Гісторыя1212

Як насамрэч адбыліся перамены ў Польшчы. Трошкі не так, як мы ўяўляем

Аналіз дакументаў польскай кампартыі другой паловы 1980-х гадоў прыводзіць да высновы, што канец камунізму ў Польшчы не быў проста шэрагам шчаслівых супадзенняў, піша Дзмітрый Гурневіч на «Радыё Свабода».

Лех Валенса наведвае ў шпіталі генерала Войцеха Ярузельскага, 2012 год

13 снежня ў Польшчы прыгадваюць увядзенне ваеннага становішча генералам Войцехам Ярузельскім. Пакуль быў жывы сам генерал, каля ягонага дома ў гэты дзень збіраліся праціўнікі, каб нагадаць пра ахвяраў ваеннага становішча. Пасля ягонай смерці ў 2014 годзе традыцыя спынілася. Але мільёны палякаў да сёння не могуць дараваць Ярузельскаму.

У 1981 годзе польскія камуністы вырашылі пакончыць з «Салідарнасцю», якую самі ж годам раней і легалізавалі. Пабачыўшы пасля моц апазіцыі, улады пачалі рэпрэсіі. Маштабам яны нагадвалі тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Польскія камуністы страцілі ўладу ажно праз 8 гадоў пасля ўвядзення ваеннага становішча. Апошнія 30 гадоў Польшча ідзе шляхам дэмакратыі і капіталізму. Але пра сапраўдную сутнасць тых працэсаў, якія змянілі краіну, палякі спрачаюцца дагэтуль.

Для адных гэта вынік нацыянальнай згоды паміж альтруістычным генералам Ярузельскім, які дбаў пра інтарэсы Польшчы, і «Салідарнасцю», якая таксама была за мірныя перамены. Для іншых — эфект змовы камуністаў і часткі апазіцыі, у рамках якой адбыўся новы падзел улады, які гарантаваў камуністам бяспеку і захаванне часткі прывілеяў, вынікам чаго сталі неэфэктыўныя перамены, поўныя паталогій. Для шараговага беларуса перамены ў Польшчы ўвогуле збольшага бачацца як вынік прыгожай рэвалюцыі, у якой «Салідарнасць» безапеляцыйна перамагла камуністаў.

Польскі гісторык, прафесар Антоні Дудэк напісаў пра найноўшую гісторыю Польшчы больш як дзясятак кніг і сотні артыкулаў. Ягоная кніга «Рэгламентаваная рэвалюцыя» з'яўляецца адной з найлепшых крыніц інфармацыі пра сутнасць польскіх пераменаў. У гэтай працы, напісанай на падставе архіўных дакументаў, аўтар развенчвае міфы, якія выраслі за дзясяткі гадоў наконт пераломнага для краіны 1989 года. Ніжэй — асноўнае з амаль як 500 старонак.

Камуністычная Польшча і Беларусь Лукашэнкі. Знайдзіце адрозненні

Карціна, якая склалася ў Польшчы ў першы год ваеннага становішча, да болю нагадвае Беларусь праз некалькі месяцаў пасля выбараў 2020 года. Тысячы людзей апынуліся ў турмах, месцах інтэрнавання, былі і смяротныя ахвяры. Сотні тысяч палякаў уцяклі з краіны. Не засталося ніякага легальнага для апазіцыі поля дзеяння.

Асноўныя дзяржаўныя структуры пачалі напаўняцца людзьмі са спецслужбаў. На кіроўныя пасады ў партыйным апараце накіравалі 32 афіцэраў Войска Польскага. А ў дзяржаўную адміністрацыю — чарговых 88. Сярод іх было 11 міністраў і намеснікаў міністраў, 13 ваяводаў (аналаг старшыняў аблвыканкамаў).

Як і ў Беларусі, адбываліся масавыя чысткі чыноўнікаў дзяржапарата, якіх падазравалі ў спрыянні апазіцыі. Былі і здарэнні, якія нагадваюць сучасныя ўзломы ГУБАЗіКам тэлеграм-акаўнтаў апанентаў улады. У 1986 годзе польская выведка зламала шыфр, дзякуючы якому «Салідарнасць» кантактавала са сваімі прадстаўнікамі на Захадзе.

Падабенствы былі і ў замежнай палітыцы. Наступствам ваеннага становішча стала большая залежнасць Польшчы ад СССР. У 1982 годзе імпарт сыравіны ў Польшчу зменшыўся на 40%. Адной з прычын былі санкцыі.

Апазіцыя, нягледзячы на ўсё гэта, спадзявалася на перамовы. У 1982 годзе інтэрнаваны камуністамі Лех Валенса сказаў у размове з тагачасным кіраўніком МУС Чэславам Кішчакам, што ён прыхільнік генерала Ярузельскага, што ваеннае становішча неабходнае і што ён за савецка-польскую дружбу. Камуністы ж, вядома, у гэта не верылі. Як сведчаць дакументы, Кішчак пасля назваў Валенсу «дробным чалавекам, жулікам, лісам і ашуканцам».

Рэпрэсіі камуністаў, як і рэпрэсіі ў Беларусі, займелі эфэкт

Камуністы паслядоўна працавалі на знішчэнне адзінства сярод апазіцыі. У 1985 годзе Служба бяспекі (аналаг КДБ у Беларусі) так апісвала сваю тактыку барацьбы з «Салідарнасцю»: «Палітычнай мэтай з'яўляецца разгубленасць у лагеры праціўніка і параліч яго адзінства і дзеяння». У дакуменце МУС мэты для сябе бачылі такія: 1) паглыбленне розніц і антаганізмаў паміж асобамі і групамі, якія выконваюць кіраўнічую ролю, 2) бесперапынная дэзінфармацыя.

Ад восені 1982 года польскія спецслужбы канстатавалі змяншэнне колькасці дэманстрацый і падпольных структур. У 1984 годзе МУС сцвярджаў, што падпольныя структуры не ў стане весці рабочы клас супраць палітычнай сістэмы. Годам пазней, як падлічыла МУС, у краіне дзейнічала 350 нелегальных структур. Іх актыў складаў 1,5 тысячы чалавек, а 10 тысяч былі распаўсюднікамі матэрыялаў, сувязнымі і друкавалі самвыдат. Агулам нелегальнай апазіцыйнай дзейнасцю на амаль 40-мільённую Польшчу займаліся каля 34 тысяч чалавек.

У такіх умовах партыйнае кіраўніцтва не бачыла ніякай патрэбы ў дыялогу з апазіцыяй. Як піша Дудэк, «адзіныя перамовы прадстаўнікоў улады і апазіцыі маглі датычаць угаворванняў пакінуць краіну або выйсці з падполля».

Польская апазіцыя была за дыялог з рэжымам

Тэме дыялогу было прысвечана багата публіцыстыкі ў самвыдаце. З гэтым, дарэчы, пагаджаўся і сам Валенса. Тагачасны апазіцыянер, сённяшні рэдактар «Газеты Выборчай» Адам Міхнік пісаў, што вынікам дыялогу магло стаць 30% апазіцыі ў Сейме.

У верасні 1986 года, пасля абвяшчэння амністыі, Валенса ініцыяваў стварэнне Часовай Рады «Салідарнасці», якая была групай для патэнцыйных перамоваў з уладамі. Праз месяц ён і група апазіцыйных інтэлектуалаў заклікалі скасаваць амерыканскія эканамічныя санкцыі супраць ПНР.

Але даспяванне ўладаў ПНР да перамоваў адбывалася паступова, у 1986-1987 гадах. У замежнай палітыцы ключавымі сталі перамены ў СССР, ва ўнутранай — эканамічныя цяжкасці. На пасяджэнні палітбюро ў ліпені 1986 года Гарбачоў адкрыта сказаў, што эканамічныя праблемы больш не дазваляюць СССР цягнуць на сваіх плячах «саюзнікаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе». Усё гэта прывяло да змены грамадскіх настрояў. Змены закранулі і палітычныя эліты. Зразумела, як зазначае Дудэк, на рашэнні Ярузельскага ўрэшце ўплывала дзейнасць апазіцыі і Каталіцкай царквы.

З Каталіцкай царквой генерал Ярузельскі спрабаваў гуляць, каб зменшыць незадаволенасць грамадства. Мела значэнне і тое, што, паводле апытання ў 1986 годзе, 66% чальцоў польскай кампапартыі лічылі сябе вернікамі. Паводле Дудэка, тактыка Ярузельскага была простая: карай і давай. Ды і галава Каталіцкай царквы ў Польшчы, прымас Юзаф Глемп, праводзіў памяркоўную палітыку. Ён дыстанцыянаваўся ад апазіцыі, але падтрымліваў ідэю дыялогу і вызваленне палітвязняў. Паводзіны каталіцкіх іерархаў Дудэк называе «двайной палітыкай».

На дыялог пайшлі камуністы. Але ёсць нюанс

У 1987 годзе ў Польшчы бушаваў эканамічны крызіс. Палякі былі вельмі моцна не задаволеныя сваім жыццём. У пачатку 1988 года прадукты харчавання, алкаголь і цыгарэты падаражэлі на 40%. Выраслі цэны на праезд, камуналку. Улады правялі сацапытанне і былі перакананыя, што ніякіх пратэстаў гэта не выкліча. Паводле іх разлікаў, у 1988 годзе праціўнікаў і прыхільнікаў камуністычнай улады ў грамадстве было па 20%, 35% складаў цэнтр, а 25% — маўклівая меншасць.

Тым не менш камуністы пралічыліся. У 1988 годзе пачаліся страйкі. Адным з асноўных пастулатаў страйкоўцаў была легалізацыя «Салідарнасці». Валенса зноў выступіў з прапановай перамоваў.

Улады спачатку адмаўляліся, бо лічылі, што гэта пакажа іх слабасць. Але пасля ўсё ж згадзіліся. Яны былі перакананыя, што калі апазіцыя прапануе перамовы, значыць, слабая менавіта яна. Умовай з боку ўладаў было заканчэнне страйкаў. Уладу цікавілі толькі такія перамовы, якія б гарантавалі пэўную дамоўленасць, але ні ў якім разе не змянялі сістэму.

Ідэй у іх было шмат. У польскай кампартыі разважалі нават пра стварэнне Сената і прызначэнне на пасаду старшыні Леха Валенсы. Але ўзамен апазіцыя мелася гарантаваць адмову ад планаў адраджэння «Салідарнасці». Ярузельскі сур’ёзна думаў над тым, каб ініцыяваць ляяльную сабе хрысціянска-дэмакратычную партыю. Дарадцы дакладалі яму пра катастрафічныя настроі ва ўладзе, пра дэмаралізацыю, мары вертыкалі выключна аб прыватным бізнесе або пасадзе ў пасольстве за мяжой. Дарадцы Ярузельскага былі перакананыя, што без падтрымкі Масквы партыя страціць уладу.

Як з Валенсы хацелі зрабіць канструктыўную апазіцыю

Улетку 1988 году Ярузельскі ўпершыню выкарыстаў выраз «круглы стол», калі гаварыў пра спатканне людзей з розных асяродкаў. Мэтай гэтага «круглага стала» былі першапачаткова выключна размовы пра новы закон аб грамадскіх арганізацыях.

31 жніўня 1988 года, праз 8 гадоў пасля «карнавалу «Салідарнасці»», адбылася першая сустрэча Валенсы і міністра ўнутранных справаў Чэслава Кішчака. Умовай было завяршэнне страйкаў. А што на гэта Масква? Паводле Дудэка, Гарбачоў заахвочваў Ярузельскага вырашыць пытанне палітычнымі метадамі.

Тым не менш, улады не збіраліся дзяліцца рэальнай ўладай. Запрашэннем Валенсы на перамовы яны хацелі выклікаць падзел унутры апазіцыі і прывязаць такім чынам Валенсу да прагматыкаў, да якіх яны адносілі каталіцкі касцёл. На бок камуністы намагаліся спіхнуць «прафесійных контррэвалюцыянераў». З Валенсы камуністы хацелі зрабіць канструктыўную апазіцыю.

А што на ўсё гэта грамадства? Адзінай крыніцай тут могуць быць закрытыя апытанні для партыі. З іх вынікае, што рэвалюцыйнага настрою ў грамадстве не было. У 1988 годзе толькі 35% палякаў падтрымлівалі легалізацыю «Салідарнасці».

Грошы і дэмаралізацыя дзяржаўнага апарата

У 1989 годзе быў прыняты закон, які дазваляў браць у арэнду дзяржаўную маёмасць. Гэтым адразу ж скарысталіся чыноўнікі, самі кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў — агулам 1500 чалавек. Наменклатура пачала багацець дзякуючы дзяржаўным грашам. Занепакоіліся гэтым нават спецслужбы. У сваіх справаздачах яны трывожыліся, што матэрыяльныя рэчы бяруць верх. Але звальняліся людзі і з саміх сілавых структур. 40% зрабілі гэта па эканамічных прычынах. Усё гэта, як сцвярджае гісторык Антоні Дудэк, уплывала на змену свядомасці.

Пачатак перамоваў з апазіцыяй стаў каталізатарам, які прыспешыў пачатак глыбокага ўнутранага крызісу ў партыі. Унутраныя апытанні ў кампартыі сведчылі пра катастрафічныя настроі. Напрыклад, найбольш камуністы давяралі… галаве каталіцкага касцёла Юзафу Глемпу (64%). Ён абагнаў Ярузельскага (58%). 81% палякаў быў за «круглы стол», але ажно 50% былі супраць легалізацыі «Салідарнасці».

У Ярузельскага былі тры аргументы на карысць перамоваў: 1) нават сам анонс «круглага стала» даў краіне спакой на некалькі месяцаў, 2) калі апазіцыя будзе байкатаваць выбары, то яўка будзе не большай, чым 30%, 3) без дыялогу не будзе магчымасці атрымаць эканамічную дапамогу ад Захаду.

Восенню 1988 года ў Польшчы пачалося адраджэнне структур «Салідарнасці». Напрыканцы лютага 1989-га ва ўсёй краіне было 623 камітэты прафсаюза. Яшчэ да Новага года Валенса стварыў пры «Салідарнасці» Грамадскі камітэт, у які ўвайшло 135 дзеячаў-інтэлектуалаў. Большасць з іх ужо на першай сустрэчы выказаліся за кампраміс з уладамі.

Масква проста назірала. Варшаве далі зразумець, што яна не можа разлічваць на дапамогу, паколькі ў СССР у саміх крызіс. Але агулам у Крамлі падтрымлівалі дыялог Ярузельскага з апазіцыяй, каб не пагаршаць сітуацыю. «Круглы стол» падтрымліваў і асабіста Гарбачоў. Але пры ўмове, што сістэма ў Польшчы не памяняецца.

Радыкальная польская апазіцыя, якая выступала супраць дыялогу, не была чутная. Яна не змагла прабіцца ў СМІ са сваім парадкам дня.

Мэтай камуністаў было проста ўмантаваць у сістэму памяркоўную частку апазіцыі

«Круглы стол» распачаўся 6 лютага 1989 года. Усяго ў ім прымалі ўдзел тры камісіі: па эканоміцы, палітычных рэформах і ў справах прафсаюзаў. Пра што дамовіліся? Найперш пра выбары. У Сенат яны меліся быць цалкам свабоднымі. А ў Сейме 65% былі гарантаваныя для ўлады, 35% для апазіцыі. Дамовіліся таксама пра ўвядзенне пасады прэзідэнта. Яго павінна была выбіраць большасць чальцоў Сейма і Сената. То бок загадзя было ясна, што на гэтую пасаду абяруць Ярузельскага.

Сёння можа здавацца, што ўся Польшча жыла тымі падзеямі. Але ў грамадства «круглы стол» не выклікаў ніякага інтарэсу. Спачатку ён цікавіў 35% палякаў, а ў красавіку 1989-га — усяго 17%.

«Круглы стол» пераламаў псіхалагічны бар’ер паміж апазіцыяй і ўладай, лічыць Антоні Дудэк. Мэтай камуністаў было проста ўмантаваць у сістэму памяркоўную частку апазіцыі.

Выбары, якія пачалі працэс знішчэння ПНР

Выбары былі прызначаныя на 4 чэрвеня 1989 года. Нават самыя паінфармаваныя чальцы партыі былі ўпэўненыя, што ўлада выйграе, уступіўшы апазіцыі мінімальна. Але ў іншым свеце, рэальным, усё было інакш. Дэматывацыя камуністаў была настолькі вялікай, што сацыялагічныя апытанні ўлады праводзілі на сустрэчах сваіх прыхільнікаў. Але нават там яны набіралі менш за палову.

Яўка на выбарах склала 62%. У Сенаце «Салідарнасць» здабыла 99% месцаў. Гэта было шокам для ўлады.

Першай справай пасля абвяшчэння вынікаў стала павышэнне гатоўнасці ў частках, якія падпарадкоўваліся МУС. На другі тур пайшло ўсяго 25%. Выбары пачалі працэс распаду партыі і знішчэння ПНР.

Масква ўспрыняла паразу камуністаў у Польшчы спакойна. Галоўным для СССР было тое, каб існавала Варшаўская дамова. Гарбачоў заявіў, што адбываюцца перамены і будуць адбывацца ў будучыні, але Масква будзе працаваць з любой уладай, якую абяруць палякі. У Маскве адбываліся сустрэчы з прадстаўнікамі «Салідарнасці». Маскве трэба была гарантыя стратэгічных інтарэсаў СССР у Польшчы.

Буш прасіў Ярузельскага ісці ў прэзідэнты

За сістэму «прэзідэнт ад партыі», а «прэм’ер ад апазіцыі» выступіў Адам Міхнік. Але яго моцна раскрытыкавала сама апазіцыя, кажучы, што «Салідарнасць»… не гатовая да кіравання краінай.

Нават Джордж Буш у 1989 годзе прасіў Ярузельскага ісці кандыдатам у прэзідэнты. Амерыканцы лічылі, што адмова магла пагражаць адсутнасцю стабільнасці.

На выбарах прэзідэнта Ярузельскі быў адзіным кандыдатам і перамог дзякуючы 7 галасам апазіцыі. Такой была ўступка, праз якую «Салідарнасць» ледзь не распалася.

Але неўзабаве апазіцыя і частка праўладных сілаў дамовіліся і выбралі свайго прэм’ера, першага некамуністычнага ў гісторыі Польшчы ад Другой сусветнай вайны. Ім стаў Тадэвуш Мазавецкі. Камуністы не былі супраць. Але пасля гэтага пачаўся распад камуністычнай партыі. Моладзь, натхнёная перамогамі, пачала займаць былыя будынкі партыі і праводзіць там акупацыйныя страйкі. Пачаліся мітынгі, хаця і невялікія. Большасць палякаў, як сцвярджае Дудэк, былі абыякавыя да радыкальных дзеянняў. Неўзабаве была ліквідаваная Служба Бяспекі. Але ў новыя спецслужбы трапіла шмат людзей са старых.

Рэйтынг Ярузельскага тады быў усяго 16%. Праз некалькі месяцаў Сейм скараціў ягоны тэрмін і прыняў закон аб усеагульных выбарах. На гэтых выбарах перамог Лех Валенса.

«Польская рэвалюцыя скончылася, але вынікі яе рэгламентаванага характару сталі бачныя толькі ў наступныя гады. Гэтым разам, у адрозненне ад Першай сусветнай вайны, палякі здабылі незалежнасць без крыві, але так хутка і нечакана, што шмат хто з іх перастаў лічыць гэта поспехам», — піша Антоні Дудэк.

Вяртанне посткамуністаў

Вялікая частка палякаў і сёння лічыць перамены канца 1980-х змовай тагачасных эліт, мэтай якіх быў новы падзел улады, гарантыя бяспекі і прывілеяў. Ужо праз некалькі гадоў былыя камуністы вярнуліся да ўлады, перамогшы ў дэмакратычных выбарах.

Яны цалкам кантралявалі Канцылярыю прэзідэнта і ўрад. Але ўжо пад новай назвай — сацыял-дэмакраты. Менавіта яны ўвялі Польшчу ў Еўразвяз і NATO.

Каментары12

  • Мойша
    14.12.2022
    8 год цягнулася дыктатура і цягнулася б і далей каб не перабудова ў саюзе. Таму беларусам якія чамусці вырашылі што ўсё хутка скончыцца варта падрыхтавацца да вельмі доўгага чакання, год 20 калі не болей бо тут усё значна горш і улада у маскве мацней чым у тыя часы, нават смерць пуціна нічога ня выраша бо вакол там усе як адзін імперцы і нацысты. І так нават калі Навальны прыйдзе чакаць вольніцы глупсіва бо ён такі ж рускаміравец як і пуцін
  • Мойша
    14.12.2022
    У палякаў нават камуністы былі прапольскія, у нас ха ўсе як адзін за выключэннем адзінак прарасейскія, а тыя адзінкі дык яны проста за эканамічную большую незалежнасць таму ў нас усё ў разоў 5 горш.
  • назіральнік
    14.12.2022
    Сам факт існавання Салідарнасці варты гонару, але ж без развала СССР нічога не атрамалася б і у палякаў. Роля Салідарасці моцна завышаная сярод абывацелей, даходзіць да таго, што менавіта Салідарнасць зрабіла Польшчу свабоднай. Але ж іншыя краіны, такія як Румынія, Балгарыя, Прыбалтыка атрыммалі свабоду без аніякай мясцовай Салідарнасці. І ў Першую сустветную палякі атрымалі незалежнасць толькі дзякуючы развалу Расейскай Імпэрыі. То бок палякі сваімі шанцамі, якія ім давалі вонкавыя абставіны, скарысталіся, а вось беларусы не.

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →