«Яе сяброўку выкінула на бераг». Як у грузінскім Кабулеці шукаюць зніклую беларуску
22 лютага ў грузінскім горадзе Кабулеці знікла беларуска Ірына Слюсар. Яна нырнула ў мора за сабакам, пасля чаго яе накрыла хваляй. «Учора ў вадзе заўважылі прадмет, падобны да цела, але праз шторм ратавальны катар не змог выехаць», — расказваюць пра пошукі людзі, якіх аб’яднала трагедыя дзяўчыны.
Ірына — адна з заснавальніц тэатра лялек і прадмета «Лось і светлячок», што месціцца ў Тбілісі. Разам з іншай заснавальніцай, Дар’яй Нікіцінай, Ірына планавала перавезці тэатр у Кабулеці — жыць там і на выхадных ладзіць спектаклі. Да пераезду Ірына з сяброўкай Юліяй вырашылі наведаць Кабулеці, каб паглядзець мясцовасць і жыллё і трошкі пагуляць.
Падчас такога шпацыру і здарылася трагедыя. Сяброўка Ірыны Вераніка Хандрыка расказвае:
«Усё адбылося на рацэ Кінтрышы, якая ўпадае ў мора. Яны шпацыравалі, сабака нырнуў у ваду, Іра кінулася за ім, а за ёй Юля — сяброўка, якая была з ёй. Праз дзве гадзіны Юля дайшла да людзей, і ёй выклікалі хуткую, у Юлі страсенне мазгоў».
Наколькі вядома, Юлія ўдарылася галавой аб камяні, яе выкінула на бераг.
З часу знікнення беларускі працягваюцца яе пошукі. Мясцовая паліцыя сцвярджае, што ў бальніцы таго рэгіёна ніхто падобны да Ірыны не трапляў, то-бок малаверагодна, што Ірына выжыла. 23 лютага каля 16 гадзін у вадзе ў паўночнай частцы Кабулеці заўважылі прадмет, падобны да цела, і ў мора павінен быў выехаць ратавальны катар. Але ж нічога не атрымалася высветліць праз шторм і моцны вецер у той час.
У чаце, праз які каардынуюцца пошукі Ірыны, больш за дзве тысячы чалавек. У пошуках удзельнічаюць і простыя валанцёры, якія раздзяліліся на каманды і сочаць за хвалямі, і людзі, якія працуюць з дронамі. Але, як расказвае Вераніка, пакуль не ўсё атрымоўваецца наладзіць: «Выратавальная аперацыя спачатку вялася даволі хаатычна, не было сувязі паміж ратаўнікамі, паліцыяй і валанцёрамі.
Вельмі шмат людзей — беларусаў, расіян, украінцаў — выйшла ў першыя гадзіны на пошукі. Па набярэжнай разгрупаваліся людзі, мы стаім на адлегласці 20 метраў адно ад аднаго і глядзім у ваду, таксама апрацоўваецца інфармацыя з квадракоптараў. Але гэта ўсё вельмі доўга, бо даныя важаць шмат, і пакуль яны апрацоўваюцца, ужо робяцца неактуальнымі».
Ёсць і яшчэ адна праблема — валанцёрам не хапае змены, якая магла б таксама назіраць за морам. Таксама вядома, што 23 лютага ў Кабулеці прыехала мама Ірыны.
Вераніка згадвае пра сяброўку як пра чалавека, для якога тэатр быў дужа важнай часткай жыцця. Ёй было 15 гадоў, калі яна пазнаёмілася з Ірынай, разам яны займаліся ў пластычным тэатры «ІнЖэст». Далей Ірына прадоўжыла вывучаць тэатр. «Іра паступіла ў Акадэмію мастацтваў, яна тэатралка, з падлеткавага ўзросту марыла займацца рэжысурай і рэалізавала гэтую мару. Потым яна пераехала ў Піцер і актыўна пачала працу ў тэатры, выйшла замуж, узяла кватэру ў іпатэку.
Пасля пачатку вайны Іра пераехала ў Грузію, тут яны з дзяўчатамі ставілі спектаклі і займаліся з дзеткамі, іх тэатр быў вельмі папулярны і ў Піцеры, і тут, у Тбілісі.
Іру сябры называлі Ірыс ці Ірыска. Яна вельмі чулы чалавек, заўсёды рабіла нейкія кранальныя ўчынкі і пры любым зручным выпадку дарыла людзям кветкі. Аб'ядноўвала вакол сябе творчых людзей, арганізоўвала кватэрнікі-канцэрты, рабіла перформансы і творчыя вечары. Ірыс — вельмі свабодалюбівы чалавек, які ў любым месцы і з нічога можа стварыць творчую атмасферу. Ёсць такія людзі, з якімі заўсёды цёпла і ўтульна, яна якраз такая», — расказала пра сяброўку Вераніка.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары