Мінтай, хек, скумбрыя… Якую рыбу любяць беларусы і адкуль яе прывозяць?
Якой рыбе аддаюць перавагу беларусы і як яна трапляе ў нашу краіну, выданню Blizko.by расказаў Дзяніс Дабравольскі, які кіруе закупкамі рыбнай прадукцыі ў кампаніі «Еўрагандаль».
Па словах Дзяніса Дабравольскага, выбар рыбы і морапрадуктаў залежыць ад цаны і сярэдняга кашалька, якім валодае беларуская сям'я. Грунтуючыся на штомесячнай рэалізацыі ў гандлёвай сетцы «Еўраопт», можна выдзеліць топ-6 найменняў.
Першае месца займае мінтай — рыба з сямейства трасковых.
На другім месцы хек, які закупляецца з Канады і ЗША. Праўда, цяпер з-за санкцый ЗША непасрэдных паставак не вядуць.
Трэцюю і чацвёртую пазіцыі займаюць скумбрыя і селядзец.
Пятае месца можна аддаць сёмзе і стронзе.
Шостае месца займае тунец — за апошнія гады ён у некалькі разоў вырас па колькасці спажывання, і ў выніку павялічылася колькасць паставак у краіну.
Пры гэтым, каментуючы пятую пазіцыю, то-бок сёмгу і стронгу, спецыяліст адзначае, што сямейства ласасёвых, да якога яны належаць, мае шэсць відаў рыбы ў жывой прыродзе, і ловяцца яны найперш на расійскім Далёкім Усходзе.
«Гэта так званы далёкаўсходні асартымент, да якога належаць гарбуша, кета, нерка, кіжуч, чавыча і галец. Гэта тыя віды ласасёвай рыбы, якія вельмі карысныя і смачныя, таму, без залежнасці ад цаны, хоць часцяком яны таннейшыя за стронгу ці ласося, я ім аддаю перавагу, калі ўбачу на прылаўку», — кажа Дзяніс Дабравольскі.
Ласось і стронга гадуюцца штучна і таму менш карысныя, чым пералічаныя шэсць відаў рыбы. Праўда, тэндэнцыя такая, што большасць спажыванай рыбы ў найбліжэйшыя 50—100 гадоў так ці іначай будзе гадавацца штучна, бо акіян актыўна забруджваецца.
Рэгіёны паставак рыбы ў Беларусь цяпер дастаткова шырокія. Перш за ўсё гэта рэгіён Баранцава і Паўночнага мораў. Да іх адносіцца Нарвегія, трохі Ісландыя і Фарэрскія астравы.
«Калі мы глядзім на аб'ёмы і віды базавай рыбы, якая завозіцца, то два асноўныя рэгіёны паставак — гэта Японскае і Баранцава мора.
Калі казаць пра краіны, то на першым месцы па аб'ёмах паставак будзе Расія — адтуль да нас прыязджае прыкладна 50% рыбы, затым Нарвегія з часткова Ісландыяй і Фарэрскімі астравамі, пасля іх Канада і ЗША, якія пастаўляюць хека, 40 відаў марскога акуня і розныя віды палтуса і камбалы».
У амерыканскі сегмент паставак таксама ўваходзяць Аргенціна і Уругвай, адтуль таксама пастаўляецца хек. А з Новай Зеландыі, напрыклад, імпартуюцца такія не зусім тыповыя віды рыбы, як ядомая акула-прывід, 3—4 віды доры і чырвоная траска.
Што тычыцца лагістыкі паставак, то ўся рыба ў Беларусь, калі гэта не Мытны саюз, гістарычна завозіцца праз адзін Клайпедскі порт у Літве.
Каментары