Дуэт опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук і блогера Андрэя Павука ўзнік як рэакцыя на беларускі сюр. Працавалі музыкі ў жанры палітычнай сатыры.
Андрэй Павук пацвердзіў «Нашай Ніве», што гурт больш не існуе. Па якіх прычынах ён распаўся, музыкі не каментуюць.
Сярод яркіх песень дуэта — «Азаронак», «Толька Матолька», «Арыя Іуды», «Звінят і лязгают танкі», «Галіна» і шмат іншых. Аўтар тэкстаў — Андрэй Павук.
Учора Маргарыта Ляўчук разам з Паўлам Ліберам выпусціла песню «Мурка», дуэт назвалі «Недазаконаў».
Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук выступала ў розных еўрапейскіх тэатрах. Яна ўдзельнічала ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе. Тады ж сышла з працы ў Нацыянальным тэатры оперы і балета.
Цяпер Маргарыта жыве ў Вільні і, апроч як з класічнай музыкай, таксама працуе з палітычнай сатырай, адкрыта і правакацыйна крытыкуе дыктатуру ў краіне.
У 2021 годзе супраць Ляўчук распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»).
Андрэй Павук — актывіст і блогер, стваральнік ютуб-канала «Рудабельская паказуха», на якім у тым ліку публікуе свае тэлефонныя размовы з чыноўнікамі.
На Павука раней завялі крымінальныя справы за «публічную абразу работніка пракуратуры горада Мінска» і «разгалошванне звестак аб прыватным жыцці і персанальных даных памочніка пракурора».
У маі 2022-га сілавікі зладзілі ператрус у кватэры Андрэя і Вольгі Павукоў у пасёлку Акцябрскі.
Нядаўна супраць блогера распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).
Каментары