Літоўская разведка непакоіцца, што лукашысты могуць выкарыстаць у сваіх мэтах беларускую дыяспару
У справаздачы аб асноўных пагрозах нацыянальнай бяспецы краіны, прадстаўленай 9 сакавіка разведвальнымі службамі Літвы, адзін з аспектаў непасрэдна тычыцца Беларусі і беларусаў, прытым не толькі рэжыму Лукашэнкі, але і яго апанентаў. Літоўскія спецслужбы выказваюць занепакоенасць тым, што лукашысты могуць засылаць у эмігранцкія асяродкі сваіх агентаў.
Як паведамляе LRT са спасылкай на справаздачу, беларускія службы ў найбліжэйшы час, верагодна, будуць больш інтэнсіўна выкарыстоўваць беларускую дыяспару Літвы для збору разведданых.
Асноўнымі аб'ектамі іх увагі будуць літоўскія ўстановы, беларуская палітычная апазіцыя і сама беларуская дыяспара. Задача — дыскрэдытацыя Літвы і беларускай дэмакратычнай апазіцыі, аказанне ўплыву на настроі беларускай дыяспары.
Разведка мяркуе, што для збору разведданых і аперацый уплыву будуць выкарыстаныя асобныя прадстаўнікі дыяспары, якія паверылі лукашэнкаўскай прапагандзе і расчараваліся ў беларускай апазіцыі.
Спецслужбы маюць і канкрэтныя звесткі пра тое, што ў асяроддзе беларусаў-эмігрантаў КДБ Беларусі ўкараняе сваіх агентаў.
У якасці прыкладу была прыведзеная гісторыя Андрэя Абраменкі. Ён пражыў у Літве некалькі месяцаў, а пасля вярнуўся ў Беларусь. Там яго зрабілі героем прапагандысцкага тэлефільма пра Літву. Пасля літоўскія разведчыкі высветлілі, што Абраменка служыў у АМАП і, верагодна, супрацоўнічаў з КДБ.
Непакоіць разведчыкаў таксама разгорнутая рэжымам Лукашэнкі ініцыятыва «Дарога дадому».
У яе рамках шмат хто з беларускай дыяспары Літвы нібыта атрымаў на свае акаунты ў тэлеграме прапановы вярнуцца ў Беларусь, і літоўцы таксама бачаць у гэтым патэнцыйную глебу для шпіянажу.
Па ацэнках разведкі, у сярэднетэрміновай перспектыве захаваецца пагроза нелегальнай міграцыі з Беларусі. Разам з патокам мігрантаў у краіну будуць спрабаваць патрапіць і асобы, звязаныя з экстрэмізмам. Такія выпадкі, як сцвярджаецца ў справаздачы, ужо былі.
Каментары