«Што там Чарнуха не раіць?» Пра дэгенератыўнае мастацтва і найлепшыя трэкі распыталі знаўцу беларускай музыкі
Журналіст Аляксандр Чарнуха ў музыцы з самага дзяцінства: іграў у гурце, 12 гадоў пісаў пра беларускую музыку, а цяпер яшчэ і завёў адмысловы ютуб-канал «Міністэрства сепультуры». Аляксандр паразважаў пра недаацэненых беларускіх артыстаў, песні па-руску, а таксама расказаў, навошта хадзіў на канцэрт Віктара Каліны і «Песню года».
«Вольскі варты таго, каб збіраць «Мінск-Арэну»
З чаго пачынаць чалавеку, які нічога не ведае пра беларускую музыку і хоча з ёй пазнаёміцца? Аляксандр Чарнуха раіць класіку кшталту Вольскага, «Крамы», Neuro Dubel, Змітра Вайцюшкевіча. Але ж гэта толькі першы этап:
«Калі хочацца чагосьці мадэрновага, паслухайце «Петлю Пристрастия». Шмат для каго гэты гурт — адкрыццё, бо яго музыка вельмі якасная. Ёсць Naviband, ёсць тыя ж Nizkiz — даволі модны і яскравы гурт. Калі хочацца электронікі з беларускім каларытам, паслухайце Shuma, калі хочацца больш паглыбіцца ў традыцыйныя беларускія спевы, паслухайце «Тройцу», таму што яна запісала шмат чаго выдатнага і гэта вельмі цікавы гурт сусветнага ўзроўню».
Гэты спіс, расказвае Аляксандр, можна працягваць бясконца. Камусьці падабаецца метал, дык ён слухае Gods Tower ці нейкія больш сучасныя гурты, напрыклад, у Ciemra нядаўна выйшаў новы альбом. Камусьці па душы рэп, і тады варта паслухаць рэпера Zeman. За свой шлях у беларускай музыцы Аляксандр сустракаў і зусім экзатычныя жанры накшталт grindcore з акардыёнам, імправізацыйнага джаза, трэш-попа — і такая экзотыка, на думку эксперта, проста мусіць знайсці свайго слухача.
Чытаць пра беларускую музыку можна ў некалькіх тэлеграм-каналах. «Я сам вяду канал «Беларуская музыка», куды рэгулярна пішу і пра тое, што выходзіла раней, і пра нейкія новыя рэлізы. Ёсць іншыя тэлеграм-каналы, дзе нехта распавядае пра актуальную беларускую музыку, нехта — пра зусім андэграўндныя рэчы, ёсць нейкія рэтраспектывы кшталту «Дай паслухаць». Можна шукаць музыку там. Ёсць выдатны праект Віктара Сямашкі «Кракатук», — кажа Аляксандр.
Паводле Чарнухі, уся беларуская музыка яшчэ чакае свайго масавага слухача:
«Той жа Вольскі, тая ж «Крама» ці Вайцюшкевіч вартыя таго, каб збіраць «Мінск-Арэну». Беларуская музыка — гэта музыка недаацэненых творцаў. Мне падаецца, што цяпер усё нармальна толькі ў «Молчат Дома», як у прыкладу звышпапулярнага беларускага гурта, і ў Макса Каржа, давайце ўсіх астатніх называць недаацэненымі».
Тым не менш, пакуль што «Мінск-Арэну» збірае не Лявон Вольскі, а нашмат больш празаічныя асобы, напрыклад, расійскі спявак Рыгор Лепс, прыхільнік пракрамлёўскай мілітарысцкай рыторыкі і акупацыі Украіны. Аляксандр называе гэтую з’яву прыкметай відавочнай гуманітарнай катастрофы, якая адбываецца ў Беларусі.
«Беларускі кантэкст падмяняецца ў нашай музыцы расійскім, беларускія музыкі адчуваюць на сабе беспрэцэдэнтны ціск: яны не тое што не могуць выступаць у роднай краіне, яны не могуць там жыць. На жаль, у Беларусі дагэтуль існуе шмат індыферэнтных людзей, якія проста жывуць у гэтым расійскім кантэксце. Ходзяць на Лепса ці на нейкіх яшчэ артыстаў кшталту Ганны Asti, якая тры дні запар збірала Палац спорту. Гэта проста вынік палітыкі беларускай дзяржавы, якая руйнуе ўвесь беларускі кантэкст», — робіць выснову журналіст.
Паводле Чарнухі, і самі беларускія творцы трапляюць пад уплыў гэтага кантэксту. Да пэўнага часу Расія была для беларускага творцы пропускам у лепшае жыццё і спосабам атрымаць вялікую аўдыторыю, то-бок, каб цябе заўважылі ў Беларусі, нібыта трэба было паехаць у Расію, і гэта часткова было праўдай.
Па інерцыі ў некаторых музыкаў так адбываецца і дагэтуль. хоць іх няшмат. Журналіст дапускае, што частка маладых музыкаў успрымае расійскіх калег як больш паспяховых і стараецца капіраваць іх, хаця расійскія музыкі, у сваю чаргу, капіруюць заходніх калег. У беларусаў такім чынам атрымоўваецца калька калькі. Такі працэс адбываецца праз тое, што беларуская медыяпрастора насычаная расійскім парадкам, што адбіваецца ў тым ліку і на творчасці.
«Калі беларускі творца зладзіць статысячнік, то можна будзе казаць пра пераацэненых творцаў»
Што рабіць з творамі беларускіх музыкаў, зробленымі па-руску? Аляксандр не адмаўляе ім у праве належаць да беларускай музыкі, але лічыць, што перавага павінна быць на баку роднай мовы: «Гэта таксама частка беларускай культуры, як бы там ні было, іншая рэч — што з гэтым рабіць.
Мне падаецца, не лічыць музыку беларускай толькі праз тое, што яе робяць па-руску, няправільна. А вось заахвочваць рабіць па-беларуску — гэта іншае, гэта мне здаецца правільным і канструктыўным шляхам, бо калі ладзіць нейкае дзікае паляванне, гэта наўрад ці давядзе да чагосьці добрага, проста маргіналізуе працэс».
Эксперт лёгка называе прыклад якаснай беларускай музыкі па-руску — гурт «Петля Пристрастия». Чарнуха тлумачыць, што мова можа быць выключна інструментам, якім чалавек карыстаецца, каб данесці свае думкі, гэта не ідэалагічная зброя, таму людзі запісваюць музыку па-руску.
Ці можна казаць пра нейкіх пераацэненых творцаў? На думку Аляксандра, пакуль не: «Беларусаў у свеце амаль дзесяць мільёнаў. Калі беларускі творца зладзіць статысячнік, то-бок будзе пяць дзён запар збіраць стадыён «Дынама», можна будзе размаўляць пра нейкіх пераацэненых творцаў.
У Польшчы, напрыклад, ёсць свае зоркі, якія збіраюць найбуйнейшыя пляцоўкі па два-тры дні запар. Гэта сведчыць пра тое, як у краіне добра развіты музычны рынак, як людзі ставяцца да сваіх».
Аляксандр мяркуе, што цяпер у нашай музыцы няма тых, хто паставіў бы ўсё гэта на бізнэсовыя рэйкі:
«Калі ў сферы ёсць грошы, тады ёсць нейкія рэкламныя магутнасці, ёсць і добры маркетынг, тады ёсць цікавасць з боку слухача і, напрыклад, медыя, якія пішуць пра сваіх, робяць ім легенды, ствараюць кантэкст. Тады з’яўляюцца якасныя таблоіды, якія таксама працуюць на папулярнасць артыстаў.
З’яўляецца разуменне таго, што адбудаваны свой легендарыум: ёсць свае культавыя персанажы, свая сцэна, і на гэта проста цікава хадзіць, гэта цікава слухаць. Нават калі не падабаецца музыка, табе трэба туды пайсці, таму што гэта модна. Упэўнены, што не ўсе людзі, якія хадзілі ў Мінску на стадыённыя канцэрты Макса Каржа, — вялікія фанаты яго музыкі. Але яны разумеюць, што Корж — гэта сапраўды з’ява, і ім хочацца на гэта паглядзець. Гэта ўжо не галоўная аўдыторыя музыкі, а проста мінакі, якія ведаюць, што адбываецца, і хочуць аддаць свае грошы за тое, каб гэта ўбачыць».
«Смех дэсакралізуе дэгенератыўнае мастацтва»
Для «Нашай Нівы» Аляксандр называе тры любімыя беларускія трэкі:
- «Тройца» — «Тры янгалы»,
- Godstower — Twilight Sun,
- Port Mone — Nina.
«Тры янгалы» — вельмі эмацыйная і філасофская песня, яна проста ўводзіць слухача ў транс. Мне падаецца, гэта шчыльная метафізіка», — апісвае Аляксандр.
Фота: інстаграм Аляксандра Чарнухі
Twilight Sun Чарнуха называе выбітным творам, які ў цэлым характарызуе беларускі метал, тлумачыць, што ён можа быць экспартнай з’явай і з’яўляецца ёй. Гэта песня з прыгожай мелодыкай і крутой аранжыроўкай, яе лёгка слухаць, хаця яна і доўжыцца 10 хвілін.
Што да Nina, то гэта прыгожы інструментальны твор, запісаны ў беларускім лесе. Ён дужа беларускі па настроі і крута адлюстроўвае адчуванне восені. На думку Аляксандра, гэта твор імпрэсіянісцкага гатунку.
А вось парады адваротнага кшталту — што не слухаць — журналіст не спяшаецца даваць: «Не магу нічога забараніць чалавеку ці параіць нешта не слухаць. Калі б я нават хацеў гэта зрабіць, то найлепш было б проста маўчаць пра такіх людзей.
Калі я параю не слухаць вось гэта і вось гэта, чалавек пойдзе шукаць гэтую музыку хаця б з цікаўнасці: маўляў, што там Чарнуха гэты не раіць?
Мне падаецца, што ў гэтым выпадку маўчанне — найлепшая тактыка. Гэта як з прапагандыстамі: мяркую, яны існуюць, пакуль мы звяртаем на іх увагу».
Сабе самому Чарнуха таксама дазваляе слухаць рознае. Расказвае, што
быў нават на канцэрце шансанье Віктара Каліны ў Смалявічах, не прапускаў беларускую «Песню года» і не стаў бы адгаворваць чалавека ісці на такія канцэрты, бо кожны можа сам прымаць самастойныя рашэнні.
Аляксандр прызнаецца, што хадзіў на такія канцэрты нават за грошы, бо яны яму цікавыя з антрапалагічнага пункту гледжання: «Мне цікава збіраць свой бестыярый фантастычных істот, глядзець, як яны сябе паводзяць у гэтым сваім серпентарыі, назіраць за іх характарамі, бо не музыку ж там слухаць. Цікава аналізаваць паводзіны істот у даволі таксічных абставінах, іх матывы. Трэба ж разумець, як чалавек дакаціўся да такога жыцця».
Як дзеліцца Чарнуха, для яго на такіх канцэртах больш займальна назіраць не за публікай, а за самімі артыстамі. Што іх прымушае ўдзельнічаць у канцэртах кшталту тых, што ладзіць прадзяржаўная беларуская эстрада?
«Для іх гэта хвіліна славы, адзіны спосаб атрымаць хаця б нейкую аўдыторыю і грашовую прэмію за сваю няўдзячную працу. У гэтым цікава калупацца, назіраць за гэтым як за нейкім феноменам. Гэта не сумна, а весела, мне падаецца, што сумаваць — гэта ўвогуле неканструктыўная пазіцыя.
Трэба смяяцца, бо гэтыя людзі павінны разумець, што яны смешныя, і смех дэсакралізуе гэтае дэгенератыўнае мастацтва», — упэўнены журналіст.
Беларуская музыка пасля 2020 года
Па словах Чарнухі, цяпер айчынная музыка існуе ў двух кантэкстах. Першы з іх — унутрыбеларускі, і там музыка знаходзіцца ў татальным падполлі. Яна глыбока схаваная і не мае магчымасці праявіць сябе напоўніцу, бо гэта ў тым ліку небяспечна.
Такая музыка жыве ніжэй за радары, бо іншыя варыянты небяспечныя: «Любая праява творчасці ўнутры Беларусі знаходзіцца пад назіраннем беларускіх кампетэнтных органаў. Пляцовак, дзе маглі б выступаць беларускія музыкі-пачаткоўцы, амаль не засталося, а калі пляцоўка і знойдзецца, то атрымаць гастрольнае пасведчанне зараз вельмі цяжка.
Музыкі вымушаныя фільтраваць свае сацсеткі, бо на іх таксама звяртаюць увагу, калі даюць гэтыя пасведчанні. Магчыма, адбываюцца нейкія кватэрнікі, але пра іх складана сказаць, калі ты знаходзішся за межамі Беларусі».
Музыка, якую беларусы робяць па-за межамі сваёй краіны, існуе па іншых правілах. Артысты прызвычайваюцца жыць па-новаму: шмат хто застаўся без складу свайго гурта, без інструментаў, вымушаны працаваць часам на не вельмі рэспектабельнай працы, каб пракарміць сябе і сям’ю, і ў вольны час займацца творчасцю. Але таксама ёсць гурты, якія сабраліся за межамі Беларусі, сабралі інструменты і працягваюць гастраляваць. Што будзе з гэтай музыкай далей, эксперт прадказваць не спяшаецца.
Пра што для Чарнухі сённяшняя беларуская музыка? «Пра Беларусь. Мне падаецца, што беларуская музыка — гэта сукупнасць гуртоў і артыстаў, якія існуюць у пэўным кантэксце і транслююць свае думкі праз прызму гэтага кантэксту. Натуральна, што ў такім выпадку беларуская музыка — гэта пра Беларусь і пра ўспрыманне беларусамі гэтага свету», — падсумоўвае Аляксандр.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬПра вяртанне, вайну культур, Паўла Белавуса і Алега ЛСП. Дзе цяпер рэпер Vinsent?
Макс Корж і Лэдзі Гага. У Беларусі значна пашырылі «чорны спіс» музыкаў
Джэй Ло, Metallica, Depeche Mode. Самыя чаканыя альбомы 2023 года
Каментары
Трэба разумець, што руская гэта не "тоже наша", а прымусова насаджаная...
Шмат рускамоўных беларускіх выканаўцаў, калі растуць, разумеюць, што такое беларуская мова для беларусаў і звяртаюцца да яе і пішуць творы на ёй! (Міхалок, Нейра Дюбель, Дай Дарогу, г.д.....)