Трагікамедыя ў Магілёве: начальнік ДАІ паздзекаваўся з мэра за тое, што той паздзекаваўся з яго
Гісторыя высвятлення адносін свежапрызначанага мэра Магілёва і начальніка абласной ДАІ стала прадметам насмешак у асяроддзі чыноўнікаў і міліцыянераў. Спрэчка «хто галоўны?» вылілася ў трагікамедыю.
Як стала вядома «Нашай Ніве», два лукашэнкаўскія чыноўнікі не разабраліся, хто з іх «больш галоўны» і ператварылі пошук адказу на гэтае пытанне ў цырк.
Гаворка ідзе пра новага старшыню магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Студнёва, якога Лукашэнка прызначыў на пасаду 3 кастрычніка 2022-га — да таго ён быў на аналагічнай пасадзе ў Бабруйску.
Іншы ўдзельнік гісторыі — падпалкоўнік міліцыі Віктар Ратчанкоў.
Ён таксама «вараг» і да свайго прызначэння начальнікам ДАІ Магілёўскай вобласці служыў намеснікам начальніка ДАІ Мінскай вобласці.
Ратчанкова ў Магілёў прызначылі летам 2020-га — на той момант у Магілёве не было начальніка ДАІ, бо папярэдні заўчасна памёр.
У новым для сябе горадзе Ратчанкоў праслужыў больш за Студнёва.
І вось, як паведамляюць крыніцы «Нашай Нівы», пасля прызначэння новага мэра Ратчанкоў захацеў пазнаёміцца з ім асабіста і прыехаў у гарвыканкам, але быў непрыгожа «адшыты».
Кажуць, што Ратчанкаў паспрабаваў сустрэцца са старшынём гарвыканкама без папярэдняй дамоўленасці — і яго не прынялі.
Замест прыёму ён атрымаў рэкамендацыю трымаць субардынацыю і запісвацца на прыём загадзя, а не прыходзіць па сваім жаданні.
Пры гэтым фармальна Ратчанкоў узначальвае ДАІ УУС аблвыканкама і не падпарадкоўваецца кіраўніку горада.
Што было далей?
«На наступны дзень непадалёк ад выканкама стаяў экіпаж ДАІ, які спыніў машыну новага мэра. На пытанне «Ці вы ведаеце, каго вы спыняеце?» інспектар адказваў нешта кшталту «Ведаю, таму і спыняю». Пасля прынізлівых працэдур праверкі дакументаў Студнёву выпісалі штраф за таніроўку шкла і прымусілі аддзіраць таніроўку на месцы», — паведаміла «Нашай Ніве» абазнаная крыніца.
Імаверна, пасля гэтага два прадстаўнікі лукашэнкаўскай сістэмы ўсё ж пагаварылі.
Цікава, што Ратчанкоў стаў адным з «людзей года Магілёўшчыны» па версіі сістэмы.
Каментары