«Вакол было шмат крыві». Падчас налёту АМАП на начны клуб дзяўчыне адарвалі частку пальца
У ноч з 5 на 6 лістапада мінулага года АМАП зладзіў аблаву на вечарынку ў мінскім клубе Hide. Сілавікі тады шукалі наркотыкі і правяралі ва ўсіх тэлефоны. Для Вольгі, якая ў тую ноч была ў клубе, гэта скончылася адарванай часткай пальца і суткамі. Толькі цяпер яна вырашыла падзяліцца сваёй гісторыяй.
Вольга Сцепаненка адзначала тады ў клубе дзень нараджэння. Яна згадвае, як на вечарынку ўварваліся амапаўцы.
«Яны паводзілі сябе жорстка. Я была каля ўваходу, калі яны пачалі ўбягаць. Яны пранікалі вельмі груба, крычалі. Адразу сказалі, каб выключылася музыка, каб мы тварам у падлогу ляглі, галовы не паднімалі і рукі за спіну. Увесь клуб лёг», — расказала яна «Нашай Ніве».
Вольга кепска памятае, што менавіта здарылася з яе рукой.
«Хутчэй за ўсё, ботам наступілі. Я проста нічога не адчула ў момант, калі гэта адбылося. Калі я ўжо ляжала, я выцягнула руку, гляджу — там няма ўжо пазногця і рана была, адарваная частка», — згадвае дзяўчына.
Вакол было шмат крыві.
Уначы ў машыне хуткай дапамогі АМАП запісаў яе звесткі. У 6-й бальніцы дзяўчыне ампутавалі пазногцевую фалангу.
«Раніцай пасля бальніцы я прыехала дадому, пасля чаго да мяне прыйшлі два міліцыянты. Яны сказалі мне ехаць з імі ў РУУС. Падчас паездкі ўзялі праверыць мой тэлефон. У РУУС апісалі і забралі мае рэчы. Нічога супрацьзаконнага ў тэлефоне выяўлена не было, але мяне пасадзілі за краты ў РУУС да высвятлення абставінаў», — распавяла Вольга фонду «Байсол».
У бальніцы яе траўму, імаверна, аформілі як крымінал з боку АМАПа. Калі Вольга была ў РУУС, прыязджаў следчы, які мусіў разбірацца з гэтым здарэннем.
Дзяўчына сказала, што да АМАПа прэтэнзій не мае, каб пазбегнуць праблем. Але на яе ўсё адно склалі пратакол па артыкуле 19.1 за «дробнае хуліганства» і адправілі на Акрэсціна. Пасля суд даў ёй 15 сутак. У пратаколе міліцыянты напісалі, што яна ў РУУС нібыта «гучна крычала, на патрабаванні супакоіцца не рэагавала».
Вольга прадставіла ў Рэдакцыю дакументы, якія пацвярджаюць яе знаходжанне ў бальніцы, траўму і адміністрацыйны арышт.
«Калі я сядзела, да мяне прыходзіла міліцыянтка з яшчэ адным пратаколам пра нібыта ілжывы выклік: маўляў, мае словы з лякарні і словы следчага разыходзяцца. Я яшчэ раз сказала, што ў мяне няма прэтэнзій, бо я была запалоханая. Яна са свайго боку проста зрабіла мне папярэджанне і закрыла гэтую справу аб ілжывым выкліку.
Падчас арышту мне адмаўлялі ў перавязцы пальца амаль кожны раз, калі я прасіла (зрабілі толькі адзін раз). Трэба было праверыць прышчэпку ад слупняку, каб не заразіцца, але гэтага не зрабілі. Як потым высветлілася, у мяне як раз скончыўся тэрмін дзеяння гэтай прышчэпкі і яе трэба было зрабіць тэрмінова для прафілактыкі».
Камера дзяўчыны была перапоўненая, піша «Байсол»: 14 чалавек на 4 месцы. Жанчынам не выдавалі матрацы і коўдры, святло не выключалі, будзілі пару разоў за ноч, рэдка давалі мыла і туалетную паперу.
«Вы тут, каб пакутаваць», — казалі ім.
«Нейкі міліцыянт нават сказаў, што такія, як я, у «дрэнным спісе» і нада мной будзе кантроль. Падчас затрымання да мяне яшчэ нехта падыходзіў і пытаўся пра тое, што адбылося, пытаўся пра мітынгі і ці брала я ў іх удзел. У мяне ёсць адзін пратакол за 2020 год (мне тады далі штраф, я яго аплаціла).
Калі я выйшла з турмы, са мной звязаўся следчы па гэтай справе. Завялі крымінальную справу, дзе я лічылася пацярпелай. Але я напісала адмову, улічваючы, што мяне запалохвалі ўвесь гэты час. У канцы ён параіў мне з'язджаць з краіны, сказаў, што з гэтай справай могуць узнікаць праблемы,
плюс да ўсяго, у краіне актыўна ідзе працэс апрацоўкі камер па распазнанні асоб, і калі мой твар знойдуць на мітынгах, то будзе крыміналка і «хімія». А такіх мітынгаў было шмат. Я адчувала, што мне ў Беларусі небяспечна. Могуць у любы момант прыйсці, як гэта і было з дзяўчатамі, з якімі я сядзела (садзяць за каментарыі і рэпост). Плюс, было ўсё роўна страшна з гэтай справай».
Адкрыць гуманітарную візу Вользе дапамог «Беларускі дом» у Варшаве. У студзені яна яе атрымала і выехала ў Польшчу. Жыве ў знаёмага і шукае працу.
Зберажэнняў у яе няшмат, таму Вольга запусціла збор на «Байсол», каб былі грошы на першы час жыцця ў Польшчы — на арэнду жылля і харчаванне.
Падтрымаць дзяўчыну можна па спасылцы (памятайце пра правілы бяспекі).
«Я не была гатовая да такіх падзей. Уся гэтая сітуацыя выцягнула вельмі шмат сіл», — кажа дзяўчына.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары