў апошнія гады, калі вывучала педагогіку, я зразумела, што я там трупам лягу. Я ледзь адбыла тыдзень практыкі. І больш бяздарнай настаўніцы не знойдзеш са свечкамі. Я потым у садку спрабавала працаваць. Справа ў тым, што я тут жа раблюся ім [дзецям] сяброўкай. І яны мне залазяць на галаву, нават пяцігадовыя. І з гэтага жаху, з гэтай школы я хуценька выскачыла. Убачыла абвестку на плоце ці на слупе, што ў рэдакцыю беларускага радыё патрабуецца стажыст. Ну я і пайшла. І я патрапіла спачатку да Ігара Сідарука, а потым да Уладзіміра Дзюбы.

І тут грымнуў час свабоды.

Я хадзіла, ва ўсіх брала інтэрв’ю. І так я пазнаёмілася абсалютна з усімі, хто тады меў нейкі сэнс і значэнне.

На дадатак я тады ж уступіла ў Беларускі народны фронт. І адпаведна, я ведаю ўсіх людзей 90-х па дзвюх лініях. Таму што я была ў маскоўскай радзе БНФ і таму што я была журналісткай, якая брала інтэрв’ю ў каго заўгодна — у старой інтэлігенцыі, у паміраючай інтэлігенцыі, у такіх класікаў, якія, здавалася, даўно памерлі, і ў найюнейшых усходах тадышніх.

Я не была ніколі ў цэнтры гэтай тусоўкі, але так, з усімі тусавалася, гуляла, выпівала.

— Як выглядалі тусоўкі тыя?

— Гэта такая свабода была. Тады ж толькі пачалі шыкоўныя рэчы з’яўляцца, магчымасці, людзі пачалі мець свае майстэрні. Там пачыналі адбывацца нейкія канцэрты, сходкі, спрэчкі. Пачаліся першыя выезды за мяжу, першыя кантакты з палякамі, французамі… Гэтае паветра свабоды раптам звалілася на нас. Пачаліся гэтыя прыўкрасныя хэпенінгі і мітынгі. На мітынгу вы маглі сустрэць усіх. Пасля мітынгу было вясёлае распявалава і бухалава. Ствараліся сем’і, людзі займаліся сэксам. Людзі выязджалі на лясныя і не лясныя фестывалі.

Памятаю, якія файныя імпрэзы ладзіў заўсёды Артур Клінаў. Ягоны фестываль чарніла і барматухі — гэта была фантастыка.

Колькі было фэстаў, божа мой — паэтычных, літаратурных, мастацкіх.

Гэта было шыкоўнае жыццё, і паралельна краіна ажывала. [Генадзь] Карпенка рабіў з Маладзечна літаральна беларускую Швейцарыю. Андрэй Клімаў выдумляў беларускі аўтамабіль. Была фірма «Дайнова». Былі першыя беларускамоўныя фірмы, якія пачалі прадаваць па-беларуску. Я памятаю, прачытаўшы абвестку «Прадаюцца рэчы гуртом і ўраздроб», адчула філалагічны аргазм. Гэта табе не «оптом и в розницу».

Такі быў фестываль свабоды ва ўсіх сэнсах — разумовай, філасафічнай, духоўнай, сэксуальнай, чалавечай, палітычнай. І раптам — «хрусь і папалам», як той Вольскі кажа.

— Што вы прыгадваеце пра [паэта Анатоля] Сыса, напрыклад?

— Першы мой успамін пра Сыса быў такі, што вось ідзе мітынг, бел-чырвона-белыя сцягі, выступоўцы, і Сыс кружляе вакол гэтага мітынгу. Ужо падпіты, ён ужо тады добра піў, але ён быў настолькі падобны да ваўка, які кружляе вакол атары авец. У яго быў непрытомны, цяжкі позірк. А я ведаю, што такое ваўчыны позірк.

Аднойчы я сустрэлася на самоце з ваўком на паляне, і мы доўга адно аднаму ў вочы глядзелі.

Гэта ў яго быў такі позірк. Дзіка разумны, дзіка цяжкі і трошачкі, трошачкі нялюдскі.

Я пытаюся, а хто гэты чалавек, таму што ён сапраўды кідаўся ў вочы і хадзіў неяк так набычыўшыся. Мне сказалі, што гэта Анатоль Сыс.

Ну ягоныя вершы натуральна я ведала, бо яшчэ ў школе перапісвала іх уручную, бо яны мне так падабаліся, што хацелася іх перапісаць сваімі літарамі.

Гэта была першая сустрэча.

Потым мы ўжо паехалі да яго ў інтэрнат, быў там Славамір Адамовіч, былі размовы пра Беларусь, пра тое, пра сёе. Але ён тады ўжо быў зусім не ў форме. Ён нешта роў, чытаў абрыўкі вершаў. Але памятаю, нягледзячы на гэта, у яго было вельмі чысценька і вышываначка нейкая на сцяне вісела. Я потым даведалася, што пра яго вельмі клапацілася [паэтка, перакладчыца] Ала Канапелька. Дзякуючы ёй, ён пражыў яшчэ некалькі гадоў.

Але тады ўжо было відаць, што ён не жылец і што ён займаецца зжываннем сябе са свету. Не ведаю, наколькі свядома, думаю, што свядома.

— Ці засталіся ў вас успаміны звязаныя з Анемпадыставым?

— Я заўсёды ім захаплялася. Я заўсёды назірала за ім збоку. Я не падыходзіла да яго блізка. Мне не падабаецца падыходзіць надта блізка да вялікіх людзей. Мне здаецца, што гэта нейкае ўмяшанне ў іх арбіту. Нашэнне вакол іх, як нейкая дробязь вакол Сатурна, — гэта проста не маё. Мне падабаецца назіраць іх здалёку. Калі падыходзіш блізка да некаторых людзей, ты можаш разгледзець тое, што табе не спадабаецца і сапсуе ўражанне ад ягонай творчасці.

З Міхалам было іншае. Я перад ім папросту благагавела.

Я даведалася пра ягонае існаванне яшчэ ў школе, калі пачала атрымліваць часопіс «Бярозка» новага ўзору, які рэдагаваў Адам Глобус. І даведалася пра творчасць Уладзіміра Сцяпана, Міраслава Шайбака, Адама Глобуса, Міхала Анемпадыстава і ўсіх, хто складаў касцяк гэтага цудоўнага часопіса. І таму калі я ўгледзела яго на нейкай дыскатэцы, я падышла і сказала: «Вы Міхал Анемпадыстаў? Я вельмі люблю вашую творчасць». Ён гаворыць: «Дзякуй». Я яму яшчэ сказала: «А яшчэ мне вельмі падабаюцца вашыя вушкі». У яго былі акруглыя вушкі, яны адыходзілі ад галавы. І гэта было так сэксуальна і кранальна. Вось такое глупства я ляпнула. І адышлася.

І потым мы сустракаліся ў розных кампаніях і вялі нейкія вельмі глыбокія, як мне здавалася, размовы. Я не ведаю, як ён іх успрымаў, можа я зануджвалася.

Апошні раз мы сустрэліся за два месяцы да ягонай смерці. Ён мне паказваў свой альбом «Колер Беларусі». Мне здаецца, што я зноў занадта да яго лезла, я распытвала пра кожны малюнак і, верагодна, я страшна яму надакучыла. І калі я гэта ўсвядоміла, то мне і так трэба было сыходзіць. Я сказала: «Да хуткай сустрэчы, Міхал». А потым даведваюся, што такое…

Я многа пра Міхала знаю.

Я памятаю, як ён амаль выбіў сабе вока шампанскім, і ўсе перажывалі вельмі. Вам пра Міхала раскажуць лепш іншыя людзі. Яны ведалі яго бліжэй. У нас была нават спрэчка, ці маем мы права раскрываць ягоныя інтымныя сакрэты.

Як вядома, у яго было вельмі бурлівае жыццё, бо ў яго ўлюбляліся ўсе па самыя вушы. Я лічыла, што такая кніга мае паўстаць, іншыя лічылі, што не трэба гэтага, няхай Міхал застаецца як з’ява, а не як чалавек з інтымным жыццём. Я да гэтага не ведаю, як правільна.

Вялізарная страта. Але я не ведаю, як бы ён вынес 2020 год і потым.

— Хачу таксама спытаць пра алкаголь, яго было вельмі шмат у 90-я. Чаму менская багема так піла?

— На волю вырваліся, божа ж мой. У Савецкім жа саюзе быў вельмі малы выбар нармальных гатункаў алкагольных напояў. Што там было? Чарлікі розныя, гарэлкі. І тут раптам — спірт «Раяль», амарэта. Усе насілі сваім бабам амарэта. Потым з’явіліся беларускія напоі, якія спачатку былі вельмі смачныя — вішнёўка з’явілася, рабінаўка. З’явіліся замежныя напоі, якіх мы ніколі не думалі паспрабаваць — кальвадосы, даражэзныя гарэлкі, віскі даражэзны.

Казіно паадчыняліся. Некаторыя з нашых сяброў багемных выбіліся ў бізнэсы, пачалі зарабляць вялікія грошы, і яны ж паілі ўсю кампанію. Вельмі шмат было алкаголю.

У той час, як некаторыя людзі працавалі як чорныя валы на карысць беларушчыны і будучыні, некаторая частка беларускай інтэлігенцыі спалучала і тое, і другое. Яны дрындавалі па майстэрнях, па рэпетыцыйных залах, пісьменніцкіх сталах, а вечарам ішла агульная пʼянка і братанне. Мы ж былі яшчэ вельмі маладыя.

— Якія вашыя любімыя месцы з тых часоў, куды б вы, калі б была магчымасць, павялі каго-небудзь?

— Па-першае, «Тройка». Змрочнае месца каля «Радыё 101,2» у былых нейкіх сутарэннях архіярэйскіх. Ні вокнаў, ні дзвярэй, клубіцца дым, грае нейкі страшнейшы шансон, і вось там было файна. Там было такое п’янства андэграўнднае.

Другое месца было «Сталікі». Гэта каля цэнтральнага ўніверсама каля станцыі метро «Кастрычніцкая». Усе яго ведаюць. Яго яшчэ называлі «кабінет Артура Клінава», бо Артур Клінаў адтуль ніколі не сыходзіў. Ён там рабіў свае справы дзелавыя, прымаў там замежных сваіх шматлікіх сяброў і дэлегацыі, пакланенні там прымаў, і там усе пілі і гулялі. Беспамылкова можна было туды ісці кожны вечар, і ты ніколі там не заставаўся без здабычы.

Трэцяе месца, якое я памятаю, гэта дом Ваньковічаў. Ён тады яшчэ рэстаўраваўся, і на прыступках гэтага дома мы заўсёды пілі, і заўсёды звярталіся да спадара Ваньковіча з алаверды, што ён нас прымае. 

І нават было такое, што людзі, якія не былі абазнаныя, калі ішлі з нашай кампаніяй і мы ім казалі, што ідзём да Ваньковіча, яны гаварылі: а давайце гаспадару што купім, а ці ён прыме такую кампанію. «Ён усіх прыме», — казалі мы.

Поўная гутарка з Евай Вежнавец (Святланай Курс):

Каментары5

  • Мурло
    22.10.2022
    Вось і прапілі-прагулялі краіну, як некалі шляхта ВКЛ...
  • Вадя
    23.10.2022
    Теперь о сексе осталось только мечтать...
  • Злобный вожык
    23.10.2022
    Поучительная история. Пока одни бухали и траались, другие целенаправленно шли в политику и планировали зло. И кто в итоге оказался на коне?

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Цапкала расказаў, што на грэчаскай мяжы яго абвінавацілі ў крадзяжы аўтамабіля9

Спектакль ад Лукашэнкі: Баскаў у бомберы «СССР», Сямёныч і «ўнучка Леніна» ВІДЭА16

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

WSJ падзялілася дэталямі плана Трампа наконт вайны ва Украіне32

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені1

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →