У Швейцарыі за шматлікія крадзяжы затрымалі чатырох хлопцаў, сярод іх і беларус
У Швейцарыі папярэдне затрыманыя чацвёра хлопцаў, падазраваных ва ўчыненні ажно 92 правапарушэнняў — двое швейцарцаў, касавар і беларус ва ўзросце 16 і 17 гадоў. Пра гэта паведамляе мясцовая паліцыя, на якую спасылаецца сайт «Беларусь і свет».
Маладых людзей, якія жывуць у швейцарскім кантоне Жэнева, падазраюць у злачынствах супраць уласнасці, сярод якіх у першую чаргу крадзяжы з узломам з аўтамабіляў, крадзяжы і спробы крадзяжу з узломам, крадзяжы ровараў і ровараў з маторам.
Сумарны кошт выкрадзенай маёмасці і памер нанесенай матэрыяльнай шкоды ацэньваецца ў 130 тысяч швейцарскіх франкаў. Па бягучым курсе гэта каля 145 тысяч долараў ЗША.
Правапарушэнні рабіліся на тэрыторыі кантона Вале. Так, у канцы лістапада 2022 года былі ўзламаныя 14 аўтамабіляў у горадзе Сьён. Пасля 61 выпадак быў зафіксаваны ў раёнах населеных пунктаў Брыг-Гліс, Натэрс і Бітч, яшчэ 7 — у даліне Матэрталь.
Пасля таго, як у сакавіку 2023 года хлопцаў затрымалі, стала вядома яшчэ пра 10 фактаў правапарушэнняў, пра якія раней не заяўлялася.
Каментары