Навука і тэхналогіі

«Чалавека можа ўратаваць уважлівасць і падрыхтаванасць». Навуковец расказаў, як прадбачыць землятрус і што трэба мець каля сябе, калі жывеш у сейсмазоне

Беларусь знаходзіцца ўдалечыні ад сейсмаактыўных раёнаў, але многія нашы суайчыннікі знаходзяцца ў Грузіі, на Кіпры, у Балгарыі, дзе землятрусы не рэдкія. Навуковец Сяргей Бесараб не выключае, што ў гэтых краях могуць адбыцца прыродныя катаклізмы, падобныя да турэцкага, і заклікае падрыхтавацца да іх.

Землятрус у Турцыі. Уратаваны 12-гадовы падлетак Мухамед Алканаас, горад Антак'я. Фота: AP Photo / Can Ozer

Землятрус у Турцыі і Сірыі забраў дзясяткі тысяч жыццяў. Сяргей Бесараб заўважае: бяспека чалавека падчас землятрусаў залежыць ад:

  • Якасці ўзведзеных будынкаў, у канструкцыях якіх улічаныя сейсмічныя асаблівасці рэгіёна.
  • Належнага ўзроўню грамадзянскай абароны і эфектыўнай сістэмы сейсмічнага апавяшчэння.
  • Разумення і ведання самімі людзьмі, што рабіць у сітуацыі прыроднага катаклізму.

Вестуны землятрусу

«Калі ў сітуацыі з хібна ўзведзенымі дамамі нічога нельга зрабіць, то пра сваё жыццё чалавек мусіць паклапаціцца сам. Яго можа ўратаваць уважлівасць і падрыхтаванасць», — адзначае навуковец.

Найперш трэба, каб кожны ў сям’і ведаў, што рабіць у выпадку землятрусу.

Не чакаючы ад уладаў папярэджання, важна сачыць за сейсмічнай сітуацыяй, напрыклад, з дапамогай сэрвісаў кшталту USGSEuropean-Mediterranean Seismological Centre, або назіраючы за так званымі вестунамі.

Даўно вядома, што перад тым, як узнікае землятрус, пачынае змяняцца ўзровень электрычнай напружанасці іанасферы і павялічваецца колькасць у прыземным слоі атмасферы такога газу як радон. Ён выходзіць праз трэшчыны зямной кары, якія ўзнікаюць падчас разбурэння горных парод пры напружанні.

Цяпер існуюць сэрвісы, якія сочаць за такімі параметрамі і выдаюць анлайн-справаздачы. Таму, калі ўзнікаюць падазрэнні — можна іх спраўджваць адразу па некалькіх параметрах: https://glonass-iac.ru/iono/maps/ або https://swe.ssa.esa.int/tio_tcr

Трывожная сейсмавалізкі

«Трывожная сейсмавалізка» — невялікі набор рэчаў, якія спатрэбяцца падчас стыхійнага бедства. Пра іх часта, напрыклад, нагадваюць грамадзянам японскія ўлады. Іх раяць мець кожнаму прыезджаму», — кажа навуковец.

Начынне «трывожнай сейсмавалізкі»:

Сейсмічны датчык—сігналізатар (датчык вібрацый), які фіксуе ўзнікненне сейсмічных хваль і сігналізуе пра тое гукам.

У продажы існуе вялізная колькасць такіх прылад з рознай адчувальнасцю да сейсмічных хваль і разлічаных на розную моц гуку.

Сейсмічны датчык — сігналізатар. Фота: http: meihou-trd.co

У сейсмавалізку ўваходзяць сродкі асабістай сігналізацыі: так званыя штурмавыя свісткі, якія трэба насіць на сабе, і радыёмаякі, якія дапамогуць у пошуках чалавека пад заваламі.

Штурмавы свісток. Фота: thewilderness.com

Нядрэнны варыянт — гэта выкарыстанне танных кітайскіх рацый, кшталту Baofeng UV-5R. У такую рацыю коштам каля 20 даляраў умантаваны радыёмаяк, ліхтарык. Ёсць гукавая сірэна і нават FM-прыймач на ўвесь радыёдыяпазон (на выпадак, калі ўлады нешта будуць трансляваць па радыё).

На радыёмаяках трэба настроіць частату аварыйных радыёхваль, бо ў кожнай краіне яна свая.

Простыя рацыі. Фота: lista.mercadolivre.com.br

Свісткі — універсальны варыянт, які прыдасца дарослым і дзецям. Добрыя ратавальныя свісткі цяпер можна купіць на аўкцыёнах і нават надрукаваць на 3D-прынтары.

Абавязкова трэба загадзя навучыцца выкарыстоўваць свісток без дапамогі рук, імітуючы знаходжанне пад завалам.

Калі вам удасца выбегчы з разбуранага будынку, то трэба мець невялікі запас вады і таблеткі для абеззаражвання вады. Тэрмакоўдру («ратавальная коўдра», лепш тая, дзе пазначана грузападымальнасць больш за 150 кг), некалькі каларыйных батончыкаў. Важна не забыць «хімічныя крыніцы святла» — трубкі, якія свецяцца, калі пераламваеш.

Што трэба рабіць у выпадку землятрусу

Пры землятрусе трэба адразу пакінуць будынак, каб не аказацца заваленым. Калі ж гэта немагчыма, то варта знайсці бяспечнае месца.

Існуе дзве асноўныя канцэпцыі ратавання падчас землятрусаў:

Першая: «прыгнуцца-схавацца-трымацца». Трэба знайсці месца, напрыклад, стол і схавацца пад яго, уціснуўшы галаву ў плечы.

Гэта робіцца, каб пазбегнуць пашкоджання падаючымі прадметамі, прыклад, цэглай ці кавалкамі бетону.

Землятрус у Турцыі, горад Адыяман. Фота: AP Photo / Emrah Gurel

Другая канцэпцыя грунтуецца на так званым «трыкутніку жыцця», які прапанаваў амерыканскі ратавальнік Дуг Коп.

Згодна з канцэпцыяй трыкутніка жыцця, пры разбурэнні будынку падаючыя сцены абапіраюцца на нейкія прадметы мэблі, а побач з імі заўсёды застаецца прамежак, у які можна схавацца.

Чым большы памерам прадмет інтэр'еру, тым ён трывалейшы, а значыць, будзе ўтрымліваць на сабе сцяну і размяркоўваць яе вагу.

Калі землятрус заспеў вас у ложку, то трэба скаціцца з яго і прыняць позу эмбрыёна. Каля ложка ўтворыцца трыкутнік жыцця.

Калі вы ў машыне, то трэба сесці ці легчы побач з ёю, там таксама існуе трыкутнік жыцця.

Складанасць у тым, што цяжка спрагназаваць, як будуць падаць прадметы і дзе сфармуюцца трыкутнікі жыцця.

Таму, калі будынак не разбураецца — найлепшая стратэгія «прыгнуцца-схавацца-трымацца», а калі разбураецца — то «трыкутнік жыцця».

Раім даведацца, што такое так званы «ложак Морысана». Гэта вынаходніцтва, якое ў Другую сусветную вайну выкарыстоўвалі жыхары Англіі, каб выжыць падчас разбурэння дамоў.

Якія прычыны прывялі да вялікай колькасці ахвяр у Турцыі і Сірыі

Сяргей Бесараб прычыну бачыць у чалавечым фактары. Ён адзначае, што гэта не першы землятрус такой магутнасці ў Турцыі.

У 1939 годзе быў землятрус з магнітудай блізу 8 балаў у Эрзінджане і тады загінула 33 тысячы чалавек.

Быў землятрус у Ізміце, які за 100 км ад Стамбула. Яго магнітуда была 7,5 бала. Ахвярамі сталі 17 тысяч чалавек.

«Я памятаю землятрус у Ізміры ў 2020 годзе (магнітуда каля 7 балаў), калі загінула некалькі сотняў чалавек. Але турэцкія ўлады, як бачна, ніякіх высноў не робяць. Тэарытычна, максімальная моц землятрусу не змагла б разбурыць правільна пабудаваныя будынкі. Але мы бачым, што ў незалежнасці ад адлегласці да эпіцэнтру паўсюдна велізарныя разбурэнні. Многія будынкі проста склаліся, як картачныя домікі», — даводзіць навуковец.

Няякасныя канструкцыі будынкаў. Фота: сацыяльныя сеткі

Паводле яго, гэта сведчыць, што ў Турцыі і Сірыі не задумваліся пра сейсмаўстойлівасць.

«У апошні час людзі пачалі выкідваць у інтэрнэт здымкі фундаментаў і сцен будынкаў, на многіх бачна, што замест бетону — нейкае смецце ці ўвогуле мантажная пена», — адзначае навуковец.

Ён кажа, што пасля землятрусу ў Ізміце туркі нарматыўна ўвялі новыя стандарты бяспекі для будынкаў. Абавязалі будаўнікоў выкарыстоўваць высакаякасны бетон, а бэлькі размяшчаць так, каб яны паглыналі энергію сейсмічных хваль.

«Але як паказаў лютаўскі землятрус, усё гэта засталося толькі на паперы, — лічыць Сяргей Бесараб. — Акрамя будаўнікоў, не гатовымі да здарэння аказаліся і службы надзвычайных сітуацыяў Турцыі. Напрыклад, не было апавяшчэнняў. Ды і самі людзі не ведалі што рабіць, гінулі цэлымі семʼямі».

Чаму адбываюцца землятрусы. Структурныя асаблівасці зямлі

Сяргей Бесараб тлумачыць: наша планета ўмоўна складаецца з трох асноўных частак — ядро, вадкая мантыя і літасфера.

Літасфера — гэта цвёрдая абалонка Зямлі, якая складаецца з так званай зямной кары і верхняй часткі мантыі. У будове літасферы вылучаюць рухомыя вобласці (складчатыя паясы) і адносна стабільныя блокі-платформы — літасферныя пліты.

Землятрус у Турцыі, горад Голбасі. Фота: AP Photo /  Francisco Seco

Літасферныя пліты — агромністыя кавалкі цвердзі (таўшчыня каля 100 км), якія плывуць па паверхні пластычнай астэнасферы (верхняя частка мантыі). Пліты дзеляцца на тры групы: асноўныя (або першасныя), малыя (або другасныя) і так званыя мікрапліты.

Першасныя пліты— гэта асноўная частка кантынентаў і Ціхага акіяна, іх плошча — дзясяткі мільёнаў квадратных кіламетраў.

Напрыклад, на Еўразійскай пліце месціцца Еўразія, а на Афрыканскай — Афрыка.

Другасныя пліты памерам больш за 1 мільён квадратных кіламетраў.

Напрыклад, Аравійская пліта (тэрыторыя Аравійскага паўвострава), пліта Янцзы (тэрыторыя Паўднёвага Кітая).

Мікрапліты — гэта кавалкі літасферы памерам менш за 1 мільён квадратных кіламетраў.

Анаталійская мікрапліта адносіцца да Еўразійская пліты і нясе на сабе паўвостраў Анатолія, дзе і адбыўся землятрус.

«Ажыла» анаталійская пліта

Чым больш масіўны памер пліты, тым меншая яе рухомасць, адзначае Сяргей Бесараб.

Велізарныя першасныя пліты рухаюцца вельмі павольна (каля сантыметра за год). «Лёгкія» мікрапліты рухомыя, таму рэгіёны, якія на іх размешчаныя, лічацца сейсмічна актыўнымі.

Асноўныя тэктанічныя структуры на тэрыторыі Турцыі. Ілюстрацыя: Сяргей Бесараб

У Турцыі перыядычна ўзнікалі землятрусы, якія чаргаваліся з перыядамі адносна спакойнай сейсмічнай абстаноўкі.

Анаталійская мікрапліта была нейкім чынам «счэпленая» з трывалымі горнымі пародамі, але астатнія пліты пры гэтым рухаліся і напружанне ўзрастала. У выніку яна ў адзін момант ссунулася на сотні сантыметраў. 

«Гэта як закручваць нейкую спружыну, — тлумачыць Сяргей Бесараб. — Метал трывае прыкладанне моцы да пэўнага моманту, а потым выбухае з выдзяленнем назапашанай энергіі. Фактычна падчас землятрусу ў выглядзе сейсмічных хваляў і выдзелілася энергія, якая дзясяткі гадоў назапашвалася ў «спружынах» счэпленых горных парод».

Трагедыя ў Турцыі гэта два землятрусы магнітудай ў 7 балаў магутнасцю 32 мегатоны трацілавага эквіваленту.

«Для параўнання, ядзерная бомба, так званая «Цар-бомба», якую СССР падарваў у 1961 годзе, мела магутнасць каля 60 мегатон», — адзначае навуковец.

Па яго словах, з-за парушэння адноснага спакою Анаталійскай пліты і яе актыўных рухаў спакой можа згубіць увесь рэгіён, у тым ліку і Грузія, Балгарыя, Кіпр і іншыя месцы, тэрытарыяльна блізкія да Анаталійскай пліты.

«Пакуль не атрыманыя і не прааналізаваныя ўсе сейсмічныя даныя — сказаць пра дакладны кірунак міграцыі сейсмічнай актыўнасці складана. Тэарытычна, найбольш верагодныя кірункі гэта або поўдзень, або паўночны ўсход», — падсумоўвае Сяргей Бесараб.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

У эпіцэнтры землятрусу ў Турцыі адзін горад ацалеў. Мэр патлумачыў, чаму так адбылося

Як сябе паводзіць у землятрус і дзе лепш хавацца

Улады Турцыі параўналі сілу землятрусу з выбухам 500 атамных бомбаў

Каментары

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!15

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →