Вайна22

Былы астранаўт NASA заклікае Ілана Маска не абмяжоўваць выкарыстанне Starlink Украінай

«Ілан Маск, Украіна адчайна мае патрэбу ў вашай пастаяннай падтрымцы. Аднавіце поўную функцыянальнасць спадарожнікаў Starlink».

Скот Кэлі з жонкай заклікае ўзброіць Украіну / Фота: інстаграм-акаўнт stationcdrkelly

У мінулую суботу вядомы былы астранаўт NASA Скот Кэлі, які доўгі час выказваў падтрымку Украіне, адначасова асуджаючы Расію за развязаную ёй вайну, зрабіў допіс у твітары, дзе раскрытыкаваў генеральнага дырэктара SpaceX Ілана Маска за планы апошняга перашкодзіць украінскім вайскоўцам выкарыстоўваць Starlink для працы ўдарных беспілотнікаў.

«Ілан Маск, Украіна адчайна мае патрэбу ў вашай пастаяннай падтрымцы. Аднавіце поўную функцыянальнасць спадарожнікаў Starlink. Абарона ад генацыднага ўварвання не дае наступальнага патэнцыялу. Гэта выжыванне. Нявінныя жыцці будуць страчаныя. Вы можаце дапамагчы. Дзякуй», — напісаў Кэлі.

Мільярдэр у сваім стылі адказаў, што не хоча, каб яго прылады «прывялі да эскалацыі канфлікту». «Вы дастаткова разумны, каб не глытаць сродкі масавай інфармацыі і іншую прапаганду. Starlink з'яўляецца камунікацыйнай апорай Украіны, асабліва на лініі фронту, дзе амаль усе іншыя інтэрнэт-сувязі былі разбураныя. Але мы не дапусцім эскалацыі канфлікту, які можа прывесці да трэцяй сусветнай вайны», — напісаў Маск у адказ.

Затым ён развіў сваю думку, напісаўшы ў твітары: «Камерцыйныя тэрміналы SpaceX, як і іншыя камерцыйныя прадукты, прызначаны для прыватнага выкарыстання, а не для вайскоўцаў, але мы не скарысталіся сваім правам іх адключыць». Далей ён назваў сітуацыю «надзвычай цяжкім маральным пытаннем».

Ужо ў панядзелак Кэлі напісаў у твітары: «Дакладны ўдар для абароны суверэнітэту не з'яўляецца эскалацыйным». Ён адзначыў таксама, што «вартыя даверу паведамленні ад першай асобы з перадавой паказваюць, што Starlink абмежаваны нават для вайсковай сувязі».

Амаль ад самага пачатку вайны, з лютага 2022 года, SpaceX дазваляе Украіне атрымліваць доступ да сваёй узаемазвязанай спадарожнікавай сеткі Starlink для сувязі на фронце. І з пачатку вайны Украіна выкарыстоўвае гэтую сістэму не толькі для зносін, але і для ваенных дзеянняў. Спадарожнікавая сетка была адным з асноўных аспектаў праграмы беспілотнікаў у краіне.

Але на мінулым тыдні прэзідэнтка SpaceX Гвін Шотвэл заявіла, што існуюць пэўныя «рэчы», якія кампанія магла б зрабіць, каб абмежаваць ваенны патэнцыял Starlink. Нягледзячы на гэтую заяву, пакуль незразумела, як і нават калі SpaceX плануе здзейсніць гэтыя абмежаванні. У рэпартажы The Guardian у аўторак украінскія вайскоўцы заявілі, што яны працягваюць выкарыстоўваць Starlink для кіравання беспілотнікамі. Незразумела, ці мае Starlink магчымасць неяк адрозніваць дроны, якія выкарыстоўваюцца для назірання, ад тых, што выкарыстоўваюцца для ўдараў.

На гэтым фоне дарадца прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк на мінулым тыдні напісаў у твітары, што праз год украінскага супраціву расійскай агрэсіі ў SpaceX павінны нарэшце вырашыць, каго кампанія Маска падтрымлівае: Украіну ці Расію.

Што напісана ва ўмовах абслугоўвання Starlink наконт выкарыстання беспілотнікаў?

Ва ўмовах абслугоўвання Starlink адзначана, што ў той час, як спадарожнікавая сістэма можа выкарыстоўвацца «ў час крызісу», яна «не распрацаваная і не прызначаная для выкарыстання ў наступальных або абарончых узбраеннях ці ў іншых падобных мэтах». Таксама там гаворыцца, што любыя мадыфікацыі Starlink для «ваеннага выкарыстання» могуць прывесці да таго, што прадукт будзе супярэчыць законам ЗША аб экспарце зброі.

Аднак SpaceX, падобна, змяніла свае ўмовы абслугоўвання праз шмат месяцаў пасля таго, як Украіна ўжо выкарыстоўвала спадарожнікавую сувязь для нанясення ўдараў беспілотнікамі. Выданне Gizmodo адзначае, што чэрвеньская версія старонкі не ўключала палажэнне аб ваенным выкарыстанні. А ў канцы кастрычніка (гэта наступная дата, калі старонка была заархіваваная) там ужо ўтрымліваліся палажэнні пра выкарыстанне Starlink разам са зброяй.

На просьбу журналістаў пракаментаваць гэтыя змены і планы па выкарыстанні Starlink ва Украіне адказу не было і, хутчэй за ўсё, не будзе, бо, як і ўсе кампаніі Маска, SpaceX не мае аддзела сувязі.

Але ў той жа час, як Маск выказвае глыбокую заклапочанасць наступальнай здольнасцю Starlink, кампанія SpaceX настойліва прагне новых вайсковых кантрактаў. Толькі ў мінулым месяцы SpaceX запусціла сваю цяжкую ракету Falcon Heavy, якая змяшчае спадарожнік сувязі для Space Force (від Узброеных сіл ЗША, што вядзе баявыя дзеянні ў касмічнай прасторы і «касмічную вайну»). А ў канцы мінулага года кампанія запусціла Starshield, свайго роду альтэрнатыву Starlink, прызначаную для бяспечнай урадавай і вайсковай сувязі і назірання.

Каментары2

  • American
    17.02.2023
    Астронавт еще тот левацкий клоун. Крайне неприятный тип. А Маска никто не спрашивает, Пентагон одобрил использование старлинка и оплачивает аренду.
  • Грышка
    17.02.2023
    Голас здаровага сэнсу й прыстойнасьці. Ці прыслухаецца эксцэнтрычны эгаіст Ілан Маск?

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта10

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі6

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў3

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

За тры гады ва Украіне стала на 300 тысяч больш людзей з інваліднасцю5

У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка з удзелам каліноўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта10

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Галоўнае
Усе навіны →