Еўрапарламент выказаў шкадаванне аб візіце Сіярта і асудзіў новыя прысуды ў Беларусі
Еўрапарламент прыняў чарговую рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі. У ёй выказваецца асуджэнне новых палітычна матываваных прысудаў, у тым ліку пастановы ў справах нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і праваабаронцаў «Вясны», Андрэя Пачобута, завочнага працэсу над Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам і чальцамі Каардынацыйнай рады, піша Reform.by.
У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца асуджэнне пераследу беларускімі ўладамі польскай і літоўскай нацыянальных меншасцяў.
Еўрадэпутаты яшчэ раз заклікалі да вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, выплаты ім кампенсацый. Таксама парламентарыі чарговы раз асудзілі падтрымку беларускімі ўладамі агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Еўрадэпутаты выказалі расчараванне тым, што Беларусь не была ўключана ў 10-ы пакет санкцый ЕС. Яны выказаліся за ўвядзенне жорсткіх рэстрыкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска, у тым ліку за санкцыі супраць калійнай галіны, якая ў рэзалюцыі названая асноўнай крыніцай даходу ўлад. Акрамя таго, еўрадэпутаты лічаць неабходным уключыць у санкцыйныя спісы суддзяў, пракурораў, супрацоўнікаў турмаў і папраўчых устаноў і забяспечыць належнае выкананне санкцый.
У рэзалюцыі таксама падкрэсліваецца неабходнасць усебаковага расследавання злачынстваў, учыненых рэжымам Лукашэнкі супраць народа Беларусі, і ўтрымліваецца заклік да краін ЕС актыўна ўжываць прынцып універсальнай юрысдыкцыі і рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх чыноўнікаў.
Еўрадэпутаты таксама віталі адкрыццё ў Бруселі місіі дэмакратычных сіл Беларусі і заклікалі інстытуты Еўрасаюза падтрымаць гэтае прадстаўніцтва, як і народныя пасольствы. Парламентарыі заклікалі Еўракамісію стварыць працоўную групу і пачаць прадметны дыялог з прадстаўнікамі дэмсіл па асновах супрацоўніцтва з Беларуссю пасля падзення рэжыму Лукашэнкі.
У дакуменце таксама выказваецца шкадаванне з нагоды візіту міністра замежных спраў і гандлю Венгрыі Петэра Сіярта ў Мінск 13 лютага гэтага года. Заяўлена, што ён супярэчыць палітыцы ЕС у дачыненні да Беларусі і Расіі. Таксама Еўрапарламент не ўхваляе выдачу некаторымі краінамі шэнгенскіх віз «асобам, блізкім да Аляксандра Лукашэнкі». У рэзалюцыі падкрэсліваецца важнасць умацавання адзінства ЕС у дачыненні да Беларусі, у тым ліку ў пытанні дыпламатычнай ізаляцыі беларускіх улад.
Еўрадэпутаты таксама выступілі супраць удзелу беларускіх спартоўцаў у адборы на Алімпійскія гульні ў Парыжы.
Каментары