Каардынатар па стратэгічных камунікацыях Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі на брыфінгу ў сераду чарговы раз растлумачыў пазіцыю Злучаных Штатаў па вядзенні баявых дзеянняў на тэрыторыі Расіі.
Па словах Кірбі, ЗША не ўказваюць Украіне, па якіх цэлях біць, а па якіх не біць, гэтак жа не ўказваюць, як украінскія сілы павінны весці баявыя дзеянні, піша «Еўрапейская праўда».
«Мы забяспечваем іх навучаннем, абсталяваннем, парадамі — і мы нават разам з імі займаемся сітуацыйным мадэляваннем, каб дапамагчы планаваць далейшыя дзеянні», — падкрэсліў ён.
«Але менавіта прэзідэнт Зяленскі і вайсковае кіраўніцтва вырашаюць, што рабіць з ваеннага пункту гледжання. І менавіта яны вырашаюць, што рабіць з узбраеннем, якое ім далі і якое цяпер знаходзіцца ў іх уласнасці», — падкрэсліў прадстаўнік Белага дома.
Кірбі, аднак, дадаў, што ЗША «вельмі выразна заяўлялі ўкраінцам і ў прыватным, і ў публічным парадку», што не падтрымліваюць атакі ўнутры Расіі і не хочуць, каб яны ажыццяўляліся з выкарыстаннем амерыканскай зброі.
Асобна ён заявіў, што Вашынгтон атрымаў запэўненні невыкарыстання ў будучыні знішчальнікаў F-16 для ўдараў па РФ: «І гэтыя запэўненні ў нас ёсць на розных узроўнях: не толькі з боку Зяленскага, але і ад іншых чыноўнікаў абароннага сектара ва Украіне».
Нагадаем, раніцай 30 мая, паводле розных звестак расійскіх СМІ, ад 25 да 32 беспілотнікаў атакавалі Маскву. У выніку атакі было пашкоджана, прынамсі, два шматпавярховыя дамы, паведамляецца, што большасць дронаў збілі на падлёце да расійскай сталіцы.
Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі, каментуючы ўдары дронаў у Маскве, заявіў, што Украіна мае законнае права абараняцца і можа «выкарыстоўваць сілу за сваімі межамі».
Каментары