Кракадзілавыя крэслы і працы вядомага скульптара. Цікавосткі інтэр'ераў банкіра Мацюшэўскага
Выстаўлены на продаж катэдж Васіля Мацюшэўскага, старшыні праўлення Банка БелВЭБ і былога віцэ-прэм'ера, звяртае на сябе ўвагу не толькі раскошнай мэбляй і цаной у 1,2 мільёна даляраў. У інтэр'ерах мы заўважылі некалькі цікавых дэталяў.
Персанальны стыль Мацюшэўскага звяртае на сябе ўвагу — нязменны шаўковы гальштук, завязаны класічным вузлом «віндзор», ідэальна падабраныя кашулі і касцюмы па фігуры — відавочна, набываюцца не ў айчынным «Камінтэрне». Любоў да прыгожага, верагодна, адыграла сваю ролю і ў далейшым уладкаванні дома.
Катэдж, што месціцца ў элітным раёне каля вадасховішча Дразды, пабудаваны ў псеўдаангельскім стылі: асіметрычны дом, стромкі, вальмавы дах і характэрнае каменна-цаглянае абліцоўванне.
Унутры, можна меркаваць, гаспадар спрабаваў сумясціць класічны і каланіяльны стылі. У выніку атрымаўся шык па-беларуску.
У гасцёўні сустракаюць аксамітная канапа, вітражы і арачныя вокны.
Разыначка пакоя — абедзенны гарнітур у стылі «Індыяны Джонса». Вакол мазаічнага драўлянага стала стаяць масіўныя крэслы, абцягнутыя кракадзілавай скурай.
На падлозе каля мармуровага каміна — егіпецкія статуэткі, верагодна, прывезеныя гаспадарамі з далёкіх вандровак. А на самім каміне можна заўважыць калекцыю невялікіх бронзавых скульптур.
Гэтыя статуэткі аўтарства вядомага беларускага скульптара Андрэя Асташова. Верагодна, Мацюшэўскі ёсць заўзятым прыхільнікам творчасці мастака, бо на адной паліцы сабраны работы з розных калекцый.
Напрыклад, скульптура «Прынцэса Агню» з серыі 2016 года (па цэнтры), а таксама статуэткі «Фантазёр» і «Матылёк» з «Серыі малых формаў» 2011 года (дзве фігуры справа ад цэнтральнай). Падобныя скульптуры аўтар дарыў таксама Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі ў 2019 годзе.
Заўважна, што гаспадар дома любіць інтэр'ерныя гадзіннікі: мы налічылі тры, адзін з якіх — антыкварны або з'яўляецца копіяй антыкварыяту.
Катэдж мае два ванныя пакоі: адзін выкананы ў традыцыйным усходнім стылі і абліцаваны блакітнай мазаікай, другі — класічны.
У адной з прыбіральняў зноў сустракаецца анімалістычная тэматыка — пазалочанае крэсла з тыгровай абіўкай. Паліцы ўпрыгожаны статуэткамі анёлаў і іншымі дэталямі.
Некалькі спальняў і кабінетаў выкананы ў класічным стылі. У дэкоры выкарыстана шмат дрэва і фактурных тканін — у якасці абіўкі канап, дываноў і штор.
Імавернай прычынай продажу катэджа можа быць развод Мацюшэўскага з жонкай.
«Трэба купіць ёй нешта і самому пераехаць падалей ад Калаўра. Калі б яго з гэтай крыміналкай не раздзелі, то, можа, і не прыйшлося б прадаваць, а так…» — сказаў «НН» адзін з банкіраў.
Каментары