Грамадства55

«З камеры, дзе сядзеў Вітольд, былі чуваць крыкі». Былы палітвязень расказаў падрабязнасці пра гібель Ашурка

Былы палітвязень Віктар Пархімчык, як і Вітольд Ашурак, адбываў пакаранне ў Шклове. Ён падзяліўся з Радыё Свабода інфармацыяй, якую здолеў здабыць у калоніі пра смерць палітвязня.

Вітольда Ашурка затрымалі ў верасні 2020 года, пазней прысудзілі пяць гадоў зняволення за ўдзел у акцыях пратэсту. Пакаранне ён адбываў у шклоўскай калоніі. 21 мая 2021 года Ашурак загінуў за кратамі пры нявысветленых абставінах. Крымінальнай справы па факце смерці Вітольда Ашурка заводзіць не сталі. Паводле афіцыйнай версіі, ён памёр ад «спынення сэрца». Родныя і паплечнікі палітвязня перакананыя ў гвалтоўным характары ягонай смерці.

«Яны хацелі дабіцца ад яго паслухмянасці, але з Вітольдам такое не праходзіла»

Былы палітзняволены Віктар Пархімчык на момант смерці Ашурка адбываў пакаранне на «хіміі» ў Камянецкім раёне. За адмову пешшу хадзіць 25 кіламетраў на працу яго перавялі ў шклоўскую калонію, дзе загінуў Вітольд. Там Пархімчык прабыў чатыры месяцы — з вясны 2022 года па канец лета. Пасля вызвалення былы палітвязень выехаў з Беларусі.

«Я не быў у шклоўскай калоніі ў той час, калі там сядзеў Вітольд, але ягоная смерць мела вялікі рэзананс сярод вязняў, — расказвае Пархімчык. — Размаўляў з многімі людзьмі, якія памяталі Вітольда, якія былі сведкамі таго, што адбывалася з ім. Цяпер усе ўжо маўчаць на зоне. Баяцца нешта гаварыць пра гэтую смерць. Чаму? Каб не пайсці следам. Мне расказвалі, што Вітольда прэсавалі ад самага прыбыцця ў калонію. Адразу пасля каранціну ён трапіў у ШІЗА. Прычыны для гэтага вертухаям не патрэбны. Не пагаліўся, не павітаўся. Кантролю за сапраўднасцю парушэнняў няма. Ёсць уражанне, што пракуратура дае поўны карт-бланш турэмнікам на ўсе дзеянні. У іх тады была задача прэсаваць палітычных, і цяпер яна таксама стаіць».

Віктар Пархімчык таксама расказвае, што сярод супрацоўнікаў калоніі «не бачыў людзей у звычайным сэнсе гэтага слова», бо «звычайны чалавек з базавымі каштоўнасцямі не здолее там працаваць».

«Там сярод іх адмоўная селекцыя. Некаторыя вертухаі «прэсуюць» палітычных з большым імпэтам, праяўляюць ініцыятыву, некаторыя — з меншым, таму што так трэба. Але фальсіфікацыяй парушэнняў, наўмыснай дыскрымінацыяй палітычных займаюцца ўсе без выключэння. Па маіх асабістых назіраннях, непасрэдна біццём займаюцца не ўсе вертухаі, а асобная частка афіцэраў, своеасаблівая група сілавога ўздзеяння», — кажа былы вязень.

«У мяне склалася ўражанне, што Вітольд меў лідарскія здольнасці, — дадае Пархімчык. — Ён паказваў свой характар. Таму яго і «прэсавалі», каб, як яны самі казалі, «паставіць на месца», дабіцца ад яго паслухмянасці. Людзі, якія сядзелі ў суседняй камеры з ШІЗА, дзе быў Вітольд, казалі мне, што чулі з камеры Вітольда крыкі і чулі голас Сяргея Карчэўскага, начальніка рэжымнай часткі. Я не магу сказаць, што яны мелі мэту менавіта забіць Вітольда. Я проста не ведаю. Можа быць, яго моцна пабілі і ён памёр ад траўмаў», — кажа былы палітвязень.

Пра Сяргея Карчэўскага як вінаватага ў смерці Ашурка гаварылі ў сваім расследаванні і журналісты з «Альянсу расследавальнікаў Беларусі».

Апроч Карчэўскага, вінаватымі называлі начальніка калоніі Аляксандра Карніенку, начальніцу медыцынскай часткі Наталлю Дабрадзеравец, псіхіятра калоніі Ігара Кандраценкава, лекарку Тацяну Развянкову і дзяжурнага памочніка калоніі Дзяніса Сазонава.

«Пасля прыехала пракуратура — і на некаторы час біццё спынілася»

«У мяне склалася ўражанне, што яны не маглі дабіцца «паслухмянасці» ад Вітольда, з ім гэта не праходзіла, — перакананы Віктар Пархімчык. — Ён быў годны чалавек, прынцыповы. Такога скарыць было складаней. Мне казалі розныя людзі, што пасля смерці Ашурка ў калонію прыехалі пракурорскія. Сабралі палітычных, пыталіся, ці ёсць у іх пытанні, скаргі. Але хто скажа нешта пры вертухаях? Самі пракурорскія гэта разумеюць. Калі мэта выявіць парушэнні адміністрацыі калоніі, то ў прысутнасці вертухаяў такіх пытанняў не задаюць, бо пракурор выдатна ведае, што, як толькі ён зойдзе за рог, то актыўны вязень адразу ж «не павітаецца» ці «не паголіцца». Відавочна, што пракурорскіх проста не цікавіла, што адбылося насамрэч».

Былы палітвязень таксама расказвае, што пасля гібелі Вітольда Ашурка ў калоніі на некаторы час спынілася практыка біцця вязняў, былі толькі адзінкавыя выпадкі. Віктар Пархімчык сцвярджае, што цяпер сярод вязняў смерць Вітольда Ашурка абмяркоўваецца толькі ў вузкіх колах і вельмі акуратна.

«Бо людзі разумеюць, што калі будуць шмат гаварыць, могуць пайсці следам за Вітольдам», — кажа былы зняволены.

Ён мяркуе, што толькі распачатая крымінальная справа і сапраўдныя праверкі маглі б высветліць прычыну смерці палітзняволенага. «Я не ведаю, з якой мэтай яго білі ці забілі. Хоць мэта ў іх адна — па максімуме прэсаваць палітычных», — кажа Віктар.

Па словах былога палітвязня, ён сам шмат разоў трапляў у ШІЗА. «Для гэтага не трэба нейкіх прычын і нагоды. У 14:40 мы, палітычныя, мусілі прыбіраць памяшканне. Так званы «казёл» (асуджаны, які супрацоўнічае з адміністрацыяй калоніі і часта выконвае працу па кантролі іншых вязняў. — РС) зрабіў такую практыку, што прыбіраннем памяшканняў займаліся выключна палітычныя. У 14:40 мусіла быць чарговая прыборка. Але начальнік атрада даў загад на шыхтаванне. Калі мы пастроіліся, то ён спытаўся, чаму мы не прыбіраем памяшканне. Мы сказалі, што нам загадалі пашыхтавацца. І палітычныя аўтаматычна пайшлі ў ШІЗА, бо звычайных крымінальнікаў на прыбіранне не ставілі. Усе выпісаныя на мяне рапарты «ліпавыя», проста з галавы. Я мусіў пагаджацца з імі і падпісваць», — кажа Віктар.

«Людзей б’юць проста так, асабліва палітычных»

«Пасля смерці Вітольда вязняў некаторы час амаль не білі, — расказвае Віктар Пархімчык. — Але ў верасні (2021 года. — РС) я ўбачыў двух моцна пабітых хлопцаў у ШІЗА. Моцна білі аднаго хлопца, непалітычнага, бо ён быў пераведзены з «хіміі» ў калонію. Ён сам гэтага дабіваўся, бо ў калоніі ідзе дзень за два. Яго моцна пабілі і кінулі ў ШІЗА. Гэта такая практыка, каб чалавек з пабоямі моцна не «свяціўся» ў атрадзе», — кажа Віктар.

Мэта прэсінгу, па словах былога вязня, трымаць вялікую колькасць зняволеных у поўным падпарадкаванні. Другая мэта, — кажа ён, — так званая «генеральная лінія партыі». Такім чынам прасцей трымаць у страху вялікую колькасць звычайных грамадзян краіны, каб яны баяліся нешта зрабіць і трапіць за краты.

«Я спытаўся ў аднаго (супрацоўніка калоніі. — РС): «Для чаго вы гэта робіце?» Ён мне адказаў, што «мы будзем цябе катаваць, каб ты больш не хацеў сюды вярнуцца», — дадаў Віктар.

Па ягоных назіраннях, асабліва моцна прэсуюць у калоніях тых, хто быў у атачэнні Сяргея Ціханоўскага. «Тут асабістая крыўда аднаго чалавека на Ціханоўскага і ягонае атачэнне. Таму людзей прэсуюць, пераводзяць у крытую турму. Ім так помсцяць», — кажа былы вязень.

Каментары5

  • Belarus2020
    24.11.2022
    Усе вертухаі калоній і турмаў, хто здзекаваўся з асуджаных справядліва і не, усе названыя і неназваныя "дактары" і начальнікі - усе будуць расследавання, асуджаныя і пакараныя вялікімі срокамі зняволення.
  • Belarus2020
    24.11.2022
    [Рэд. выдалена]
  • Сэрца баліць.
    24.11.2022
    Жывуць побач з намі, хадзілі ў адныя садкі і школы. Адкуль столькі звярынага? Не дарма кажуць, што бел мужчына ёсць псіхалагічная ахвяра з
    гвалту дзяржавы, які потым у вычварэнскай форме адыгрываецца на слабых: ці то на сваёй сям'і, ці то на падначаленых, ці то на бездапаможных зняволеных. Рабская ментальнасць. Муратаў добры прыклад прывёў у Дудзя: спачатку Герасім забівае Муму, можа самае блізкае, што ў яго ёсць, а потым у знак пратэст зыходзіць. Замест таго, каб зыйсці с жывой Муму і паслаць куды далей гаспадароў.

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевіч сцвярджае, што сабраў 100 тысяч подпісаў11

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага8

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →