У Беларусі з'явілася беларускамоўная настолка аб вялікіх суайчынніках «Туэйшыя». Яна створаная ў калабарацыі брэнда OZ і студыі распрацоўкі настольных гульняў «Кубік» з Гродна, паведамляе CityDog.io.
У гульні прадстаўленыя карткі з выявамі выбітных беларускіх дзеячаў, такіх як мастак Марк Шагал, літаратар Уладзімір Караткевіч, княгіня Анастасія Слуцкая і многія іншыя. З такой настольнай гульнёй можна весела бавіць час і даведацца пра вядомых людзей, якія зрабілі свой унёсак у развіццё краіны.
Уявіце, што межы часу сцерліся, і выбітныя беларусы розных часоў апынуліся ў ХХІ стагоддзі. Цяпер кожны гулец павінен выбраць свайго персанажа і адказваць на незвычайныя пытанні, напрыклад: «Што б расказала Бона Сфорца ў інтэрв’ю для глянцавага часопіса?», «Які прынт быў бы на цiшотцы ў Вітаўта?», «Што б рабіла Вера Харужая падчас зомбі-апакаліпсісу?». Трэба зразумець, якога дзеяча абралі вашы сапернікі, а яны павінны адгадаць, хто вы. Выйграе першы, хто знойдзе свайго двайніка.
Пажаданы ўзрост удзельнікаў гульні — ад 14 гадоў, але строгіх абмежаванняў няма. Гуляць адначасова могуць ад 2 да 6 чалавек. Працягласць — 30-45 хвілін, у залежнасці ад падрыхтаванасці ўдзельнікаў.
У камплект уваходзяць:
- 50 картак з вядомымі беларусамі;
- 25 картак з пытаннямі;
- 12 картаў выбару;
- брашура з кароткімі біяграфіямі;
- карткі «так» і «не»;
- карткі лайкаў;
- правілы гульні.
Набыць настолку сабе ці ў падарунак можна ў фірмовых крамах сеткі, праз мабільную праграму OZ альбо на сайце OZ.by.
Каментары
(як і яе бацька Рагвалод) - гэта проста ржунімагу!