Грамадства11

«Калі я загіну, пахавайце мой попел пад любым дубам». Пабрацім згадвае Міраслава Лазоўскага

Адзін з заснавальнікаў «Белага легіёна» Міраслаў Лазоўскі загінуў 16 мая ў баях пад Бахмутам. Яму было 49 гадоў. Лазоўскі ваяваў у складзе палка імя Кастуся Каліноўскага. Пра свайго пабраціма і па «Белым легіёне», і па палку Каліноўскага «Свабодзе» пагадзіўся расказаць добраахвотнік «Дуб».

Беларускі добраахвотнік «Дуб» (злева) і Міраслаў Лазоўскі. Архіўнае фота

«Нібыта ён сталёвы»

— Які ў вас першы ўспамін быў пра Міраслава?

— Мы пазнаёміліся ў 2001 годзе. Потым сябравалі, нават больш, чым сябравалі. Ён мне быў як старэйшы брат, з якім заўсёды можна было параіцца, атрымаць ад яго параду. Ягоная думка для мяне было звышаўтарытэтнай. Менавіта ягонае слова для мяне было вырашальным: калі Мірык казаў, што «гэта лухта», то я ўсё адмяняў.

— Пасябравалі менавіта ў «Белым легіёне»?

— Так, Мірык быў адным з першых людзей, каго я там сустрэў. Ён быў камандзірам менскага аддзела, мы былі пад ягоным камандаваннем. Столькі гадоў прайшло, а ён усё адно заставаўся такім самым, хоць з барадой, хоць без. У яго была такая паходка, якую немагчыма не пазнаць, нібыта ён рассякае прастору, вельмі ўпэўненая. Сілы ў яго таксама не паменшала, хаця здароўе апошнім часам і было не самым лепшым. На яго глядзіш — нібыта ён сталёвы. Каржакаваты, як той дуб. Магчыма, гэта яму трэба было ўзяць пазыўны «Дуб».

— А чаму, дарэчы, ён выбраў пазыўны «Мыш»?

— Я магу патлумачыць, але Мірык не вельмі любіў, калі нешта асабістае выходзіла ў грамадскую прастору. Гэта вельмі прыгожая рамантычная гісторыя, вельмі прыватная. Хай гэта застанецца з ім. Як раней рыцары прысвячалі прыгожым жанчынам свае перамогі, то гэта з той самай серыі.

— Беларускасць для Міраслава заўсёды была прынцыповай пазіцыяй?

— Гэта не пазіцыя, а лад жыцця. Ён жыў Беларуссю, гісторыяй. Калі на яго паглядзець, то можна разгледзець усе стагоддзі беларускай гісторыі. Я мог уявіць, што такі Мірык мог быць у дружыне Рагвалода, у Яна Караля Хадкевіча ў крылатых гусарах, мог быць слуцкім паўстанцам у 1920 годзе. Ён такі архетып беларускага ваяра-шляхціча.

— Міраслава шмат разоў затрымлівалі ў Беларусі з розных прычын. Гэта яго не ламала?

— Натуральна, не ламала. Ён выбраў сабе шлях адданага нацыяналіста яшчэ ў 1990-я і кіраваўся ім, нікуды не зварочваў.

Развітанне з Міраславам Лазоўскім у Кіеве

«Шалёныя беларусы»

— Рашэнне ехаць на вайну вы прымалі разам?

— Мы не ехалі, а ішлі. Калі пачалася вайна, то 25 лютага мы былі ўжо ў «Азове» ў роце «Крука». Мы сазваніліся з Паўлам «Волатам» (Суслаў, загінуў у траўні 2022-га. — РС), ён сказаў, каб ішлі адразу да яго. Мы рыхтаваліся, бо разумелі, што вайна будзе, а калі і не будзе, то трэба рыхтавацца да вызвалення Беларусі. Праводзілі навучанне для беларусаў, вучылі розную тэхніку работы са зброяй, хадзілі на трэнаванне «Азова». Калі ж пачалася вайна, то ў нас была дамоўленасць, што сустракаемся разам у сябра і адтуль высоўваемся. У тэрабарону нас не ўзялі, бо мы беларусы. 25 лютага мы прарываліся ў Кіеў з Ірпеня, ужо ляталі варожыя самалёты, страляніна. Мы ў Кіеў ішлі ўчатырох. Масты былі падарваныя, нас падабраў хлопец-украінец, вывез з Ірпеня. Мы адзіныя тады, здаецца, ехалі ў Кіеў, іншыя машыны — з Кіева. Шалёныя беларусы. У сталіцы мы ўжо пайшлі да Пашы «Волата», сталі падцягваць іншых беларусаў па сваіх каналах. Потым ужо Ян «Беларус» Мельнікаў прыйшоў да нас з прапановай ствараць беларускі падраздзел.

— У батальёне Каліноўскага, такім чынам, вы таксама былі ад моманту стварэння?

— Так, фактычна ўсё і пачалося з таго, што аб’ядналіся мы і тактычная група «Пагоня». Спачатку былі асобным узводам у складзе ўкраінскай роты, потым самі сталі ротай, а ўжо пасля дараслі да батальёна.

«Мірык сябе не шкадаваў»

— Міраславу не цяжка было, усё ж 48 гадоў?

— Мірык ніколі не скардзіўся на сваё здароўе. Я адзін раз толькі яго бачыў вельмі стомленым. Гэта было, калі мы выходзілі з Лазавога (аперацыя прарыву расейскай абароны ў Мікалаеўскай вобласці летам 2022-га. — РС), за дзень тады прамаршыравалі каля 40 кіламетраў у поўнай выкладцы, пасля бой, наступ, цягнулі зброю, цягнулі параненага нашага камандзіра. А камандзір быў зусім не лёгкі. Мірык пасля пераправы ў выніку проста сеў у куце хаты ў адным мястэчку, якое было пад шчыльным абстрэлам, потым прылёг. Я пытаюся: «Мірык, ці будзем забіраць рэчы, якія пакінулі на тым беразе?» Адказвае, што не, я больш не магу. А так ён цягнуў.

Неяк пасля Запарожжа выехаў у Кіеў трошку палячыцца. Доктар на яго паглядзеў: «Ты дурань ці што? Нельга так да свайго здароўя ставіцца». Мірык сябе не дужа шкадаваў. Як і ва ўсіх справах, за якія ён браўся, аддаваўся цалкам. Калі працаваў у «Кнігазборы», то ведаў усе кнігі, усіх літаратараў. Мірык не дужа паважаў лічбавую інфармацыю, аддаваў перавагу папяровай кнізе. Бывала, што яму трэба было ўсталяваць нейкую праграму, дык мне ўпіхваў тэлефон: «На, «Дуб», разбярыся, зрабі, каб усё працавала добра». У яго дома была шыкоўная бібліятэка, вялізны стос кніг, сшыткаў на стале заўжды ляжаў. Ён там нешта пісаў, маляваў, перамалёўваў. Ён не быў гісторыкам ні па адукацыі, ні па прафесіі, але кансультаваў прафесійных гісторыкаў.

— Міраслаў на вайне браў удзел ва ўсіх аперацыях? Не «мінусаваў» іх?

— Ён прайшоў увесь шлях, куды толькі можна было трапіць. Калі ў нас была сітуацыя ў Лазавым, калі частка штаба адмаўлялася ўдзельнічаць у аперацыі, то Мірык казаў: «А хто мне яны такія? Я ўкраінскі жаўнер і маю каманду ад сваіх камандзіраў. Я прыехаў ваяваць і буду ваяваць». Калі я сыходзіў з палка, то ён сказаў, паглядзім, можа, я таксама толькі да зімы і сыду. А пасля казаў ужо: «Куды я пайду, на каго хлопцаў пакіну сваіх?»

На яго моцна паўплывала смерць Пашы «Волата». Яны сябравалі яшчэ да вайны, паважаў яго як сапраўднага ваяра. У батальёне «Волат» усе байцы магутныя, былі тры сапраўдныя волаты — сам «Волат», «Брэст» (Іван Марчук, загінуў у чэрвені пад Лісічанскам. — РС) і «Мыш». На развітанні з «Волатам» ён хадзіў вельмі задуменны, потым сказаў: «Калі загіну, то не трэба ўрачыстых развітанняў, а проста пахавайце мой попел пад дубам. Калі ў Беларусі не атрымаецца, то пад любым дубам».

За гэты час, мне здаецца, Мірык спасціг сутнасць вайны. Нашы продкі ліцвіны-гусары любілі і леапардавыя скуры, і крылцы, я таксама нечым такім грашыў. Мірык жа на сваёй форме пакінуў мінімум — бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Украіны. Ён проста выконваў свае функцыі, усё прадумваў да дробязяў.

«Мог адкласці ўбок кнігу і ўзяць у рукі аўтамат»

— Мне казалі, што ён адмаўляўся ад розных пасадаў. Гэта сціпласць не дазваляла?

— Ён лічыў, што лепш будзе добрым камандзірам сярэдняга звяна, чым не вельмі добрым камбатам. Ён лічыў, што не дарос да такіх пасадаў, як камандзір палка ці батальёна. Хаця я лічу, што ягонага разумення жыцця, адукацыі і досведу вайсковага для гэтага б хапіла. Калі б ён узяўся за справу, то зрабіў бы, як заўсёды, — дасканала і добра.

— З Бахмута ён вам пісаў, што там адбывалася?

— Я ведаю, што іх павінны былі выводзіць з-пад Бахмута, заставалася некалькі дзён. Не дайшоў 50 метраў, не дажыў пару дзён — моцна гэта адбіваецца. З Бахмута мы перапісваліся, але я чакаў, калі ён выйдзе, каб нармальна паразмаўляць. Калі табе сто чалавек штодня пішуць, як ты маешся, то гэта раздражняе, я таму часта не пісаў. Адпісваўся раз на некалькі дзён, ці жывы, ён адпісваў, што ўсё ок, на гэтым размова канчалася.

— У Міраслава быў вялікі аўтарытэт унутры батальёна?

— Не толькі ўнутры батальёна. Мірык быў эталонам таго, каго хацеў бы бачыць у сваіх шэрагах «Белы легіён». Гэта быў сапраўдны інтэлігент, які мог адкласці ўбок кнігу і ўзяць у рукі аўтамат. Гэта чалавек высокіх маральных прынцыпаў, добрай фізічнай сілы, вялікай дабрыні, цудоўны сябра. Развіты быў усебакова, апроч хіба сучасных гаджэтаў. Гэта быў сапраўдны «легіянер».

Каментары1

  • Эюя
    01.06.2023
    Той, хто думае што Полк прынясе нейкую хунту ў Беларусь, пачытайце і закусіце языкі.

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевіч сцвярджае, што сабраў 100 тысяч подпісаў11

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага8

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →