На шыі і руках — шнары. Больш за 3 месяцы няма лістоў ад Ігара Лосіка
31-гадовага журналіста «Свабоды» палітвязня Ігара Лосіка ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу (ПКТ) Наваполацкай калоніі. Сюды Лосіка перавялі з штрафнога ізалятара, куды ён у сакавіку трапляў двойчы запар.
ПКТ — гэта камера ў калоніі з строгім рэжымам утрымання, куды змяшчаюць асуджаных за злосныя парушэнні парадку. Максімальны тэрмін утрымання ў ПКТ — 6 месяцаў. Вязні маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль цягам шасці месяцаў, мець штодзённы шпацыр — 30 хвілін, хадзіць на працу, чытаць. На які тэрмін Ігара Лосіка змясцілі ў ПКТ і што стала прычынай такога пакарання, невядома.
Лістоў Ігар Лосік па-ранейшаму не атрымлівае. Ні ад бацькоў, ні ад жонкі Дар’і, якая адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі, піша «Радыё Свабода».
Кожны дзень Ігар піша скаргі, што няма лістоў і што да яго не дапускаюць адваката. Адміністрацыя турмы на скаргі не адказвае.
У Лосіка цяпер няма адваката. Першы пад пагрозай рэпрэсій з'ехаў за мяжу. Другога пазбавілі ліцэнзіі. Трэцяга затрымалі паводле адміністрацыйнай справы 20 сакавіка — ягоны далейшы лёс невядомы. Чацвёрты на пачатку мая ў аднабаковым парадку скасаваў дамову з бацькамі Ігара.
Паводле крыніц «Свабоды», фізічны стан Ігара Лосіка здавальняючы. Але на яго шыі заўважныя два шнары: адзін даўжынёй каля 10 см, другі каля 7 см. На руках таксама два шнары.
У сакавіку праваабаронцы паведамілі, што палітзняволены журналіст «Свабоды» Ігар Лосік парэзаў сабе рукі і шыю ў штрафным ізалятары (ШІЗА) наваполацкай калоніі. Паводле нашых крыніц, парэзы былі даволі глыбокія, іх зашывалі. У санітарную частку, аднак, Ігара не паклалі, а вярнулі ў ШІЗА.
Псіхалагічны стан Ігара складаны, больш за тры месяцы ён у поўным інфармацыйным вакууме. Лосік нібыта просіць сустрэчы з псіхолагам, але псіхолага да зняволенага таксама не дапускаюць.
Палітвязень Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года, у снежні 2021-га яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі.
Больш за 3 месяцы няма вестак ад палітзняволеных Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Паўла Севярынца.
Каментары