Істэрыкі Прыгожына паказваюць, што Расія можа быць бліжэйшай да 1917 года, чым мы думаем
«Кухар Пуціна» нагадвае Рыгора Распуціна, а сама Расія хутка пачне бачыць наступствы свайго шавіністычнага ачмурэння, піша Васіль Гарбацюк.
Цяжка ўявіць сабе краіну Захаду, дзе военачальнік, а тым больш падчас вайны, дазваляе сабе выпады ў такой форме на адрас міністра абароны і кіраўніка Генштаба, якія сабе дазваляе на адрас Шайгу і Герасімава Яўген Прыгожын.
Зусім іншую карціну мы назіраем з украінскага боку фронту, дзе кіраўніцтва арміі, як і прэзідэнт, карыстаюцца самым высокім даверам грамадзян.
Фронда Прыгожына, а гэты былы крымінальнік запазычыў для сваіх выступаў стыль Уладзіміра Жырыноўскага, а абодва яны, у сваю чаргу, нібы сышлі са старонак Фёдара Дастаеўскага, вымушае згадаць паваротныя моманты расійскай гісторыі.
Найбольш «кухар Пуціна», які трапіў у бліжняе кола Уладзіміра Пуціна і стаў мільярдэрам, якому дазволілі ўзначаліць гіганцкую найманую армію, цяпер нагадвае іншага гістарычнага персанажа — Рыгора Распуціна, авантурыста, які здабыў вялізны ўплыў на царскі двор падчас Першай сусветнай вайны. Атачэнне кіраўніка Расіі ўрэшце ліквідуе гэтага выскачку, а хутка грымне Лютаўская рэвалюцыя.
У самога Прыгожына на языку тое, што ў іншых на думцы. Ëн пагражае адступленнем з Бахмута, называе сітуацыю крытычнай.
«На сёння мы прыходзім да таго, што ПВК «Вагнер» заканчваецца, ПВК «Вагнер» праз нейкі кароткі час перастане існаваць. Мы пойдзем у гісторыю. Нічога страшнага, так бывае», — прарочыць Прыгожын.
На погляд Прыгожына, «многія з тых, хто яшчэ ўчора падтрымліваў спецаперацыю, сёння знаходзяцца ў сумневах, альбо катэгарычна супраць таго, што адбываецца. Прадстаўнікам глыбіннай дзяржавы хочацца тэрмінова вярнуцца да свайго звычайнага жыцця, старых звычак і камфорту».
Такія людзі «на нарадах маўчаць, выказваюць свае сумневы. А пры прыняцці рашэнняў па бюракратычных працэдурах тармозяць тыя ці іншыя дзеянні, накіраваныя на перамогу ў гэтай вайне».
Гэтыя заявы вельмі нагадваюць пошук унутраных ворагаў, які распачаўся ў Пецярбургу, калі Першая сусветная паказала варты жалю стан расійскай арміі.
Кіраўнік ПВК «Вагнер» таксама ацэньвае стан расійскай арміі без аптымізму. Ці можа быць такое, што «ВСУ ўпруцца ў абарону РФ, панясуць сур'ёзныя страты, пасля чаго пачнецца каласальнае контрнаступленне войскаў РФ да межаў ДНР, або да Дняпра, ці ўвогуле да Польшчы»? Прыгожын адказвае далікатна: «Улічваючы сённяшнюю дынаміку і праблематыку, такое контрнаступленне, скажам мякка, не вельмі імавернае».
Прыгожын мяркуе, што больш рэальны іншы варыянт, калі «ўкраінская армія распачне контрнаступленне і дзесьці здолее прарваць абарону».
«У гэтым выпадку ў войску, якое гадамі сябе лічыла адным з найлепшых войскаў свету, могуць пачацца спачатку ўпадніцкія настроі, а потым сітуацыя дэградуе, як гэта ўжо было пасля прайграных войнаў пачатку ХХ стагоддзя — Фінскай, Японскай — і трагічных падзей 1917 года».
«Гэта можа прывесці да глабальных зменаў у расійскім грамадстве. Народ ужо шукае вінаватых у тым, што мы не самая моцная армія ў свеце, а ў гэтай сітуацыі будуць шукаць «крайніх», — засцерагае Прыгожын.
На пачатку Першай сусветнай расійскаму народу таксама абяцалі Берлін і вызваленне Святой Сафіі, толькі трохі паўднёвей.
Калі шавіністычны чад развейваецца, народ бачыць уласную беднасць і штабелі трупаў. Тыя, якія ўжо цяпер паказвае публіцы Прыгожын.
Ужо з сакавіка 2022-га, калі расіяне збеглі з-пад Кіева, многія прагназавалі, што ўкраінская вайна стане для Пуціна тым, чым была расійска-японская для Мікалая ІІ. Істэрыкі Прыгожына паказваюць, што 1905-м усё можа не абмежавацца.
Але маё пытанне: а Беларусь? Ці знойдуцца ў Беларусі сілы, здольныя скарыстацца момантам і здабыць для краіны незалежнасць і дэмакратыю, калі Расія аслабне? Ці знойдуць яны апірышча ў сілавых структурах Беларусі?
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары